Перайсці да зместу

Бітва пад Дубенкай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пад Дубенкай
Асноўны канфлікт: Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года
Карта вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года
Карта вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года
Дата 18 ліпеня 1792
Месца Дубенка (на ўсход ад Любліна, Польшча)
Вынік Няясны, польскія войскі пакінулі свае пазіцыі
Праціўнікі
Сцяг Рэчы Паспалітай Рэч Паспалітая Сцяг Расійскай імперыі Расійская Імперыя
Камандуючыя
Тадэвуш Касцюшка Міхаіл Кахоўскі
Сілы бакоў
5 300 і менш за 10 гармат 25 000 і 56 гармат
Страты
900 500 на сведчанні расійскага бока, 4 000 па сведчанні польскага бока
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бітва пад Дубенкай падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года, пасля якой здзейснены другі падзел Рэчы Паспалітай, адбылася 18 ліпеня 1792 года калі армія Рэчы Паспалітай пад камандаваннем генерала Тадэвуша Касцюшкі абаранялася па Бугу, які спрабавала фарсіраваць расійская армія пад камандаваннем генерала Міхаіла Кахоўскага. Нягледзячы на колькасную перавагу 5:1, атакамі рэчыпаспалітаўскіх войск частка расійскіх войск загнана ў кут палявых умацаванняў створаных войскамі Рэчы Паспалітай, што было тактычнай перамогай. Але заход з флангу іншых расійскіх часцей вымусілі рэчыпаспалітаўскія войскі адступіць, каб унікнуць акружэння. Польска-вялікалітоўскія сілы пакінулі перадавыя пазіцыі і іх занялі расіяне.

Войскі Юзафа Панятоўскага (25 000 салдат, 42 гарматы) пераправіліся праз Буг і 8 ліпеня спыніліся каля Дубенкі. Яны атрымалі загад на абарону ўздоўж Бугу ад Дубенкі да Уладавы. Касцюшка (5 300 салдат, 24 гарматы) заняў са сваім войскам 3 кіламетры фронту між вёскамі Уханька і Воля-Хабова.

Зважаючы на колькасную перавагу войск праціўніка, Касцюшка пастанавіў не атакаваць, а дзейнічаць ад абароны і выбраў для сваіх войск пазіцыю, якая ўзвышалася над ваколіцамі, на поўнач ад Дубенкі, між Бугам і аўстрыйскай мяжой. Хібай пазіцыі была абароненасць правага флангу толькі лесам і памежным кардонам. Салдаты прыступілі да капання наземных умацаванняў паводле плану Касцюшкі. Наперадзе дывізіі былі размешчаны тры батарэі. У першай лініі стала пяхота ў колькасці 7 баонаў. У другой лініі знаходзіліся полк і дзве брыгады кавалерыі. У лес перад правым флангам былі пасаджаны стралкі.

Міхаіл Кутузаў-Галенішчаў

Расійскі генерал M. Кахоўскі 17 ліпеня пераправіўся пад Дубенкай праз Буг[1], a 18 ліпеня выслаў карпусы А. Леванідава і А. Тармасава, каб дэманстратыўнымі манеўрамі перашкодзіць Панятоўскаму і Вяльгорскаму ўзмацніць Касцюшкавы сілы. Сам Кахоўскі з карпусамі М. Кутузава-Галенішчава і І. П. Дуніна (25 000 салдат, 108 гармат) намерваўся разбіць Касцюшку і выйсці ў тыл асноўным войскам Рэчы Паспалітай.

А 15-й гадзіне расіяне рушылі ў кірунку пазіцый Касцюшкі. На правым флангу знаходзіўся корпус І. Дуніна, корпус Кутузава займаў левае крыло. У першай лініі расійскага войска было 18 баонаў пяхоты, другая лінія складалася з 15 палкоў кавалерыі (у тым ліку з 7 казацкіх). Пасля артылерыйскае падрыхтоўкі а 17:30 Кахоўскі накіраваў пяхоту першае лініі ва франтальную атаку на ўмацаваныя пазіцыі Касцюшкі. Гэтая атака была адбіта пяхотай і артылерыяй з вялікімі стратамі расійскага войска. Рускія спрабавалі яшчэ некалькі разоў зладзіць падобныя атакі, аднак яны кожны раз мелі такім самы вынік. Нарэшце няўдалыя пяхотныя атакі схілілі Кахоўскага да спробы акружэння Касцюшкі з боку аўстрыйскае мяжы. З гэтай мэтай Кахоўскі адаслаў 2 палкі конных егераў пад кіраўніцтвам Пальменбаха. Яны перайшлі мяжу з Аўстрыяй, пад заслонай лесу абышлі польскія пазіцыі і ўдарылі ў тыл правага флангу Касцюшкі. Падчас гэтае атакі сам Пальменбах загінуў. У дапамогу абаронцам прыйшоў полк з другой лініі пад кіраўніцтвам Карвіцкага. Егеры былі разбіты і сапхнутыя ў багну. Праведзеная ў гэты самы час чарговая лабавая атака расійскае пяхоты ізноў скончылася безвынікова.

Тым не менш, з кожнай гадзінай становішча войск Рэчы Паспалітай горшала. Недзе а 18-й гадзіне Грахоўскі заняў мястэчка Гусыннэ, адрэзаўшы адзіную дарогу, з якое Касцюшкавы войскі маглі чакаць дапамогі. Каля 20-й гадзіны з поля баю ўцякла застрашаная пагоршанай сітуацыяй брыгада народнай кавалерыі, якой камандаваў Павел Бярнацкі. Надыходзячы змрок і ўсё ўзрастаючы напор пераважалых сіл праціўніка, які здолеў захапіць некалькі ўмацаванняў і прыступіў да атакі на левы фланг польскага войска, схіліў Касцюшку да адступлення а 21-й гадзіне. Дывізія адышла ў баявым парадку праз Разтоку да Кумова, а адтуль да Холма.

У бітве войскі Рэчы Паспалітай страцілі 900 салдат і 6 гармат. Расійскія войскі страцілі каля 4000 салдат. Расійская армія заняла ўвесь раён разам з пераправамі і атрымала праход да Любліну.

Вынік бітвы застаўся нявысветленым, абодва бакі лічылі сябе пераможцамі. Польскія войскі здолелі нанесці значныя страты пераважалай іх у 4 разы расійскай арміі, самі панеслі значна меншыя страты, і арганізавана адышлі з месца сутыкнення. Расійскія войскі, страцілі вялізную колькасць сіл і ўсё ж занялі неабходныя пазіцыі, што дало магчымасць далейшага наступу.

У бітве Касцюшка здабыў рэпутацыю выдатнага военачальніка, яго параўноўвалі са спартанскім царом Леанідам. За бітву пад Дубенкай кароль Станіслаў Аўгуст узнагародзіў 80 чалавек ордэнам Віртуці Мілітары, а Касцюшка атрымаў чын генерал-лейтэнанта і ордэн Белага Арла; да таго ж 26 жніўня 1792 года менавіта за поспех у бітве пад Дубенкай Касцюшку нададзена ганаровае грамадзянства Францыі[2].

Праз тыдзень пасля бітвы Рэч Паспалітая капітулявала.

Зноскі

  1. паводле іншай версіі, Кахоўскі перайшоў праз Буг 18 ліпеня а 16-й гадзіне
  2. Kronika Polski, (red.) A. Nowak, Wyd. Kluszczyński, Kraków 2005, s. 384