Акліматызацыя
Акліматыза́цыя (ад лац.: ac (ad) — да, для і стар.-грэч.: κλίμα — клімат) — працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання.
Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (адаптацыя).
Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперыментальных даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясцовай флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (рэакліматызацыя).
На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амерыканская норка, фазан, сярэбраны карась, амерыканскі сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).
Акліматызацыя чалавека — складаны сацыяльна-біялагічны працэс, у якім вялікую ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).