Перайсці да зместу

Java Platform, Micro Edition

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Java Platform, Micro Edition (Java ME, раней — Java 2 Micro Edition, J2ME) — падмноства платформы Java для прылад, абмежаваных у рэсурсах, мабільных тэлефонаў, PDA і іншых.

Java ME была распрацавана пад кіраўніцтвам Sun Microsystems і з'яўляецца заменай падобнае тэхналогіі, PersonalJava. Першапачаткова спецыфікацыя распрацоўвалася ў рамках JCP (Java Community Process) як JSR 68[1]. Пазней яе варыянты развіліся ў асобныя JSR. Sun падае ўзор рэалізацыі (англ.: reference implementation) спецыфікацыі, але да нядаўняга часу не падавала бясплатнай рэалізацыі асяроддзя выканання (англ.: runtime environment) Java ME для мабільных прылад. 22 снежня 2006 зыходны код Java ME быў выпушчаны пад ліцэнзіяй GNU General Public License, праект атрымаў назву phoneME[2].

Адметныя асаблівасці прылад з абмежаванымі рэсурсамі з'яўляюцца абмежаваная вылічальная магутнасць, абмежаваны аб'ём памяці, малы памер дысплэя, сілкаванне ад партатыўнай батарэі, а таксама нізкахуткасныя і нядосыць надзейныя камунікацыйныя магчымасці. Тыповы сучасны мабільны тэлефон утрымлівае ўсярэдзіне 32-разрадны RISC-працэсар з тактавай частатой 50 МГц, мае аб'ём аператыўнай памяці каля 4 Мб, каляровы дысплэй памерам 2 цалі і мае магчымасць злучэння з Інтэрнэтам пасродкам GPRS або EDGE з хуткасцю да 474 кбіт/с, якое пры гэтым фундаментальна ненадзейна, паколькі хуткасць перадачы дадзеных можа нечакана зваліцца, або злучэнне можа быць наогул цалкам страчана.

Java ME спецыфіцыруе дзве базавыя канфігурацыі, якія вызначаюць патрабаванні да віртуальнай машыны (абмежаванне набору дапушчальных інструкцыяў і інш.), а таксама мінімальны набор базавых класаў: CLDC (Connected Limited Device Configuration — канфігурацыя прылады з абмежаванымі камунікацыйнымі магчымасцямі) і CDC (Connected Device Configuration — канфігурацыя прылады з нармальнымі камунікацыйнымі магчымасцямі).

Java ME таксама вызначае некалькі так званых профіляў (англ.: profiles), якія дапаўняюць і пашыраюць згаданыя вышэй канфігурацыі, у прыватнасці вызначаюць мадэль дадатка, магчымасці графічнага інтэрфейса, а таксама камунікацыйныя функцыі (напрыклад доступ да Інтэрнэта) і інш.

У цяперашні час самой распаўсюджанай канфігурацыяй з'яўляецца CLDC, для якога распрацаваны профіль MIDP (Mobile Information Device Profile — профіль для мабільнай прылады з інфармацыйнымі функцыямі). Дадаткі, напісаныя для гэтага профіля, завуцца мідлетамі (англ.: MIDlet). Іншым папулярным профілем для CLDC з'яўляецца DoJa, распрацаваны фірмай NTT DoCoMo для яе ўласнага сэрвіса iMode. iMode вельмі распаўсюджаны ў Японіі, і ў меншай ступені ў Еўропе і на Далёкім Усходзе.

Канфігурацыя CLDC паспяхова выкарыстоўваецца ў большасці сучасных мабільных тэлефонаў і партатыўных арганайзераў. Па дадзеных кампаніі Sun Microsystems да канца 2004 года ў свеце было выпушчана больш за 570 мільёнаў мабільных прылад з падтрымкай гэтай канфігурацыі Java. Гэта робіць Java ME дамінуючай тэхналогіяй Java ў свеце. Аб'ёмы вытворчасці мабільных тэлефонаў значна перавышаюць колькасць іншых камп'ютарных прылад, здольных выконваць дадаткі на Java (напрыклад, персанальных камп'ютараў).

Зноскі

  1. http://jcp.org/jsr/detail/68.jsp
  2. Падрабязнасці аб phoneME гл. на старонцы праекту Архівавана 10 чэрвеня 2007..