Алена Паўлаўна Ніякоўская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алена Паўлаўна Ніякоўская
Дата нараджэння 23 снежня 1936(1936-12-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 17 жніўня 2020(2020-08-17) (83 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Дзеці Аляксандр Мечыслававіч Ніякоўскі[d]
Род дзейнасці філосаф, педагог, літаратуразнаўца, гісторык культуры
Месца працы
Альма-матар
Член у

Алена Паўлаўна Ніякоўская (23 снежня 1936, Мінск — 17 жніўня 2020, Наваполацк[1]) — беларускі філосаф, педагог, літаратуразнавец, гісторык культуры.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыла філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладала з 1963 года ў Полацкім тэхнікуме Белкаапсаюза нямецкую мову, з 1974 года — у Полацкім дзяржаўным універсітэце нямецкую, англійскую, польскую, беларускую мовы, этыку, эстэтыку, релігіязнаўства, філасофію, педагогіку, псіхалогію, гісторыю культуры. Кандыдат філасофскіх навук (1984), дацэнт.

У 2-й палове 1960-х падтрымлівала перапіску з У. Караткевічам. У 1990-я гады актыўна брала ўдзел у дзейнасці Таварыства Вольных Літаратараў, у т.л. у «круглым стале» ТВЛ, прысвечаным пострамантызму (1995), матэрыялы якога друкаваліся ў літаратурна-філасофскім сшытку «ЗНО» (дадатак да газеты «Культура»).

Сын А. Ніякоўскай — Аляксандр Ніякоўскі[ru], старшыня Наваполацкага гарадскога Савета народных дэпутатаў (1991—1999) і старшыня Наваполацкага гарвыканкама (1991—1995).

Жыла ў Полацку.

Дзейнасць і творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Сфера навуковых інтарэсаў: даследаванне беларускай літаратуры, маральнае выхаванне студэнцкай моладзі, методыка выкладання ў вышэйшай школе, анталогія і тэорыя пазнання.

У 1984 годзе ў БДУ абараніла кандыдацкую дысертацыю «Параўнаўчы аналіз камуністычнага і хрысціянскага маральных ідэалаў асобы (метадалагічны аспект)»[2].

Даследавала творчасць М. Багдановіча, Я. Коласа, В. Ластоўскага, У. Караткевіча[3].

У выданні «Скарыназнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства: Матэрыялы ІІІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў „Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый“» апублікаваны надрукаваны даклад А. Ніякоўскай «Да сістэмаўтваральнага вобраза ў архетыпным ладзе паэм „Новая зямля“ Я. Коласа і „Пан Тадэвуш“ А. Міцкевіча». У выданні «Albaruthenica» (№ 4, 1995) выйшаў яе артыкул «„Расійска-крыўскі слоўнік“ Вацлава Ластоўскага і беларуская нацыянальная ідэя».

Дэбютавала некалькімі вершамі ў часопісе «Нёман» у 2-й палове 1960-х. Друкавалася ў часопісах «Калосьсе», «Arche», газетах «Культура», «Новы час», у бюлетэні «Кантакты і дыялогі». Аўтар зборніка «Там, дзе буяла жыта» (2016), які апроч вершаў, перакладаў, літаратуразнаўчых прац і рэцэнзій змяшчае ўнікальныя лісты У. Караткевіча і Я. Брыля[3].

Перакладала з нямецкай і польскай моў.

Зноскі

  1. Пайшла з жыцця філосаф і літаратуразнаўца Алена Ніякоўская(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2020. Праверана 22 жніўня 2020.
  2. Электронная библиотека диссертаций dslib.net
  3. а б Кроква В. Першая кніга Алены Ніякоўскай Архівавана 28 кастрычніка 2016. — racyja.com

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Нияковская Елена Павловна // Кафедра мировой литературы и культурологии (1999—2004) / Полоцкий государственный университет. — Новополоцк, 2004. — С. 25—28.