Дамавік
Дамавік (Дамавы, Дамавой, Хатнік, Гаспадар, Падпечнік, Хоплік) — у славянскіх народаў дамавы дух, міфалагічны гаспадар і заступнік дома або хаты, забяспечвае нармальнае жыццё сям'і, здароўе людзей і жывёл, урадлівасць. Дамавікі — добрыя персанажы беларускай міфалогіі, якія жывуць у жытле[1] або хлеве.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]У кожнага Дамавіка ёсць Дамавуха, як людзі, яны жывуць разам. Дамавікі падобныя на маленькіх чалавечкаў, але ніколі не паказваюцца людзям на вочы. Дамавікі часта падобныя на гаспадароў хаты. Дамавікі, як і людзі, ядуць, п'юць, радуюцца і засмучаюцца, нараджаюцца і паміраюць.[1]
Лад жыцця
[правіць | правіць зыходнік]На працягу года было некалькі дзён, калі гаспадары дома мусілі выказваць сваё стаўленне да дамавіка. Найчасцей праз гасцінцы — кілішак віна, лусту хлеба, кавалак сала і чагосьці салодкага. Гасцінец пакідалі на стале на ноч, каб дамавік пачаставаўся. Казалі, што апоўначы дамавік абавязкова выйдзе са свайго патаемнага месца і возьме ежу. І тады раніцай можна будзе заўважыць яго сляды і адчуць, як змянілася атмасфера ў хаце.
Пакідаючы ежу дамавіку, абавязкова прыгаворвалі прыблізна так: «Гаспадар-бацюхна, захавай маю хацінку і маю скацінку»; «Гаспадарушка, бацюхна, хлеб-соль прымі, скацінку вадзі»; «Дамавішка-дзядуля, усіх паі, кармі авечушак, наладжвай лад, глядзі гладка і сцялі мякка».
Дамавікі ахоўваюць дом, клапоцяцца пра ўтульнасць. У дамавікоў ёсць свой характар і могуць караць крыклівых і неакуратных гаспадароў дома (напрыклад, могуць пераносіць і хаваць рэчы, каб гаспадары занімаліся не сваркамі, а пошукамі). Калі будуюць новы дом, каб задобрыць дамавіка, пад куты насыпаюць жыта. Калі гаспадыня забывала пакінуць дамавіку прысмакі, той мог пакрыўдзіцца і перастаць дапамагаць гаспадарам, тады ўсё пойдзе наперакос—знікне жаданне працаваць, пахіснецца гаспадарка, апануюць хваробы і нястачы.
Дамавік звычайна ўспрымаўся як ашчадны, клапатлівы гаспадар, які ва ўсім дапамагае працавітай і дружнай сям'і. Тых, хто дрэнна вёў гаспадарку, не клапаціўся пра чысціню і парадак, ленаваўся, ён палохаў, па-свойму шкодзіў—імкнуўся такім чынам чамусьці навучыць. Пры пераездзе ў новую хату дамавіка запрашалі з сабой: «Дамавік, дамавік, не заставайся тут, а ідзі з нашай сям'ёй».
Дамавік, які жыў у згодзе з гаспадарамі, абавязкова папярэджваў пра надыходзячую бяду ці нястачу. Той, хто пачуе гэтыя перасцярогі, адолее непрыемнасці.
З пакалення ў пакаленне перадаваліся пэўныя забароны ў адносінах да дамавіка: заходзячы ў хлеў, гучна не размаўлялі, каб лішні раз не «турбаваць» дамавіка; калі прыносілі ў хату дровы, не кідалі іх з грукатам; жанчыны не павінны былі хадзіць па хаце з распушчанымі і не пакрытымі хустай валасамі.
Пра дамавіка, яго свавольствы і жарты, як ён выглядае і калі з'яўляецца ў сем'ях, шмат расказвалі ў тыя дні, калі па традыцыі яго трэба было частаваць. Адзін з такіх дзён—10 лютага.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Хто ў доме гаспадар? // «Народная газета» № 186(5852), 10 ліст. 2010;
- Катовіч А., Крук Я. Хто ў доме гаспадар? Або чым пачаставаць Дамавіка // «Звязда» № 16 (25881), 25 студз. 2007.