Перайсці да зместу

Імхі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Імхі
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Bryophyta Schimp. sensu stricto

Сінонімы
Musci L.
Класы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  14189
NCBI  3208
EOL  3768
FW  55135

Імхі (Musci, Bryophyta) — аддзел вышэйшых раслін.

Боль­шасць прадстаўнікоў — дробныя рас­ліны. Сярод іх — на­глебавыя, эпіфіт­ныя, на­скаль­ныя, вод­ныя віды. Найбольш раз­настайныя ў вільготных трапічных лясах. У жыццёвым цыкле пераважае гаметафіт, які вырастае са споры.

Іх вышыня звычайна вагаецца ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў. Вельмі рэдка можна сустрэць імхі больш за 20 см у вышыню.

У большасці відаў імхоў цела раздзелена на сцябло і лісты. Каранёў у імхоў няма, іх функцыі выконваюць рызоіды. Гэта тонкія аднаклетачныя або мнагаклетачныя вырасты. Яны размешчаны ў ніжняй частцы цела расліны. З дапамогай рызоідаў імхі ўмацоўваюцца ў глебе і паглынаюць ваду з растворанымі ў ёй мінеральнымі рэчывамі. Большасць імхоў здольна таксама паглынаць ваду і раствораныя ў ёй рэчывы ўсім целам.

Імхі маюць больш простую, чым астатнія вышэйшыя расліны, будову. У іх ёсць фотасінтэзуючыя, а таксама покрыўныя і механічныя тканкі. У імхоў з найбольш складанай будовай з’яўляюцца і спецыяльныя клеткі, якія выконваюць праводзячую функцыю. Але тыповыя ксілема і флаэма ў імхоў адсутнічаюць. З’яўленне ў імхоў тканак — гэта вынік іх прыстасавання да наземнага спосабу жыцця.

Гэта шматлікая адасобленая і вельмі старажытная група вышэйшых раслін. Вядомы з перм­скага перыяду.

Імхі растуць на глебе ў лясах, пустынях і на балотах, на камянях і ствалах дрэў, на сценах і дахах старых дамоў, у вадзе прэсных вадаёмаў. Не сустракаюцца імхі толькі ў морах і на засоленых глебах. Многія віды імхоў здольны пераносіць неспрыяльныя ўмовы ў стане спакою. Пры надыходзе спрыяльных умоў такія імхі пераходзяць у актыўны стан і працягваюць свой рост.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Характэрнай асаблівасцю ўсіх імхоў з’яўляецца перавага ў жыццёвым цыкле палавога пакалення над бясполым. Сама расліна імху — гэта гаметафіт (палавое пакаленне). На ёй утвараюцца мнагаклетачныя органы палавога размнажэння — антэрыдыі і архегоніі. У антэрыдыях развіваецца вялікая колькасць мужчынскіх гамет — сперматазоідаў. У архегоніях — па адной буйной нерухомай жаночай гамеце — яйцаклетцы. Пасля апладнення, для якога неабходна наяўнасць вады, пачынае развівацца бясполае пакаленне — спарафіт. Спарафіт імхоў — гэта каробачка на ножцы. Яна не здольна існаваць самастойна і жывіцца за кошт гаметафіта. У каробачцы ўтвараюцца споры, якія даюць пачатак новай расліне імху (гаметафіту).

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9