Заходняя Фракія
Заходняя Фракія (балг.: Беломорска Тракия, літаральна — Эгейская Фракія, таксама Западна Тракия ці Гръцка Тракия; грэч. Θράκη, Тракі ці Διτικι Θράκι, Дзіцікі Тракі ці Ελληνικι Θρακι, Элінікі Тракі; турэцк.: Bati Trakya Баты Тракьяээ ці Yunanistan Trakya, Юнаністан Тракья) — гісторыка-геаграфічная вобласць са старажытнай гісторыяй, адна са складаючых частак больш буйной вобласці Балканскага паўвострава, вядомай як Фракія. Цяпер Заходняя Фракія уваходзіць у склад Грэцыі і з’яўляецца часткай адміністрацыйнай вобласці Усходняя Македонія і Фракія.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Заходняя Фракія з’яўляецца часткай больш вялікай вобласці на паўднёвым усходзе Балкан (гл. Фракія).
Заходняя Фракія знаходзіцца ў Грэцыі паміж ракой Места (грэч. Нестас) на захадзе, ракой Марыцай на ўсходзе. На поўначы вобласць акружаюць горы Радопы. Цяпер да Заходняй Фракіі належаць тры адміністрацыйных акругі (нома) Грэчаскай Рэспублікі: Эўрас, Ксанці і Радопі. Заходняя мяжа нома Ксанці звычайна прымаецца за заходнюю мяжу Заходняй Фракіі. Да Заходняй Фракіі таксама адносіцца востраў Самафракія, ў Эгейскім моры, які з’яўляецца часткай нома Эўрас. Прыблізная плошча Заходняй Фракіі — 8578 км². Найбуйнейшы горад вобласці — Камаціні (па-балгарску вядомы таксама як Гюмюрджына) з насельніцтвам ад 63 774 чалавек (згодна з перапісам 2001 года).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя Заходняй Фракіі, як і Фракіі ўвогуле, мае вельмі бурны характар, асабліва ў XIII—XIV стагоддзях, а таксама ў пачатку XX стагоддзя, што шмат у чым звязана з яе геаграфічным становішчам і набліжанасцю да стратэгічна важнага горада і цэнтра праваслаўнага света Сярэднявечча — Канстанцінопаля.
Антычная гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У VI стагоддзі да н.э. на тэрыторыі Заходняй Фракіі сфарміравалася Адрыскае царства, якое дасягнула найвышэйшай магутнасці ў V—VI стагоддзях да н.э. У IV стагоддзі да н.э. ім авалодалі жыхары Македоніі, пачынаецца прагрэсіўная элінізацыя насельніцтва Фракіі, якое складалася ў асноўным з індаеўрапейскіх ілірыйскіх плямен. У 45 годзе н.э. гэтыя землі афіцыйна пераходзяць пад юрысдыкцыю Рымскай імперыі, а ў 395 г. н. э. уваходзяць у склад Візантыі.
Сярэнявечная гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У VI—IХ стагоддзях, большая частка Фракіі аказваецца заселенай славянскімі плямёнамі, з якіх пры ўдзеле аўтахтоннага насельніцва фарміруецца балгарскі этнас. Грэчаскае насельніцва ў асноўным захоўваецца на ўзбярэжжы Эгейскага мора і ў даліне Марыцы. Лацінская імперыя ўключыла Заходнюю Фракію ў свой склад, потым правінцыя вярнулася пад кантроль Візантыі, але на кароткі час. Сербія і Балгарыя зноў выдвігаюць свае тэрытарыяльня прэтэнзіі, пакуль, рэгіён не пераходзіць пад кантроль турак-мусульман у сярэдзіне XIV стагоддзя. У XV—XVI стагоддзях большая частка аўтахтонага хрысціянскага насельніцтва ісламізуецца, шмат хто з грэкаў і, ў меншай ступені балгары пераходзяць на турэцкую мову.
Да пачатку Балканскіх войн ХХ стагоддзя цюркамоўныя мусульмане складалі каля 70 % насельніцва рэгіёна, а праваслаўныя грэкі — толькі каля 17 % насельніцтва.
Сучасная гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гюмюрджынская рэспубліка
[правіць | правіць зыходнік]У канцы XIX — пачатку XX стст., Заходняя Фракія стала аб’ектам дамаганняў з боку незалежных Балгарыі і Грэцыі (Гл. Вялікая ідэя Венізэласа і Энозіс). У выніку Балканскіх войн 1912—1920 гг. саюзнікі дамагліся значных поспехаў у барацьбе з Турцыяй, хаця ў Заходняй Фракіі іх дзеянні сутыкнуліся с моцным супраціўленнем мусульманскага насельніцтва, якое падняло мяцеж. У выніку ўтварылася Гюмюрджынская рэспубліка плошчай 4 578 км², праіснаваўшая з 31 жніўня па 25 кастрычніка 1913 года, з цэнтрам у горадзе Камоцін (Грэцыя). Мясцовыя мусульмане імкнуліся зноў увайсці ў склад Турцыі.
У 1922 годзе, пасля паражэння Грэцыі ў вайне з Турэцкай рэспублікай, Заходняя Фракія, тым не менш, была адзінай тэрыторыяй, якую аддалі Грэцыі. Усходняя Фракія і горад Канстанцінопаль (Стамбул) былі канчаткова пераданыя Турцыі. Усё грэчаскае насельніцтва Усходняй Фракіі (за выключэннем Стамбула) было вымушана перасяліцца за раку Марыца (Грэка-турэцкі абмен насельніцтвам). У той жа час, заходнія дзяржавы дазволілі заходнефракійскім мусульманам (86000 чалавек) застацца ў месцах свайго традыцыйнага пражывання. Частка грэка-праваслаўнага насельніцтва ў рэгіёне ўзрасла з 17 % да 67 %, а мусульманскага паменшылася да 29 %.