Менегацыя прадзіраўленая (Menegazzia terebrata, Menegazzia pertusa) — від ліставатых лішайнікаў.
Слаявіна ліставатая, разеткападобная, часта аднабакова развітая або невыразнай формы, у цэнтры адмірае. Верхняя паверхня шаравата-зялёная, матавая, зрэдку злёгку бліскучая, голая, гладкая, з акруглымі або авальнымі дзіркамі, часта з галоўчата- або манжэтападобна расчлянёнымі саралямі. Ніжняя паверхня вельмі складкаватая, чорная, бліжэй да краёў крыху святлейшая, часам з чорнай аблямоўкай па краю слаявіны, без рызін.
Апатэцыі ўтвараюцца рэдка. Полавы працэс невядомы. Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі).