Тканка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Тканка — сукупнасць клетак, якія звязаныя агульным паходжаннем і выконваюць агульныя функцыі. Вывучэннем тканак займаецца навука гісталогія.

Паняцце тканкі[правіць | правіць зыходнік]

Чалавечае цела развіваецца з адной клеткі — аплодненага яйка — зіготы. Яно дзеліцца некалькі разоў і утварае мнагаклетачны зародак. У зародку з пакалення ў пакаленне, выяўляюцца адрозненні ў структуры і фізіялогіі клетак. Такім чынам, у мнагаклетачным зародку паступова дыферэнцыруюцца розныя тыпы клетак.

Усе клеткі маюць некаторыя агульныя рысы — яны ядуць, дыхаюць, растуць, дзеляцца і іншае. Тым не менш, яны з'яўляюцца спецыялізаванымі для выканання пэўных відаў дзейнасці лепш, чым іншыя. Напрыклад, цягліцавыя клеткі адаптаваны, каб скарачацца, рэцэптары — каб успрымаць раздражняльнікі, жалезістыя — вызваляць рэчывы — сакрэты і да т.п.

Клеткі, якія спецыялізуюцца на адным родзе дзейнасці, аб'ядноўваюцца ў тканкі. Набор клетак з аналагічнай структурай і функцыяй, разам з міжклетачным рэчывам завецца тканкай.

Тканка жывёл і чалавека[правіць | правіць зыходнік]

У адпаведнасці з асоўнымі саматычнымі функцыямі арганізма адрозніваюць 4 тыпы тканкі: эпітэлій, злучальная тканка, мышачная тканка, нервовая тканка. Развіццё (гістагенез) кожнага тыпу — вынік дыферэнцыроўкі — станаўлення рыс спецьіялізацыі ў клетак-папярэдніц, дэтэрмінаваных у эмбрыягенезе для развіцця пэўнай тканкі. Звычайна адна тканка ці некаторыя яе спецыялізаваныя клеткі ажыццяўляюць спецыфічныя для кожнага арганізама функцыі. Комплексы клетак тканкі што працуюць сумесна, утвараюць у органах шматлікія структурна-функцыянальныя адзінкі (напр., нефрон).

Будова тканкі аднаго тыпу (асабліва найбольш высокаспецыялізаванай нервовай) можа значна адрознівацца ў розных частках арганізма, а таксама ў арганізмаў рознага сістэмнага становішча. У ніжэйшых мнагаклетачных функцыі тканкі не так строга вызначаюцца, як у вышэйшых. Эвалюцыя арганізмаў прывяла да спецыялізацыі клетак і ўзаемаабумоўленасці іх функцыянавання ў шматгканкавай сістэме. У эксперыменце можна забяспечыць жыцце і размнажэнне тканкі па-за арганізмам (гл. культура тканкі).

У жывёл тканку вывучае гісталогія.

Тканка раслін[правіць | правіць зыходнік]

Тканка раслін — сістэма клетак структурна і функцыянальна ўзаемазвязаных адна з адной і звычайна падобных па паходжанні.

Простая тканка складаецца з аднаго тыпу клетак (напр., каленхіма, складаная — з розных (напр., эпідэрма). Здольнасць да працяглага росту (адна з асаблівасцей раслін) вызначаецца ўтваральнымі тканкамі — мерыстэмамі, якія даюць пачатак пастаянным тканкам. Адрозніваюць 3 сістэмы пастаянных тканак: покрыўную (напр., эпідэрма, перыдэрма, корка), праводную (напр., луб, ксілема), асноўную (напр., хларэнхіма, каленхіма, склеранхіма), а таксама выдзяляльныя структуры, групы клетак або адзінкавыя клеткі (ідыёбласты), што ўключаюцца ў іншыя тканкі, сістэму праветрывання (сукупнасць міжклетнікаў, вусцейкаў і сачавічкаў). У раслін тканку вывучае анатомія раслін.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]