Размах крылаў матылька 75-80 мм. Афарбоўка крылаў жаўтлява-белая, з шэрым малюнкам на пярэдніх крылах. Пярэднія крылы па сваім вонкавым краі напаўпразрыстыя. Заднія крылы з вочкавымі плямамі чырвонага і сіняватага колераў па вонкавым краі[2].
За год развіваецца адно пакаленне. Лёт матылькоў адзначаецца з сярэдзіны ліпеня па верасень[3], у некаторых папуляцыях лёт адбываецца толькі ў цотныя гады[3]. Матылі вядуць выключна дзённы лад жыцця і актыўныя толькі ў сонечнае надвор'е. Маючы патрэбу ў дадатковым харчаванні, яны ахвотна наведваюць квітнеючыя расліны, у прыватнасці роду Чартапалох[3].
Самкі пасля спарвання нясуць на сабе жорсткі хітынавы прыдатак на ніжнім баку брушка — сфрагіс (лац. — пячаць, пломба), які стварае самец падчас спарвання. Прызначэнне сфрагіса — выключэнне паўторнага апладнення самкі іншымі самцамі. У пахмурнае надвор'е маладыя вусені ўтвараюць навалы. Дарослы вусень жыве адзінкава. Актыўны толькі ў сонечнае надвор'е, а ў пахмурныя дні хаваецца пад камянямі. Звычайна зімуюць вусені. Яны развіваюцца на раслінах роду Corydalis — Corydalis gortschakovi і Corydalis stricta[3]. Вусені акукляюцца пад камянямі або ў ліставай падсцілцы ля кусцікаў кармавых раслін. Кукалка тоўстая, круглявая.