Дзяжа
Дзяжа́ — драўляная ёмістасць, куды ставілі цеста (рошчыну) для хлеба, ежы.
Беларускія традыцыі
[правіць | правіць зыходнік]Сярод усіх ёмістасцей славянскія народы лічылі дзяжу самай сакральнай. Дзяжа надзялялася магіяй і з'яўлялася сімвалам багацця, дабрабыту і здароўя. У беларускіх рытуалах дзяжа ўвасабляла жаночае чэрава. Рост дзіцяці ў чэраве жанчыны атаясамліваўся з падыманнем цеста. З гэтай прычыны дзяжа зрабілася культурным эквівалентам жанчыны ўвогуле і цяжарнай жанчыны ў прыватнасці. Таму дзяжа часта выкарыстоўвалася ў абрадах, накіраваных на спрыянне нараджэнню.
Існаваў абрад саджэння нявесты на дзяжу, калі нявеста сядала на гэтую ёмістасць, пакрытую кажухом. Часам у дзяжу клалі хлеб з соллю. Цнатлівасць нявесты з'яўлялася абавязковай умовай для гэтага абраду, бо «нячыстая» нявеста магла абразіць дзяжу, з-за чаго будзе пакарана ўся сям'я. Таксама на дзяжу саджалі парадзіху падчас цяжкіх родаў. На цеста ў дзяжу клалі хворае дзіця.
Дзяжу выкарыстоўвалі ў абрадах, якія былі звязаныя з ахоўнай магіяй: каб спыніць пажар ці прадухіліць удар маланкай. Падчас улазін спачатку ў хату пускалі кошку, пасля — пеўня, а за імі, каб у новай хаце ніколі не зводзіўся хлеб, гаспадар уносіў дзяжу з рошчынай. Беларусы верылі, што дзяжа сімвалізуе ідэі дабрабыту. Таксама з дапамогай дзяжы шукалі тапельцаў, глядзелі ў дзяжу, каб не баяцца нябожчыкаў, каб не баяцца свавольства Дамавіка. Дзяжу, хлеб альбо зерне ставілі на тое месца, дзе ляжаў нябожчык.
Лічылася, што хлеб у дзяжы заўсёды будзе «расці», калі вырабіць дзяжу на працягу аднаго дня з сасны, у якую патрапіла маланка.
У хаце да дзяжы былі самыя паважлівыя адносіны: яна была надзелена чалавечымі рысамі. Садзіцца ці ўставаць на дзяжу дазвалялася толькі ў выключных выпадках, пры ўмове рытуальнай чысціні: цнатлівай нявесце, альбо напрыклад, малому дзіцяці ў час першага пострыгу, які выконвалі акурат ў год.
Калі ж дзяжа «сапсавалася», гаспадыня мусіла пацерці яе цыбуляй і часнаком, абкурыць купальскімі травамі, абпырскаць хрышчэнскай вадой, пасыпаць чацвярговай соллю ці спасаўскім макам.
Пазычаць дзяжу ва ўсходніх славян было не прынята: гэта лічылася кепскай прыкметай.
Каб хлеб у доме ніколі не закончыўся, дзяжу не мылі, каб не вымыць рэшткі цеста з шчылін.
Вядомы таксама рытуал ачышчэння дзяжы. Звычайна ён праводзіўся ў чацвер на Страсным тыдні, але таксама вядомыя выпадкі, што ў пэўных мясцовасцях ён праводзіўся ў сераду ці пятніцу на Страсным тыдні, напярэдадні Каляд альбо ў дзень Увядзення Багародзіцы ў храм. Дзяжу старанна скрэблі, націралі соллю, цыбуляй, часнаком, пасля чаго абкурвалі яе воскам і верасам. Гэта рабілася для таго, каб дзяжа заўсёды была «чыстай» і «ўдалай». Затым дзяжу ўпрыгожвалі, выносілі на падворак і ставілі на слупе брамы. Раніцай з першымі промнямі сонца неслі джяжу назад у хату. Сэнс абраду заключаўся ў «асвячэнні» дзяжы і атрыманні падтрымкі нябёсаў, далучэнні яе да вясновага сонца.
Калі ж здаралася так, што на дзяжы выпадкова лопаўся абруч, гэта прадказвала смерць гаспадыні.
Старую дзяжу, якая ўжо адпрацавала сваё, выкідаць забаранялася. Як пачэснага чалавека, дзяжу накрывалі ручніком і ставілі ў чырвоны кут. Пасля гэтага яе выкарыстоўвалі для захоўвання пірагоў, печыва і іншага ў дні вялікіх свят. Быў час, калі на Палессі ў кожнай хаце ў чырвоным куце стаяла дзяжа, якая была накрытая белым абрусам.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аксана Катовіч, Янка Крук — Дзяжа(недаступная спасылка)
Дзяжа на Вікісховішчы |