Даўбёжнае рамяство

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Даўбёжнае рамяство — вытворчасць посуду і іншых вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найбольш старажытных рамёстваў.

На Беларусі даўбёжнае рамяство практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытворчасці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вялікай колькасці сяляне, якія не валодалі спецыяльнымі навыкамі дрэваапрацоўкі.

Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхналагічный стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці).

Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некаторыя віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]