Вянковая канструкцыя
Вянковая канструкцыя ў архітэктуры, сістэма драўляных вянкоў (гарызантальных радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жалезнага веку. На Беларусі вядома з 2—3 стагоддзя да н.э. у плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з IX ст. — асноўная канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл. васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. закот, верх, шацёр). Цяпер вянковая канструкцыя выкарыстоўваецца пераважна ў традыцыйным народным жыллі і гаспадарчых пабудовах.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- С. А. Сергачоў. Вянковая канструкцыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).