Перайсці да зместу

Аляксандр Сяргеевіч Палышэнкаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Сяргеевіч Палышэнкаў
Сцяг Старшыня Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта­
27 кастрычнік 2004 — ліпень 2014
Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка

Нараджэнне 6 ліпеня 1949(1949-07-06)[1] (75 гадоў)
Адукацыя
Узнагароды

Аляксандр Сяргеевіч Палышэнкаў (нар. 6 ліпеня 1949, в. Залуззе, Жабінкаўскі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Старшыня Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта (2004—2014).

Бацька, Сяргей Мікалаевіч, родам з Валагодчыны (Расія), скончыў Рыбінскі тэхнікум воднага транспарту, франтавік, пасля Вялікай Айчыннай вайны накіраваны на аднаўленне Дняпроўска-Бугскага канала. У сям’і было пяцёра дзяцей. Аляксандр Палышэнкаў пасля восьмага класа паехаў вучыцца ў Ленінград, дзе скончыў рачное вучылішча (1968). Працаваў на Дняпроўска-Бугскім канале старшым тэхнікам тэхучастка ў Пінску.

Служыў у Савецкай арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў на Брэстчыне ў будаўнічай галіне, паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага політэхнічнага інстытута, які скончыў у 1978 годзе па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Прайшоў шлях ад майстра спецыялізаванай перасоўнай калоны ўпраўлення «Брэстсельбуда» да начальніка праектна-прамысловага будаўнічага аб’яднання «Палессежылбуд». Пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986) быў накіраваны на ўзвядзенне жылля для чарнобыльскіх перасяленцаў.

З 1990 годзе працаваў у органах выканаўчай улады. У 1990—2002 гадах выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. З 2002 года — у Брэсцкім гарвыканкаме. Спачатку з’яўляўся намеснікам старшыні гарвыканкама, з 2003 года — першы намеснік старшыні, курыраваў пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. 27 кастрычніка 2004 года назначаны на пасаду старшыні Брэсцкага гарвыканкама, якую займаў да 23 верасня 2014 года.

Пры непасрэдным удзеле А. С. Палышэнкава былі ўведзены ў эксплуатацыю: паўднёвы абход Брэста з рэканструкцыяй Гузнянскага моста цераз Мухавец; першая чарга Заходняга абхода Брэста з будаўніцтвам Берасцейскага моста цераз Мухавец; смеццеперапрацоўчы завод; цэнтральная гарадская бальніца; рэанімацыйны і аперацыйны блокі гарадской бальніцы хуткай дапамогі; гарадская паліклініка, будынак галоўнага абласнога ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь; сярэдняя школа № 1; вяслярны канал з інфраструктурай і зонай адпачынку; палац водных відаў спорту з чатырма басейнамі і дыспансерам спартыўнай медыцыны; спартыўны комплекс «Вікторыя»; лёгкаатлетычны манеж; картынгавы стадыён. Высокімі тэмпамі вялося будаўніцтва жылля: за 10 гадоў пабудавалі 2 млн 350 тыс. кв. м жылёвых памяшканняў, з’явіліся мікрараёны «Паўднёва-Захад-3», «Паўднёва-Захад-4», развіліся «Усход-5», «Усход-6», «Паўднёвы гарадок», «Паўночны гарадок».

Па ініцыятыве і пры непасрэдным яго ўдзеле быў спраектаваны і ўсталяваны помнік 1000-годдзя Брэста (2009). У 2013 годзе адкрыты помнік Менахему Бегіну. З’явілася алея ліхтароў на вул. Гогаля.

За сваю працоўную дзейнасць А. С. Палышэнкаў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За воинскую доблесть. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», граматамі Савета Міністраў і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 23 верасня 2014 года за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і ўдасканальванне інфраструктуры Брэста яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста».

Зноскі

  • Палышенков Александр Сергеевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ. 2006. Минск : Энциклопедикс, 2006. С. 279.
  • Ракукин, В. Мэр уйдет, «Макдональдс» придет? : [А. Палышенков уходит с поста председателя горисполкома] / Владислав Ракукин // Брестская газета. 2014. 1 августа (№ 31). С. 1-2.
  • Палышенков, А. Город, который всегда будет лицом Беларуси / А. Палышенков // 7 дней. 2005. 21 июля. С. 8.