Даўжыня цела 16-18 см, размах крылаў 29-33 см. Масіўны, з вялікай галавой і моцнай, тоўстай, канічнай шэра-блакітнай дзюбай. Карычневы з белай паласой на чорна-гранатавых крылах і з белым канцом хваста. Самка больш светлая, чым самец. Маладыя палева-карычневыя з цёмнымі плямкамі і карычнева-аранжавай дзюбай. Голас: позыў — кароткае пранізлівае «цык… цык» або адрывістае «цыы-цы», у песню ўстаўляе двухскладовае, гарлавое «гуаўк».
Арэал разарваны; Еўропа (акрамя поўначы), Малая Азія, праз Цэнтральню Азію да Японіі ўключна, а таксама ў раёне верхняга Інда і Амудар’і, Паўночна-Заходняя Афрыка. Адзначаны ў Ісландыі, на Фарэрскіх астравах, Мадэйры.
Насяляе лісцевыя або мяшаныя дрэвастоі, паркі, могілкі, сады (часцей там, дзе ёсць дуб, бук ці граб). На поўдні Сібіры — лесастэп. У Татрах даходзіць да 1350 м над узроўнем мора.
Папуляцыі з паўднёвай і заходняй частак арэала аселыя, іншыя качуючыя або пералётныя. Месца зімовак: у паўднёвай і заходняй частках арэала, а таксама Малой Азіі, Блізкім Усходзе, Егіпце і Усходняй Азіі.
На Беларусі нешматлікі на гнездаванні пералётны від, найбольш пашыраны ў паўднёвай частцы; часам у невялікай колькасці зімуе.
Гняздо слаба замаскіраванае, звычайна на вышыні 4-7 м, «уціснутае» ў развілку ніжніх галін (не прымацаванае), далёка ад ствала. З няшчыльна ўкладзеных галінак лісцевых дрэў, унутры тонкія галінкі і лісце траў; высцілка з лішайнікаў і карэньчыкаў (часам з прымессю моху, валосся і шэрсці).
Яйкі (4-5, часам 2-7) даволі падоўжаныя, вузкі канец тупа заканчваецца, часам грушападобныя, светла-блакітныя або светла-зеленаватыя, светла-шэра-зялёныя; глыбокія крапінкі і рыскі шэра-аліўкавага або шэрага колеру, паверхневыя — шэра-аліўкавыя (цямнейшыя) ці чорна-карычневыя. Памеры: 24 х 17,5 мм.