Гурджары
Гурджары ( गुर्जर, گُرجر) | |
Агульная колькасць | каля 12 млн |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя, Пакістан, Афганістан, Непал |
Мова | гурджарская |
Рэлігія | індуізм, іслам, сікхізм |
Блізкія этнічныя групы | гуджаратцы, раджастханцы, пенджабцы |
Гурджа́ры або Гуджа́ры (саманазвы गुर्जर, گُرجر) — народ у Індыі, Пакістане, Непале і Афганістане. Агульная колькасць - 12 002 тыс. чал. (2011 г.)[1][2][3]
Качавое племя гурджараў з'явілася ў Індыі ў сяр. 1 тысячагоддзя н. э. з Цэнтральнай Азіі. Некаторыя сучасныя даследчыкі адносяць іх да эфталітаў або тахараў, іншыя сцвярджаюць, што гурджары мелі цюркскае паходжанне. Некаторы час яны займалі землі на захадзе Утар-Прадэш, але ў VI - VII стст. прасунуліся на тэрыторыю сучаснай паўночна-заходняй Індыі. Лічыцца, што ад імя гурджараў узнікла назва штата Гуджарат. Старажытныя гурджары ушаноўвалі сонца, лічыліся добрымі воінамі, як стралкі з луку не мелі сабе роўных. Яны заснавалі дзяржаву Гурджара-Праціхара, якая дамінавала ў VI - XI стст. на поўначы і захадзе Індыі. Дынастыі гурджарскага паходжання працягвалі кіраваць пэўнымі раёнамі на тэрыторыі Індыі, Пакістана і Афганістана да XIX ст.
Частка гурджараў асела ў гарадах або ператварылася ў землеўладальнікаў і далучылася да варнаў кшатрыяў і брахманаў, змяніла мову і звычаі, але захавала саманазву. Частка працягвала прытрымлівацца паўкачавога ладу жыцця. У XI - XIV стст. многія з іх прынялі іслам, а ў XVI ст. - сікхізм. У XIX ст. гурджары аказалі жорсткі супраціў брытанскім заваёўнікам. З-за іх нежадання падпарадкоўвацца каланіяльным законам гурджараў нават адносілі да людзей, схільных да крымінальных злачынстваў.
У нашы дні гурджары жывуць на поўначы і паўночным захадзе Індыі, у Пакістане, памежных раёнах Афганістана і Непала. Аселыя гурджары ў Індыі як правіла мала вылучаюцца са складу суседняга насельніцтва і адрозніваюцца толькі высокім каставым становішчам. У маі 2008 г. у Раджастхане аселыя гурджары запатрабавалі надаць ім статус племянной супольнасці, што гарантавала б ім большыя правы. Сутычкі з паліцыяй скончыліся праліццём крыві з абодвух бакоў і фактычна не прывялі да станоўчага выніку.
Гурджары-качэўнікі працягваюць займацца жывёлагадоўляй, захоўваюць старыя звычаі і традыцыі.
Мова гурджараў мае індаеўрапейскае паходжанне. Карыстаюцца рознымі пісьмовымі сістэмамі.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Gujjar TRIBES
- Gurjar Times Архівавана 27 жніўня 2012.