Дзень святога Мікалая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
“Свята Мікалая”. Карціна нідэрландскага мастака Яна Стэна. Паміж 1665 і 1668 гг

Дзень Святога Мікалая (у адпаведнасці з беларускай народнай традыцыяй — Мікола, Мікола Зімовы) — дзень святкавання і памяці хрысціянскага свяціцеля Мікалая, біскупа Мір-Лікійскага (Цудатворца).

Дзень святога Мікалая адзначаецца хрысціянскімі цэрквамі 6 снежня (па Грыгарыянскім і Новаюліянскім календарах). Па Юліянскім календары ў ХХ-ХХІ стагоддзях свята прыпадае на 19 снежня, а з 2100 года яно павінна пасунуцца на 20 снежня.

Па традыцыі ў гэтую ноч Святы Мікалай пакідае падарункі пад падушкамі дзецям. Напярэдадні свята дзеці пішуць яму лісты са сваімі пажаданнямі і апускаюць іх у паштовую скрыню або кладуць на акно. Паслухмяныя дзеці знаходзяць падарунак пад падушкай, а непаслухмяныя - так званы "дубчык". Гэтая рэзкасць служыць своеасаблівым папярэджаннем дзіцяці аб тым, што час задумацца над сваімі паводзінамі і выправіцца.

Мікалай, біскуп Мір-Лікійскі быў багатым чалавекам і клапаціўся пра тагачасную беднату. Верагодней за ўсё, традыцыя дарыць падарункі пачалася з вядомага выпадку, калі збяднелы мужчына не змог забяспечыць пасагам сваіх трох дачок. Згодна з мясцовымі звычаямі, яны не маглі ажаніцца, а калі не змаглі б знайсці працу, то павінны былі стаць прастытуткамі. Мікалай, які тады яшчэ не быў біскупам, даведаўшыся пра гэта, вырашае выкарыстаць сваю бацькоўскую спадчыну для дапамогі бедным. Тры ночы ён прабіраўся ў бедную хаціну і кожны раз кідаў праз акно ў пакой, дзе спалі сёстры, залаты кавалак - у пасаг кожнай з дачок. Акрамя таго, Святы Мікалай пажадаў, каб тры дачкі не даведаліся, хто падкінуў ім гэтае золата.

Верагодна, гэтая традыцыя пайшла з сярэднявечнай Германіі, дзе напярэдадні свята бацькі дарылі дзецям новую зімовую вопратку. З часам гэта сталі рабіць таемна, ноччу, каб дзеці паверылі ў цуды святога. Пазней сталі дарыць і пачастункі: арэхі, сухафрукты і спецыяльныя салодкія хлябцы з сушанымі грушамі; школьныя прылады, цацкі, якія клалі ў новы або начышчаны і адрамантаваны стары абутак, які ставілі каля каміна або клані ў панчохі, якія развешвалі на камінах для прасушкі.

Дзеці верылі, што святы праз комін кідае падарункі ў хату. Лічылася, што імёны тых, хто варты або не варты падарунка, заносіліся ў Залатую кнігу, якой валодаў Святы Мікалай. Таксама дзеці часта верылі, што Мікалай прыходзіць з аслом, які яму дапамагае. Таму побач з абуткам для осліка пакідалі моркву. Лічылася, што ён паходзіць ад асла, на якім Ісус Хрыстос урачыста ўехаў у Іерусалім.

У некаторых краінах у Святога Мікалая ёсць і іншыя спадарожнікі. У Аўстрыі напярэдадні свята па гарадах бегае чорт, якога пасля праганяе Святы Мікалай, збіраючыся раздаваць падарункі. У Чэхіі лічыцца, што святога суправаджаюць д'ябал і анёл: у кожнага з іх ёсць кніга, дзе запісваюцца добрыя і дрэнныя ўчынкі дзіцяці, на падставе якіх святы вырашае, ці з'яўляецца дзіця вартым падарункаў. У Нідэрландах дзеці верылі, што святы кожны год прыязджаў у Ротэрдам на караблі з Іспаніі, які ў іх уяве атаясамлівалася з цёплымі краінамі. Мікалай уязджаў у горад на кані ў чырвоным адзенні каталіцкага біскупа і з біскупскім посахам і, праязджаючы па краіне, раздаваў падарункі. Цяпер паводле гэтай легенды кожны год адбываецца тэатралізаванае дзейства. Пазней дзеці сталі пісаць святому лісты, у якіх пералічвалі свае добрыя ўчынкі, прасілі прабачэння за дрэнныя і пісалі, які менавіта падарунак хочуць атрымаць.

З Германіі звычай распаўсюдзіўся ў суседнія краіны — Аўстрыю, Нідэрланды, Чэхію, Славакію, Польшчу, адкуль, верагодна, перайшоў і на беларускія землі.

У перыяд Рэфармацыі, калі шанаванне святых асуджалася, у пратэстанцкіх краінах Святога Мікалая замянілі на нованароджанага Ісуса, адпаведна на Каляды сталі дарыць падарункі ад яго імя. З прыходам Контррэфармацыі традыцыя дарыць падарункі ад імя Мікалая аднавілася, але ўжо трывала была прывязана да Калядаў.

З прыходам савецкай улады на Беларусь Святы Мікалай, як і астатнія рэлігійныя сімвалы, быў выцеснены штучна створаным вобразам свецкага казачнага персанажа Дзеда Мароза.