Перайсці да зместу

Яфім Сямёнавіч Мінін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Яфім Мінін)
Яфім Сямёнавіч Мінін
Фатаграфія
Дата нараджэння 8 (20) кастрычніка 1896
Месца нараджэння
Дата смерці 29 снежня 1937(1937-12-29) (41 год)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, экслібрысіст
Жанр гравюра, жывапіс, афармленне кніг, экслібрыс, дрэварыт
Вучоба Віцебская школа-майстэрня Іегуды Пэна
Уплыў на Лазар Ран, Уладзімір Сакалоў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Яфі́м Сямёнавіч Мі́нін (8 (20) кастрычніка 1896, Сураж — 29 снежня 1937[1], Віцебск, НКУС) — беларускі мастак.

З мяшчанскай стараверскай сям’і.

Выпускнік Віцебскага камерцыйнага вучылішча (1915). Вучыўся ў Петраградскім Лясным інстытуце. У маі 1916 года прызваны ў войска, скончыў паскораны курс у Міхайлаўскім артылерыйскім вучылішчы ў Петраградзе, прапаршчык лёгкай палявой артылерыі.

Пасля вайны вярнуўся ў Віцебск, вучыўся ў Школе жывапісу і малюнка Іегуды Пэна. Выкладаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы (1920—1937). У 1927 годзе жыў у Віцебску па адрасе: вул. Леніна, д. 32.

Займаўся гравюрай, жывапісам, ілюстраваў кнігі.

У 1933 годзе ў часопісе «Мастацтва і рэвалюцыя» і іншых выданнях з’явіўся артыкул «Аб рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму ў творчасці мастака Мініна»[2] аўтарства Віталя Зэйдэль-Вольскага. У тэксце даводзілася, што Мінін займаецца класавым шкодніцтвам.

Віталь Зэйдэль-Вольскі пісаў:

«Экслібрыс, зроблены для Шлюбскага, характэрны сваім голым этнаграфізмам. У цэнтры яго знаходзіцца курган. З левага боку кургана сядзіць стары селянін і грае на цымбалах. На кургане сядзіць таксама стары і грае ў дуду. Побач з ім яшчэ адзін стары ў саламяным капялюшы стаіць і грае на трубе. Нацдэм Шлюбскі з задавальненнем знаходзіў у гэтых экслібрысах работы Мініна яскравыя адбіткі беларускага „нацыянальнага адраджэння“».

Арыштаваны 1 лістапада 1937 года ў Віцебску па адрасе: вуліца 1-я Ветэрынарная, д. 34. Асуджаны 19 лістапада 1937 года асобай нарадай пры НКУС СССР як «член ПАВ» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Віцебску. Рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА 19 мая 1958 года. Групавая справа Мініна і іншых № 4105-П захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобласці.

Экслібрыс М. Каспяровіча (1925)
Экслібрыс Аляксандра Шлюбскага (1926)
Я. Мінін «Ільінская царква ў Віцебску», 1927 г.
  • «Стары Віцебск» (1926-28, серыя дрэварытаў)
  • «Помнікі драўлянага дойлідства Беларусі» (1927—1928, серыя дрэварытаў)
  • «Вайна» (1932)
  • «Цэх Віцебскай фабрыкі акуляраў» (1935, алей)
  • экслібрысы

Творы захоўваюцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску, ДМВМ у Маскве. Экслібрысы Мініна экспанаваліся на выстаўцы Міжнароднага таварыства кніжнага знака (1928, Лос-Анджэлес).

  • Шматаў В. Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг., Мн., 1975
  • Ю. М. Пэн, Научно-популярное издание, Мн., 2006, С.173
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — 751 с. — 10 000 экз.
  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. Т. 5: Биографический справочник / Редкол. И. П. Шамякин (гл. редактор) и др. — Мн.: БелСэ им. П. Бровки, 1981. — Т. 5. — 740 с., ил. — 50 000 экз.