Цела высокае. Першы спінны плаўнік размешчаны на галаве і складаецца з трох калючак. Першая калючка мадыфікаваная ў кароткі іліцый з эскай на канцы. Другая калючка злучаная скурыстай перапонкай з трэцяй калючкай, яны ўтвараюць грэбень. Другі спінны плаўнік даволі доўгі з 17-19 мяккімі прамянямі. У анальным плаўніку 8-10 мяккіх прамянёў. Грудныя плаўнікі моцна перайначаны і па вонкавым выглядзе нагадваюць руку. У грудных плаўніках звычайна 7 прамянёў. Брушныя плаўнікі размешчаны на горле[1].
Афарбоўка цела светла-жоўтая са шматлікімі карычневымі плямамі або кароткімі палоскамі. Малюнак, утвораны кропкамі на целе, з’яўляецца ўнікальным для кожнай асобіны Brachionichthys hirsutus.
Самкі спеюць ва ўзросце 2-3 гадоў пры даўжыні цела 75-80 мм. Нерастуюць у верасні-кастрычніку. Назіраецца заляцанне самцоў да самак. Пладавітасць самак нізкая і вар’іруецца ад 80 да 250 ікрынак. Кожная ікрынка дыяметрам 1,8-2 мм складзеная ў асобную капсулу. Усе ікрынкі злепленыя ў агульную кладку. Самка ахоўвае кладку на працягу 7-8 тыдняў да вылуплення малявак. Маляўкі выходзіць з ікры цалкам сфарміраванымі, стадыя лічынкі адсутнічае. Памеры пры вылупленні 6-7 мм. Маляўкі адразу размяркоўваюцца па дне, а не разносяцца плынямі[2].