Паганскія гаворкі з Нарава
Пага́нскія гаво́ркі з На́рава (польск.: Pogańskie gwary z Narewu) або Яцвя́жскі сло́ўнічак — рукапісны пералік слоў балцкага паходжання з перакладам на польскую мову.
Доўгі час яцвяжская мова вывучалася выключна на аснове абмежаванага анамастычнага матэрыялу, пакуль не быў знойдзены і апублікаваны гэты слоўнік, які стаў важнай крыніцай для даследаванняў заходнебалцкай лінгвістыкі.
Гісторыя знаходкі і публікацыі
[правіць | правіць зыходнік]
Матэрыял быў знойдзены ўлетку 1978 года (паводле іншых звестак, у 1985 годзе[1]) ў беларускай частцы Белавежскай пушчы, на хутары на захадзе ад паселішчаў Роўбіцк і Крыніца (цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці). Аматар і збіральнік даўніны Вячаслаў Зінаў набыў у мясцовага хутараніна кнігу — зборнік малітваў на лацінскай мове, у канцы якога было прыплецена некалькі рукапісных аркушаў. На пачатку гэтых старонак утрымліваўся загаловак «Pogańskie gwary z Narewu» («Паганскія гаворкі з Нарава»). На хутар у Белавежскай пушчы кнігу прывезлі ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі з мястэчка Белавежа (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы).
Вячаслаў Зінаў перапісаў гэты слоўнічак у асобны сшытак. Неўзабаве ён пайшоў у войска, і за гэты час яго бацькі выкінулі арыгінальную кнігу. Захавалася толькі копія слоўнічка, якую Зінаў даслаў на кафедру літоўскай мовы Віленскага ўніверсітэта. Там гэтым матэрыялам зацікавіўся вядомы літоўскі мовазнавец Зігмас Зінкявічус.
Матэрыял слоўнічка, які налічвае 215 слоў, быў упершыню апублікаваны З. Зінкявічусам у 1984 годзе ў акадэмічным выданні «Балто-славянские исследования»[2]. Фотакопія рукапісу Зінава з’явілася ў літоўскім мовазнаўчым часопісе «Baltistica» у 1985 годзе[3]. У 1987 годзе былі апублікаваныя шматлікія водгукі іншых мовазнаўцаў на гэтую знаходку[4]. У жніўні 2018 года, да 40-годдзя знаходкі слоўнічка, выйшлі тэматычныя публікацыі ў газеце «Наша слова»[5] і ў пружанскай раённай газеце «Раённыя будні»[6].
Крытыка і пытанне аўтэнтычнасці
[правіць | правіць зыходнік]
Гісторыя знаходкі і сам змест слоўніка выклікалі ў навуковых колах шматлікія дыскусіі і падазрэнні ў фальсіфікацыі. Асноўнай прычынай скепсісу стала фізічная страта арыгінала. Як адзначаў французскі лінгвіст Даніэль Пеці, парадокс гэтага ўнікальнага дакумента заключаецца ў тым, што ён спарадзіў адносна мала даследаванняў, нібыта навукоўцы неахвотна браліся за яго вывучэнне з-за «праблемнай гісторыі рукапісу»[1]. Паводле яго слоў, каб канчаткова развеяць падазрэнні ў тым, што слоўнік з’яўляецца сучаснай падробкай, неабходна было б атрымаць доступ да арыгінальнага сшытка Зінава, знайсці і апытаць самога копіумта, а таксама сабраць максімум дадзеных пра матэрыяльную перадачу тэксту[1].
Крытыка лінгвістаў таксама тычыцца шматлікіх незразумеласцей і скажэнняў у тэксце. Амерыканскі даследчык Уільям Шмальстыг звяртаў увагу на наяўнасць адразу некалькіх узроўняў нявызначанасці: балцкая мова (з дамешкам германізмаў) першапачаткова ўспрымалася і запісвалася на польскі слых, пасля чаго магла быць скажоная памылкамі самога перапісчыка Зінава. Неразуменне чужой фанематычнай сістэмы магло прывесці да значных дэфармацый зыходных слоў[7].
З. Зінкявічус гэтаксама адзначаў, што некаторыя словы ў рукапісе наогул незразумелыя або цяжка паддаюцца тлумачэнню. Акрамя таго, здзіўленне даследчыкаў выклікаў той факт, што ў тэксце прысутнічаюць толькі тры відавочныя паланізмы, але пры гэтым налічваецца каля васямнаццаці германізмаў. На падставе гэтага нямецкі лінгвіст Вольфганг Шмід выказаў гіпотэзу, што гэтыя «германізмы» насамрэч з’яўляюцца элементамі паўночна-ўсходняга ідыша, а інфарматарам мог быць яўрэй. З. Зінкявічус, аднак, палічыў гэтую ідэю цікавай, але малаверагоднай, бо ў слоўніку адсутнічаюць гебраізмы, ды і цяжка ўявіць такога інфарматара ў кампаніі каталіцкага святара[7].
З-за фрагментарнасці запісаў і магчымых скажэнняў З. Зінкявічус не адважыўся безумоўна аднесці мову слоўніка ні да яцвяжскай, ні да літоўскай. Ён прапанаваў тры магчымыя гіпотэзы паходжання помніка: па-першае, гэта магла быць мясцовая яцвяжская гаворка, якая зведала моцны ўплыў літоўскай мовы; па-другое, гэта магла быць літоўская мова, што развілася на надзвычай моцным яцвяжскім субстраце; па-трэцяе, складальнік слоўніка мог проста не адрозніваць яцвяжскія і літоўскія словы, фіксуючы сумесь дзвюх моў, якія на той час у гэтым рэгіёне былі шмат у чым падобныя[8].
Нягледзячы на ўсе сумненні, існуюць важкія аргументы супраць версіі аб свядомай фальсіфікацыі. Польскі лінгвіст Кшыштаф Томаш Вітчак адзначаў, што лінгвістычная калька, засведчаная ў пост-яцвяжскім тапанімічным арэале (напрыклад, пераклад назвы «Windobała» як «Wiatrołuża»), дакладна пацвярджаецца дадзенымі слоўніка Зінава, хоць у навуцы 1980-х гадоў гэты факт быў цалкам невядомы. Акрамя таго, некаторыя тапонімы (як возера Койле каля Сувалак, што азначала «ціхае возера») можна карэктна растлумачыць толькі дзякуючы гэтаму слоўніку, дзе прысутнічае слова «kajłi» (ціха). Яшчэ адным доказам аўтэнтычнасці з’яўляецца адлюстраваная ў тэксце дэпалаталізацыя палаталізаваных складовых санорных пасля балцкага зычнага «*v» на ранняй стадыі (напрыклад, «wułk∫» ад «*wilkas» і «wułd» ад «*wiltēi»). Гэтая ўнікальная фанетычная з’ява была абсалютна невядомая лінгвістам да публікацый З. Зінкявічуса. Паводле Вітчака, гіпатэтычны фальсіфікатар мусіў быць геніяльным балта-славянскім дыялектолагам, які пераўзыходзіў бы ўсіх тагачасных спецыялістаў, што робіць імавернасць падробкі мізэрнай[9].
Лексічныя паралелі і асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]У слоўнічку меркаванай яцвяжскай мовы чакалася б мноства паралеляў з прускай мовай, але аказалася вельмі мала лексікі, якую можна назваць выключна заходнебалцкай. Значная частка слоў з’яўляецца супольнай адначасова з прускай і з літоўскай (а нярэдка і з латышскай) мовамі. Адзначаецца таксама дзіўна вялікая колькасць прамых паралеляў выключна з латышскай мовай, што ставіць перад даследчыкамі пытанне пра магчымасць прамых тэрытарыяльных кантактаў у мінулым.
Сярод выключных паралеляў паміж мовай слоўнічка і прускай мовай сустракаюцца такія адзінкавыя прыклады, як слова «kajli» (ціха), якое перагукаецца з прускім «kails» (здаровы), дзе мяркуецца семантычная эвалюцыя ад «здаровы» да «ціхі». Таксама прысутнічае слова «tarmi» (гарачыня), якое паўтарае прускае «gorme» ў асаблівым вымаўленні з пераходам пачатковага «g» у «t», і слова «nau» (новы), што адпавядае прускаму «naws». У лексіцы слоўнічка прысутнічае і значная доля запазычанняў з германскіх моў. Вылучаюцца і пэўныя паўднёваславянскія паралелі: напрыклад, яцвяжскае «radid» (працаваць) звязана з сербска-харвацкім «радити», што працягвае шэраг вядомых перагукаў прускіх слоў з паўднёваславянскай лексікай. Лацінскае «serpens» адлюстравана ў яцвяжскім «serpine» (змяя).
Уласна «яцвяжскае» развіццё ў рамках балцкага лексічнага матэрыялу дэманструюць такія словы, як «weda» (дарога), якое паходзіць ад прускага «weddа» і літоўскага «vesti» (весці). Слова «dumo» (цемра) паходзіць ад прускага «dumis» і літоўскага «dūmas» (дым), пры гэтым месца паняцця «дым» у слоўніку заняло слова «ars», роднаснае літоўскаму «oras» (паветра). Назоўнік «wir(i)ba» (жанчына) утвораны ад кораня са значэннем «мужчына» (прускае «wirs», літоўскае «vyras») з дапамогай суфікса «-(i)ba-», які ў літоўскай мове звычайна выкарыстоўваецца для ўтварэння аддзеяслоўных назоўнікаў[10].
Прамыя індаеўрапейскія адпаведнікі маюць словы «nomas» (імя), «(а)sirga» (кроў), «kar» (што), «mard» (чалавек). Апошняе слова цесна звязанае з іранскім абазначэннем чалавека як «смяротнага» і перагукаецца з іранска-індаеўрапейскай назвай фінскамоўнага племені мардва на Ніжнім Павоччы. Гэты перагук лічыцца вельмі каштоўным з-за наяўнасці на Ніжнім Павоччы згушчэння гідранімічных балтызмаў, сярод якіх рака Сезельда, што пераклікаецца з назвай ракі Ясельда (утрымлівае яцвяжскі элемент «-da» ад «*udā» — вада, рака[11]).
Тэонімы
[правіць | правіць зыходнік]У лексіцы слоўнічка засведчаныя тры важныя тэонімы: Пяркус, Лаўме і Туоліс.
Тэонім «Pjarkus» (Пярун) утвораны бессуфіксальным чынам, што адрознівае яго ад літоўскага «Perkūnas» і прускага «Perkuns», у якіх прысутнічае суфікс «-un-». Побач з ім у тэксце згадваецца тэонім «Laume», і абодва яны маюць пазнаку «паганскія» (польск.: pogańskie). Слова «лаўма» ў пазнейшым зніжаным значэнні «ведзьма» сустракаецца не толькі ў Літве, але і на Смаленшчыне (паводле запісаў фалькларыста У. Дабравольскага[12]). Першапачаткова гэта было імя агульнабалцкай багіні-парадзіцелькі, якое ўзыходзіць да індаеўрапейскага кораня «*leudh-» са значэннем «расці»[13].
Тэонім «Tuolis», якім у слоўніку пазначаецца чорт (адпачатна — імя падземнага боства), мае беспрыставачны выгляд і перагукаецца з іменем прускага бога падзем’я «Pa-tals», у якім корань «tal-» пашыраны прыстаўкай «pa-» (прыставачны спосаб утварэння тэонімаў быў вельмі папулярны ў прусаў[14]). Гэты тэанімічны раздзел уяўляе велізарную каштоўнасць для балцкай міфалогіі.
Фанетыка
[правіць | правіць зыходнік]
У мове слоўнічка фіксуецца шэраг асаблівых фанетычных змен, якіх не ведаюць іншыя вядомыя балцкія мовы. Напрыклад, існуе перагук з індаеўрапейскай албанскай мовай: «яцвяжскае» пачатковае «t» сустракаецца там, дзе ў іншых балцкіх мовах стаіць «g» (як у словах «tarmi» насупраць прускага «gorme» або «terd» насупраць літоўскага «gerti» — піць). Пасля дыфтонга «-au-» глухі зычны азванчаецца: літоўскае «pautas» ператвараецца ў яцвяжскае «paud» (яйка). Азванчэнне глухога зычнага ў лексіцы слоўнічка з’яўляецца вельмі частай з’явай. Іншай спецыфічнай рысай з’яўляецца спрашчэнне пачатковага «*pl-» да «*l-», як у слове «laugi» (валасы), што паходзіць ад літоўскага «plaukai»[4].
Водгукі
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы лінгвіст і балтыст Уладзімір Тапароў пакінуў наступны водгук на знаходку «Яцвяжскага слоўнічка»:
| Сам слоўнічак зрабіў на мяне вельмі глыбокае ўражанне бясспрэчнай сапраўднасці і арыгінальнасці. Больш за тое, ён фіксуе тую стадыю ў развіцці яцвяжскай мовы (і/або тую гаворку), пра якую паводле наяўных рэштак гэтай мовы мы не мелі ніякага ўяўлення. Таксама цікавыя і павучальныя ў слоўнічку як індаеўрапейскія архаізмы, якіх няма ў вядомым балцкім матэрыяле, так і сляды пазнейшых кантактаў (з нямецкай мовай). Вельмі нетрывіяльныя некаторыя словаўтваральна-марфалагічныя рысы. Нарэшце, асаблівую цікавасць уяўляюць асобныя факты, што кідаюць святло на пераходныя працэсы ад балцкай стадыі да праславянскай. |
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 Petit 2015, с. 267.
- ↑ Зинкявичюс 1984, с. 3—29.
- ↑ Zinkevičius 1985, с. 61—81.
- 1 2 Орел, Хелимский 1987, с. 121—134.
- ↑ Наша слова. № 34 (1393), 22 жніўня 2018 г. С. 2.
- ↑ Раённыя будні. № 59 (10111), 8 жніўня 2018 г. С. 8.
- 1 2 Schmalstieg 2003, с. 41—56.
- ↑ Zinkevičius 1985, с. 193—194.
- ↑ Witczak 2015, с. 43—44.
- ↑ Skardžius 1996, с. 90—98.
- ↑ Būga 1923, с. 100.
- ↑ Добровольский 1891, с. 141.
- ↑ Топоров 1990, с. 156—169.
- ↑ Топоров 1980, с. 84.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Зинкявичюс З. Польско-ятвяжский словарик? // Балто-славянские исследования 1983 : зборнік. — Масква: 1984. — С. 3—29.
- Zinkevičius Z. Lenkų-jotvingių žodynėlis? // Baltistica : часопіс. — 1985. — Т. XXI. — № 1. — С. 61—81.
- Орел В. Э., Хелимский Е. А. Наблюдения над балтийским языком польско-«ятвяжского» словарика // Балто-славянские исследования 1985 : зборнік. — Масква: 1987. — С. 121—134.
- Witczak K. T. “The Pagan dialects from Narew” in the light of Yatvingian onomastic remnants // Baltic from an Indo-European perspective : зборнік. — 2015. — С. 43—44.
- Petit D. William R. Schmalstieg. Studies in Old Prussian // Acta Linguistica Lithuanica : часопіс. — 2015. — Т. LXXII. — С. 263—268.
- Schmalstieg W. R. A few comments on the phonology of the Jatvingian glossary // Res Balticae : часопіс. — 2003. — № 9. — С. 41—56.
- Топоров В. Н. Прусский язык. L. — Масква, 1990.
- Топоров В. Н. Прусский язык. I-K. — Масква, 1980.
- Skardžius P. Rinktiniai raštai. — Vilnius, 1996. — Т. 1.
- Būga K. Jotvingių žemės upių vardų galūnė -da // Tauta ir žodis : часопіс. — 1923. — Т. 1. — С. 100.
- Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник. — Санкт-Пецярбург, 1891.