Раджастханцы
(राजस्थाणी लोग) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 68541 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ![]() |
Мова | раджастхані, марвары |
Рэлігія | індуізм, іслам, сікхізм |
Блізкія этнічныя групы | гуджаратцы, пенджабцы, сіндхі |
Раджастха́нцы (саманазва: राजस्थाणी लोग) — народ у Індыі. Жывуць пераважна ў Раджастхане, а таксама ў іншых рэгіёнах Індыі. Уяўляюць сабою мноства этнарэлігійных, этнакаставых і этнарэгіянальных груп. Агульная колькасць — 68 541 тыс. чал. (2015 г.)[1].
Гістарычныя адрозненні
[правіць | правіць зыходнік]Раджастхан быў населены чалавекам сучаснага тыпу больш за 70 тысяч гадоў таму. Часткі рэгіёна з’яўляліся месцам развіцця Індскай цывілізацыі. У 2 тысячагоддзі да н. э. сюды перасяліліся індаарыйскія плямёны. У пазнейшыя часы ў Раджастхан мігрыравалі кушанцы, гуджары, сакі, пуштуны і г. д. У выніку тут склалася стракатая этнічная карціна з разнастайнымі групамі, якія адрозніваліся па паходжанню, рэлігіі і рэгіянальнаму чынніку.
У 1 тысячагоддзі да н. э. — 2 тысячагоддзі да н. э. Раджастхан уваходзіў у склад розных дзяржаўных утварэнняў. Асаблівую ролю адыгралі дзяржавы раджпутаў, якія захоўвалі адносную культурную і палітычную ізаляванасць да сярэдзіны XX ст.
Адным з галоўным чыннікаў першаснага культурнага аб’яднання раджастханцаў была літаратурная мова раджастхані, якая пачала фарміравацца ў сярэднявеччы на аснове старажытнай гуджарацкай мовы. У складзе брытанскай Індыі была вылучана раджпуцкая правінцыя. У 1949—1950 гг. створаны штат Раджастхан, дзе раджастхані стала адзінай мовай навучання і адміністрацыйнага кіравання.
Асноўныя групы
[правіць | правіць зыходнік]Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]
Асноўныя заняткі раджастханцаў залежаць ад кліматычных умоў пражывання, рэлігіі і прыналежнасці да той ці іншай групы насельніцтва. На тэрыторыі Раджастхана здаўна развівалася земляробства, якое мела камерцыйны характар. Вырошчваюць збожжавыя, бабовыя і алейныя культуры, бавоўнік, расліны, з якіх атрымоўваюць натуральныя фарбы. Ужо са старажытных часоў вядома ірыгацыя. Паўкачавая форма жывёлагадоўлі характэрна для пустынных і горных мясцовасцяў, у астатніх выпадках мае дадатковы характар. Раджастханцы трымаюць курэй, кароў, коз, авечак, вярблюдаў, свінняў, коней, сланоў. Паўлінаў трымалі пры дварах высакародных асоб для забаў. У нашы дні гэта птушка з’яўляецца нацыянальным сімвалам. У гарадах і сельскай мясцовасці важнае месца займаюць традыцыйныя рамёствы — ткацтва, пляценне, апрацоўка металаў і каменю, выраб керамікі, будаўніцтва і інш.
Сучасная раджастханская кулінарыя сфарміравана ў значнай ступені пад уплывам рэлігійных і сярэднявечных прыдворных традыцый. Індуісты амаль не выкарыстоўваюць мяса і рыбу. Нават у мусульманскіх і раджпуцкіх сем’ях мяса забаронена гатаваць жанчынам, гэта робяць толькі спецыяльныя кухары-мужчыны. Затое прынята ўжываць бабовыя, асабліва сачавіцу, сметанковае масла, цукар, мёд. Усе стравы багата прыпраўляюцца спецыямі. Гародніна і некаторыя травы соляцца і падаюцца як дадатак да асноўных страў. Саладосці падаюцца як у выглядзе дэсерта, так і да асноўнай стравы ці падчас яе. Папулярныя напоі — свежае і закісленае малако, чай, фруктовы шарбат.
Традыцыйная вопратка залежыць ад прыналежнасці да той або іншай групы насельніцтва, але для ўсіх раджастханцаў характэрна выкарыстанне каляровых тканін і свабодны крой. Прынята, каб адзежа хавала большую частку цела. Распаўсюджаны розныя віды мужчынскіх і жаночых упрыгожванняў, татуіроўка.
Раджастханцы вядомы сваімі шматлікімі рэлігійнымі святамі, якія суправаджаюцца маляўнічымі імпрэзамі, танцамі, тэатральнымі відовішчамі. У часы раджпуцкіх дзяржаў сфарміраваліся касты прафесійных музык манганіяр і ланга, якія выкарыстоўвалі барабаны, струнныя шчыпковыя, а таксама духавыя музычныя інструменты. Качэўнікі калбела суправаджаюць музычныя імпрэзы загаворам змей. Танцы лічацца жаночым заняткам. Найбольш папулярныя з іх — гхумар, бхаваі, тэраталі. Характэрна, што раджастханскім танцоўшчыцам дазваляецца імправізаваць, змяняць рухі і музыку. Да нашых дзён папулярнасцю карыстаецца лялечны тэатр катхпуталі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя мовы — раджастхані і марвары — належаць да індаіранскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Асноўная рэлігія раджастханцаў — індуізм. Таксама распаўсюджаны іслам і сікхізм.