Ясень (горад)
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Ясень[1] (польск.: Jasień, ням.: Gassen) — горад на захадзе Польшчы. Размешчаны за 500 км на захад ад Варшавы і за 45 км на паўднёвы захад ад Зялёнай Гуры. Уваходзіць у склад Жарскага павета Любушскага ваяводства, сядзіба вяскова-гарадской гміны Ясень. Займае плошчу 4,79 км². Насельніцтва 4,3 тыс. чалавек.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ясень быў заснаваны лужыцкімі сербамі. Першая пісьмовая згадка пра паселішча адносіцца да 1000 года, калі імператар Атон III перадаў вясковае селішча Гозенна (старадаўні Ясень) кляштару ў Нінбургy. У наступныя стагоддзі назва паселішча з’яўляецца ў дакументах 1012, 1170 і 1216 гадоў — пад назвай Гозева.
З 1321 да 1642 года Ясень (тагачасная назва — Гасэн) знаходзіўся ва ўласнасці шляхецкага роду фон Відэбах. Пасля смерці Каспара фон Відэбаха вёску атрымала ў спадчыну яго ўдава Марыянна, якая пазней выйшла замуж за Уладзіслава Шыманскага. Ён набыў таксама іншыя землі, што раней належалі роду фон Відэбах, і аб’яднаў іх у маёнтак з цэнтрам у Ясені.
У 1652 годзе Рудольф фон Бюнаў перасяліў у Ясень пратэстантаў, якія пакінулі Шлесвіг і Маравію з-за рэлігійных пераследаў. Яны пасяліліся на гаспадарках, што былі знішчаныя падчас Трыццацігадовай вайны (1618—1648). У 1656 годзе фон Бюнаў быў прызначаны старостам Ніжніх Лужыц. У выніку пратэстанцкай міграцыі колькасць насельніцтва павялічылася, з’явіліся новыя рамёствы і прафесіі.
24 студзеня 1660 года герцаг саксонска-мэрзэбургскі Хрысціян І надаў Ясеню, у якім тады жыло каля 300 чалавек, статус горада. Новы статус даваў правы на самакіраванне, цэхавыя прывілеі і «мільнае права»: усе кірмашы, складзі, карчмы і пякарні ў радыусе мілі ад горада знаходзіліся ў ягонай юрысдыкцыі. Аднак насельніцтва заставалася невялікім: у 1708 годзе ў горадзе было зарэгістравана 47 мужчын ва ўзросце ад 12 да 60 гадоў, а ў 1755 — 98 мужчын.
У 1731 годзе ў Ясені здарыўся вялікі пажар, які амаль цалкам знішчыў горад. Тым не менш, горад быў адноўлены: з’явіліся мураваныя дамы, а ў 1733 годзе пачалося будаўніцтва касцёла, які існуе дагэтуль.
Пасля 1738 года для Ясеня надышоў менш спрыяльны перыяд. Дынастыя саксонска-мэрзэбургскіх герцагаў спыніла сваё існаванне, і Ніжнія Лужыцы перайшлі пад кіраванне Саксонскага курфюрства, якое тады ўдзельнічала ў Сілезскіх войнах. У гэты час у Ясені размяшчаўся саксонскі вайсковы гарнізон. Мясцовыя жыхары хаваліся ў дваранскай сядзібе, якая была вымушана плаціць кантрыбуцыі і забяспечваць воінскія павіннасці. У выніку гаспадарка значна заняпала. Маёнтак пачалі прадаваць, і на працягу наступных 150 гадоў ён пераходзіў з рук у рукі.
Нягледзячы на складанае становішча, у 1764—1780 гадах у Ясені быў пабудаваны палац з гаспадарчымі пабудовамі і садам (цяпер на месцы сада стаяць два жылых дамы). У 1881 годзе горад набыў гэты маёнтак у спадкаемцаў роду фон Рабенаў за 285 тысяч марак. Палац быў пераўтвораны ў гарадскую ратушу.
На ўскрайку Ясеня з верасня 1944 года да 12 лютага 1945 года дзейнічаў працоўны лагер — філіял нямецкага канцлагера Грос-Розэн. У ім утрымлівалася каля 700 вязняў, пераважна палякаў, якіх выкарыстоўвалі ў мясцовых авіяцыйных майстэрнях кампаніі Focke-Wulf для вырабу дэталяў да самалётаў. Пасля ліквідацыі лагера вязняў перавялі ў Бухенвальд, і ў выніку цяжкіх умоў пераходу загінула як мінімум 120 чалавек.
У 1945 годзе Ясень быў уключаны ў склад Польшчы. Мясцовае насельніцтва было выселена, а на яго месца перасялілі палякаў з усходніх тэрыторый. Большасць сучасных жыхароў Ясеня — гэта перасяленцы або іхныя нашчадкі. У 1975—1998 гадах горад уваходзіў у склад Зяленагурскага ваяводства.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ясень (горад)
- Афіцыйная старонка горада