Перайсці да зместу

Грым

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рабочае месца грымёра ў тэатры

Грым (ад фр.: grimer — падмалёўваць твар) — мастацтва змяняць вонкавы выгляд акцёра, пераважна яго твар, з дапамогай грыміравальных фарбаў, пластычных і валасяных наклеек, парыка, прычоскі і інш.; адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза. Характар грыму ў тэатры і кіно залежыць ад мастацкіх асаблівасцей твора, рэжысёрскай канцэпцыі, задумы акцёра і стылю афармлення спектакля.

У кіно мастацтва грыму мае спецыфіку: улічваюцца ўмовы аператарскай тэхнікі, асаблівасці кінаплёнкі, характар асвятлення. Буйны план на экране асабліва ў каляровым кіно патрабуе крапатлівай работы грымёра-мастака.

У цырку грым як адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза выкарыстоўваецца прадстаўнікамі жанру клаунады.

Гісторыя грыму ў тэатры узыходзіць да старажытных народных абрадаў і гульняў, якія вымагалі ад удзельнікаў вонкавага пераўвасаблення. Народныя акцёры Сярэднявечча — скамарохі, жанглёры і інш. — размалёўвалі твар сажай, сокам раслін. У XVXVI стст. удзельнікі прадстаўленняў карысталіся фантастычнымі маскамі і прымітыўна-рэалістычным грымам. Тэатр класіцызму XVIIXVIII стст. стварыў ідэалізаваны, абагульнены грым. Развіццё рэалізму ў рускім тэатры XIX ст. садзейнічала росквіту мастацтва грыму, стварэнню грыму-партрэта; грым стаў адным з істотных кампанентаў рэжысёрскай задумы спектакля. З таго часу існуе прафесія мастака-грымёра.

Уладзімір Мікалаевіч Крыловіч (злева). Ён жа ў ролі Тодарбіча ў спектаклі «У ліпнёвую ноч» («Павукі і мухі») Б. Гарчынскага. 1927. Грым Крыловіча.

У беларускім тэатры развіццё грымёрскага мастацтва звязана з імёнамі буйных акцёраў, якія непасрэдна удзельнічалі ў стварэнні грыму (Г. Глебаў, Б. Платонаў, С. Бірыла, У. Крыловіч, П. Малчанаў, A. Кістаў, А. Ільінскі). Значны уклад у станаўленне мастацтва грыму зрабілі беларускія мастакі-грымёры С. Школьнікаў, Р. Волкаў, А. Буднік, В. Навіцкая, С. Пінхасік, B. Міронава, Л. Звездачотава і інш.

У беларускім кіно і на тэлебачанні развіццю мастацтва грыму садзейнічалі грымёры Р. Храпуцкі, У. Дзяменцьеў, У. Белавусаў, А. Чартовіч і інш.