Зэлік Майсеевіч Аксельрод

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зелік Маісеевіч Аксельрод
ідыш: זעליק אַקסעלראָד
Зэлік Аксельрод у маладосці, 1920-я гады
Зэлік Аксельрод у маладосці, 1920-я гады
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 30 снежня 1904(1904-12-30)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 26 чэрвеня 1941(1941-06-26) (36 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, перакладчык
Гады творчасці 1922-1941
Мова твораў ідыш
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Зэлік Аксельрод (30 снежня 1904, Маладзечна — 26 чэрвеня 1941, Мінск) — яўрэйскі паэт, перакладчык. Брат мастака Меера Аксельрода.

Шмат скітаўся з прычыны першай сусветнай вайны, вучыўся ў Маскве ў Педагагічным інстытуце імя Бубнова, у 1922 — 25 у Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя Брусава, у 1928 скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага педінстытута. Менавіта мастацкая атмасфера Масквы 1920-х паўплывала на фарміраванне паэтычнага густу Аксельрода, творы якога вылучаліся лірызмам.

Пасля вучобы вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, а з 1931 адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка)[2]. За кароткае жыццё выпусціў 4 кніжкі вершаў, першую ў 1922 годзе. Пісаў на мове ідыш. Член БелАПП з 1928, у 1934 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе разам з Ізі Харыкам узначальваў секцыю яўрэйскіх пісьменнікаў.

З поспехам выступаў у Мінску з вершамі, пазнаёміў адну з прыхільніц Рыўку Рубіну з братам Меерам, што завяршылася іх шлюбам[3]. Зборнік вершаў «Вока за вока» выйшаў у 1937 годзе на рускай у перакладах Міхаіла Светлова.

У вершах ухваляў сацыялістычныя пераўтварэнні ў краіне, сяброўства савецкіх народаў[4]. Перакладаў на ідыш беларускую і расійскую класіку (Я. Купала, А. С. Пушкін, М. Някрасаў)[4]. Пераклаў паэму «Вялікаму Сталіну ад беларускага народа», але гэта не выратавала яго ад рэпрэсій, бо пастаянна абвінавачваўся крытыкамі ў «буржуазным індывідуалізме», «нездаровай цікавасці да мінулага» і т. п. У 1939 годзе Зэлік Аксельрод паехаў у Беласток, дзе апякаў групу яўрэйскіх пісьменнікаў, уцекачоў з Польшчы, быў адказным сакратаром, а затым і апошнім галоўным рэдактарам часопіса «Беластокер Штэрн» (Зорка). Там ён сустрэў Пэрл Вайсенберг, дачку вядомага яўрэйскага пісьменніка Іцхака-Мэір Вайсенберга (Isaac Meir Weissenberg), і ажаніўся з ёю.

Выступаў супраць закрыцця школ на мове ідыш, звярнуўся разам з Гіршам Камянецкім з лістом да першага сакратара кампартыі Беларусі П. К. Панамарэнка. На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў Мінска 30-га мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Лынькову, які сцвярджаў, «што яўрэйскія савецкія пісьменнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасці», неўзабаве быў арыштаваны. На допыце 18 чэрвеня быў абвінавачаны ў дачыненні да «пісьменніцкай нацыяналістычнай арганізацыі».

Па сведчаннях відавочцаў, 26 чэрвеня 1941 года пры адступленні Чырвонай Арміі з Мінска зняволеных адвезлі ў лес, адабралі палітычных і расстралялі, у тым ліку і Аксельрода. Родныя ведалі толькі аб арышце, завіхаліся аб вызваленні, дамагліся заступніцтва Іллі Эрэнбурга, але доўгія гады атрымлівалі супярэчлівыя адказы на запыты аб лёсе Зэліка Аксельрода[5]. Рэабілітаваны ў 1957.

Некалькі кніг выйшла пасмяротна, у складанні ўдзельнічаў брат Меер Аксельрод і яго жонка пісьменніца Рыўка Рубіна, выйшла кніга і ў перакладзе на рускую, прадмова Р. Рубінай, афармленне М. Аксельрода, вялікая частка перакладаў — Алена Аксельрод. Адна кніга выйшла значна пазней пасля яго смерці ў Нью-Ёрку ў 1961 годзе.

Анатоль Наліваеў «Партрэт паэта З. Аксельрода»

Зноскі

  1. Zelik Aksel’rod // Прабук — 2018.
  2. Костырченко Г. В.. Сталин против «космополитов». Власть и еврейская интеллигенция в СССР. Праверана 8 мая 2011.
  3. Елена Аксельрод. Двор на Баррикадной. — М.: Новое литературное обозрение, 2008. — С. 43. — 608 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-5-86793-596-2.
  4. а б т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  5. Елена Аксельрод. Двор на Баррикадной. — М.: Новое литературное обозрение, 2008. — С. 105-111. — 608 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-5-86793-596-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]