Беларуская краёвая абарона
Беларуская краёвая абарона | |
---|---|
ням.: Weißruthenische Heimwehr | |
Гады існавання | 23 лютага 1944 — 28 красавіка 1945 |
Краіна | Германія |
Падпарадкаванне | Вафэн СС |
Тып | паўпартызанскае войска |
Колькасць |
28 000[1] (21 629 чалавек да канца красавіка 1944 года[2]) |
Дыслакацыя | Генеральная акруга Беларусь |
Удзел у | Другая сусветная вайна |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Франц Кушаль |
Беларуская краёвая абарона (БКА) — вайсковае фарміраванне, створанае ў генеральнай акрузе «Беларусь» у 1944, якое ў будучыні павінна было стаць ядром Нацыянальных узброеных сіл незалежнай Беларусі[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]БКА была ўтворана паводле загадаў в.а. генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) Р. Астроўскага ў лютым-сакавіку 1944 года. Узначальвала БКА Галоўнае камандаванне на чале з маёрам Ф. Кушалем. Аснову фарміравання складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-1924 гадоў нараджэння. Агулам мабілізавана каля 25 тыс. чал., з якіх планавалася стварыць 48 батальёнаў па 450-500 чал.
У выніку прызыву ў сямі раёнах Генеральнай акругі Беларусь была сфарміравана наступная колькасць батальёнаў:
- Мінскі раён — 6 батальёнаў (2358 чалавек);
- Слуцкі раён — 5 батальёнаў (3982 чалавекі);
- Навагрудскі раён — 4 батальёны (2047 чалавек);
- Баранавіцкі раён — 8 батальёнаў (6 495 чалавек);
- Глыбоцкі раён — 4 батальёны (2910 чалавек);
- Вілейскі раён — 4 батальёны (2414 чалавек);
- Слонімскі раён — 3 батальёны (1423 чалавекі).
Да сярэдзіны красавіка 1944 года было створана 39 пяхотных і 6 сапёрна-будаўнічых батальёнаў, некаторыя з якіх засталіся недаўкамплектаваныя[4]. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Менску, радавыя — на месцах службы.
Галоўнай задачай БКА з’яўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складаў, іншых гаспадарчых мэт. Пад уплывам агітацыі партызан і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызан. У той жа час частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызан, добраахвотна ішла служыць у БКА.
Пасля 27 чэрвеня 1944 нямецкі персанал, адказны за сувязь пры БКА, пакінуў Мінск, і рашэнне пра лёс асобных атрадаў БКА паклалася на камандзіраў гэтых атрадаў. Яны паставілі салдатаў БКА перад выбарам: адступіць разам з немцамі ці застацца дома. Напрыклад, толькі 20 з 700 салдат баранавіцкага атрада БКА вырашылі ісці з немцамі на захад[5].
Пасля таго, як тэрыторыю Беларусі занялі савецкія войскі, кіраўніцтва БКА перабралася ў Германію, дзе працягвала сваю дзейнасць. Паводле звестак камандзіра БКА Ф. Кушаля, ва Усходняй Прусіі і Польшчы было каля 10 тысяч салдатаў БКА[6].
5 кастрычніка 1944 распараджэннем прэзідэнта БЦР Р. Астроўскага вайсковы аддзел БЦР быў рэарганізаваны ў Галоўнае кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР (Weissruthenische Zentralrad—Hauptmilitärverwaltung) на чале з К. Езавітавым, які меў ад'ютанта (лейтэнант Яўген Ніканюк). Камандаванне БКА, якое працягвала намінальна дзейнічаць, падпарадкоўвалася Галоўнаму кіраўніцтву вайсковых спраў БЦР[7]. 15 кастрычніка 1944 прэзідэнт БЦР выдаў загад № 3 аб сфарміраванні ў Берліне 1-га кадравага батальёна БКА. Камандны склад батальёна быў наступны: капітан Пётр Касацкі (афіцэрскі курс), капітан Антон Сокал-Кутылоўскі (падафіцэрскі курс), капітан Зміцер Сажыч (вучэбная каманда), старшы лейтэнант Янка Кісель (гаспадарчая і ахоўная каманда), капітан Мікалай Дзямідаў (намеснік камандзіра падафіцэрскага курса), др. Баляслаў Грабінскі (старшы батальённы лекар)[8]. Агульнае камандаванне батальёнам ажыццяўляў Ф. Кушаль як кіраўнік БКА, аднак непасрэдна адказным быў часова выконваючы абавязкі камандзіра П. Касацкі (25 лютага 1945 яго змяніў на гэтай пасадзе маёр Сцяпан Шнэк). На пачатку 1945 утворана грэнадзёрская брыгада (1-я беларуская), пазней — 30-я грэнадзёрская дывізія СС (1-я беларуская)), якая ў канцы вайны здаліся ў палон да амерыканцам . Пасля вайны значная частка салдатаў і афіцэраў БКА апынулася ў эміграцыі.
Прысяга жаўнера Беларускай краёвай абароны
[правіць | правіць зыходнік]ПАСТАНОВА №13 ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ, Г. МЕНСК, 19 САКАВІКА 1944 Г.1. Дзеля прывядзеньня стральцоў Беларускай Краёвай Абароны да прысягі вызначаю назаўсёды дзень 25 Сакавіка — Вялікі Дзень абвешчаньня незалежнасьці Беларусі.
2. У бягучым годзе ўрачысты акт прыняцьця прысягі на вернасьць і адданасьць Радзіме вызначаю 26 сакавіка.
3. Прыняцьцю прысягі падлягаюць усе афіцэры, падафіцэры і стральцы Беларускай Краёвай Абароны.
4. У акруговых гарадох прысягу прыймаюць намесьнікі Беларускай Цэнтральнай Рады, у паветах — батальённыя камандзіры Беларускай Краёвай Абароны.
5. Акт прысягі пацьвярджаецца ўласнаручнымі подпісамі стральцоў і афіцэраў. Дадаецца тэкст прысягі.
Р. Астроўскі Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады
ТЕКСТ ПРЫСЯГІ
Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму беларускаму народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.
Я прысягаю, што не выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг беларускага народу.
Я прысягаю, што хутчэй аддам сваё жыцьцё, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры і ўвесь беларускі народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю.
Калі-ж з сваей слабасьці ці злога намеру я парушу гэту прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і бацькаўшчыны.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская цэнтральная рада
- Беларускі корпус самааховы
- Беларуская рада даверу
- Беларуская народная самапомач
- Беларуская вызваленчая армія / Чорны кот
- Беларускае культурнае згуртаванне
- Беларускае навуковае таварыства (1942)
- Крыж Заслугі БКА
- Саюз беларускай моладзі
Зноскі
- ↑ Eugeniusz Mironowicz. Okupacja niemiecka na Białorusi(нявызн.)(недаступная спасылка). Historia Białorusi od połowy XVIII do XX w. [History of Belarus, mid 18th century until the 20th century]. Związek Białoruski w RP, Katedra Kultury Białoruskiej Uniwersytetu w Białymstoku (Internet Archive) (2014). Архівавана з першакрыніцы September 27, 2007. Праверана 12 July 2014.
- ↑ Alexander Brakel: Unter Rotem Stern und Hakenkreuz.Baranowicze 1939 bis 1944. Das westliche Weißrussland unter sowjetischer und deutscher Besatzung. (= Zeitalter der Weltkriege. Band 5). Ferdinand Schöningh Verlag, Paderborn u. a. 2009, ISBN 978-3-506-76784-4, S. 221.
- ↑ Белорусская Краёвая Оборона. К вопросу о создании белорусского национального войска в годы Второй мировой войны / А.М. Литвин // Нёман. — 1994. — №4. — С.170—191. (руск.)
- ↑ Літвін, А. Аупацыя Беларусі (1941—1944). Пытанні супраціву і калабарацыі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 187.
- ↑ Юры Туронак. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 189.
- ↑ Франц Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска. — Мн., 1999. — С. 51.
- ↑ За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі: дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў для друку Р. Астроўскі. — Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960 — С. 128.
- ↑ НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11а. Л. 277; За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі: дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў для друку Р. Астроўскі. — Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960 — С. 129.
- ↑ Рэканструкцыя БКА
- ↑ За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі, Лёндан, 1960. с. 102-103
У сеціве
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская краёвая абарона на Вікісховішчы |
- Франц Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі. [каментар А. Літвіна] // Беларускі гістарычны агляд. — 1995. — Т.2.
- Сцяпан Шнэк. Узброеная Случчына. Да гісторыі Беларускае Краёвае Абароны Архівавана 30 чэрвеня 2022. // Беларускі Рэзыстанс. — 2004. — № 1. — С. 43 — 57
- Л. Ґодлеувскі. Білоруські збройні сили в другій світовій війні // Вісті Братства кол. Вояків 1 УД УНА. - 1953. - № 7-8. - С. 19-20. (укр.)