Канстытуцыя КНДР
Сацыялістычная Канстытуцыя КНДР (кар.: 조선민주주의인민공화국 사회주의헌법), Кімірсенска-кімчэнірская канстытуцыя (김일성 - 김정일 헌법, да 2012 года Кімірсенская канстытуцыя, 김일성 헌법) — асноўны закон Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Як піша японскі гісторык М. Сіматамаі ў манаграфіі «Кім Ір Сэн і Крэмль: Паўночная Карэя эпохі халоднай вайны (1945-1961 гг.): Выданне МГІМО-Універсітэт», 2009 г. на старонках 82-84, праект канстытуцыі будучай КНДР абмяркоўваўся ў Маскве з удзелам І. В. Сталіна, В. М. Молатава і будучага першага пасла СССР у КНДР Т. Ф. Штыкава. Першая Канстытуцыя была прынята ў КНДР 8 верасня 1948 года. У ёй, у прыватнасці, сталіцай КНДР абвяшчаўся Сеул (фактычна непадкантрольны паўночнакарэйскім уладам)[1], былі ўсталяваныя асновы дзяржаўнага ладу. У 1954 і 1955 гадах у Канстытуцыю былі ўнесены змены[2].
Цяпер дзейсная Канстытуцыя была прынятая пятым скліканнем Вярхоўнага народнага сходу КНДР 27 снежня 1972 года. Змены ў Канстытуцыю ўносіліся 9 красавіка 1992 года, 5 верасня 1998 года, 27 верасня 2009 года[3]. Апошнія папраўкі ў Канстытуцыю ўносіліся ў 2016 годзе[4].
Правы КНДР
[правіць | правіць зыходнік]У артыкуле 156 Канстытуцыі прыводзіцца пералік крыніц права. У прыватнасці, да іх аднесены[5]:
- 1) Канстытуцыя;
- 2) законы, пастановы і рашэнні Вярхоўнага народнага сходу;
- 3) загады старшыні нацыянальнай камісіі абароны;
- 4) рашэнні і дырэктывы нацыянальнай камісіі абароны;
- 5) дэкрэты, рашэнні і дырэктывы Прэзідыума Вярхоўнага народнага сходу;
- 6) рашэнні і дырэктывы Кабінета.
Змены
[правіць | правіць зыходнік]2009 год
[правіць | правіць зыходнік]У верасні 2009 года з’явіліся паведамленні, што КНДР перагледзела сваю Канстытуцыю. У прыватнасці, з яе было выключана згадванне камунізму[6]. Таксама ўпершыню ў Канстытуцыі былі адлюстраваны паўнамоцтвы Кім Чэн Іра як кіраўніка дзяржавы: у артыкул 100 было ўнесена палажэнне аб тым, што «старшыня Дзяржаўнага камітэта абароны з’яўляецца вышэйшым кіраўніком Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі»[7].
2012 год
[правіць | правіць зыходнік]Папраўка ў канстытуцыю была ўнесена на сесіі Вярхоўнага Народнага Сходу КНДР у красавіку 2012 года.
Змены:
- Зменена назва Канстытуцыі
- КНДР з’яўляецца ядзернай дзяржавай.
Структура і змест
[правіць | правіць зыходнік]- Прэамбула
- Частка 1. Палітыка
- Частка 2. Эканоміка
- Частка 3. Культура
- Частка 4. Абарона краіны
- Частка 5. Асноўныя правы і абавязкі грамадзян
- Частка 6. Дзяржаўныя органы
- Раздзел 1. Вярхоўны Народны Сход
- Раздзел 2. Старшыня Дзяржаўнага Камітэта Абароны
- Раздзел 3. Дзяржаўны Камітэт Абароны
- Раздзел 4. Прэзідыум Вярхоўнага Народнага Сходу
- Раздзел 5. Кабінет міністраў
- Раздзел 6. Мясцовыя Народныя сходы
- Раздзел 7. Мясцовыя Народныя камітэты
- Раздзел 8. Пракуратура і суд
- Частка 7. Герб, сцяг, гімн і сталіца
У першым раздзеле канстытуцыі КНДР абвяшчалася сацыялістычнай (1-ы артыкул) і рэвалюцыйнай (2-і артыкул) дзяржавай, «якая кіруецца палітыкай самадастатковасці і першаснасцю арміі» (3-і артыкул). Паводле 11-га артыкула, «КНДР мае ажыццяўляць усю дзейнасць пад кіраўніцтвам Працоўнай партыі Карэі». У 17-м артыкуле згадвалася, што «Дзяржава мае імкнуцца да адзінства з народамі ўсяго свету, якія абараняюць сваю незалежнасць».
У 2-м раздзеле абвяшчалася, што «ў КНДР сродкі вытворчасці належаць дзяржаве і грамадскім, кааператыўным арганізацыям» (20-ы артыкул). Паводле 21-га артыкула, «Усе прыродныя багацці, чыгункі, службы паветраных перавозак, пошта і ўстановы сувязі, як і асноўныя заводы і прадпрыемствы, парты і банкі краіны належаць выключна дзяржаве. Дзяржава мае бараніць і развіваць на пераважнай аснове дзяржаўную ўласнасць». Згодна з 30-м артыкулам «Працоўны дзень мае складаць 8 гадзін». Таксама дзяржава забараняе найм ва ўзросце да 16 гадоў (31-ы артыкул). Паводле 34-га артыкула, «Народная гаспадарка КНДР з’яўляецца планавай». 37-ы артыкул прадугледжвае, што «Дзяржава мае заахвочваць установы, прадпрыемствы і арганізацыі краіны ажыццяўляць капітальныя або дамоўныя сумесныя пачынанні з замежнымі карпарацыямі і асобамі, засноўваць і кіраваць прадпрыемствамі розных відаў у спецыяльных эканамічных зонах».
3-і раздзел змяшчаў 45-ы артыкул, паводле якога: «Дзяржава мае развіваць усеагульную абавязковую 12-гадовую адукацыю, што ўключае абавязковую 1-гадовую дашкольную асвету». Паводле 54-га артыкула, «Дзяржава мае абараняць нашу мову ад усіх спроб знішчыць яе і мае развіваць яе ў адпаведнасці з патрэбамі сённяшняга дня». У 4-й раздзеле 59-ы артыкул прадугледжваў, што «Задачай узброеных сіл КНДР ёсць абарона правадыроў рэвалюцыі». 5-ы раздзел абвяшчаў: «Усе грамадзяне, якія дасягнулі 17 гадоў, маюць права выбіраць і быць выбранымі» (артыкул 66). Паводле 83-га артыкула, «Праца з’яўляецца высакародным абавязкам… Грамадзяне маюць ахвотна і сумленна ўдзельнічаць у працы».
Паводле 7-га раздзела, апошні 172-і артыкул Сацыялістычнай Канстытуцыі вызначаў Пхеньян у якасці сталіцы замест Сеула, як гэта было ў папярэдняй Канстытуцыі 1948 года.
6-ы раздзел Сацыялістычнай Канстытуцыі КНДР падзяляўся на 8 частак:
- Вярхоўны народны сход (артыкулы 87—99);
- Старшыня Дзяржаўнага савета (артыкулы 100—105);
- Дзяржаўны савет (артыкулы 106—111);
- Прэзідыум Вярхоўнага народнага сходу (артыкулы 112—122);
- Кабінет міністраў (артыкулы 123—136);
- Мясцовыя Народныя сходы (артыкулы 137—144);
- Мясцовыя Народныя камітэты (артыкулы 145—152);
- Пракуратура і суд (артыкулы 153—168).
Паводле 1-й часткі, Вярхоўны народны сход (ВНС) ажыццяўляе заканадаўчую ўладу і выбіраецца на 5 гадоў. Прызыдыум ВНС пераймае ўладу паміж пасяджэннямі ВНС. Паводле 91-га артыкула, Вярхоўны народны сход мае паўнамоцтвы выбіраць старшыню Дзяржаўнага савета, прэм’ера Кабінэта міністраў, склад свайго Прэзідыума, галоўнага пракурора і старшыню Вярхоўнага суда.
Паводле 2-й часткі, старшыня Дзяржаўнага савета з’яўляецца найвышэйшым кіраўніком КНДР (артыкул 100) і яе арміі (артыкул 102). Ён мае паўнамоцтвы прызначаць кіраўнікоў у галіне абароны, зацвярджаць міжнародныя дамовы, абвяшчаць надзвычайнае становішча і гэтак далей (артыкул 103). Згодна з 3-й часткай Дзяржаўны савет назірае за выкананнем загадаў свайго старшыні (артыкул 109).
4-я частка надзяляе Прэзідыум ВНС паўнамоцтвамі зацвярджаць Дзяржаўны план развіцця народнай гаспадаркі, тлумачыць канстытуцыю і законы, праводзіць выбары, ствараць і скасоўваць ведамствы Кабінэта міністраў, прызначаць і адклікаць паслоў, змяняць адміністрацыйны падзел краіны (артыкул 116). Прэзідыум можа склікаць пасяджэнне свайго Пастаяннага камітэта ў складзе старшыні, намеснікаў і сакратара. Паводле 5-й часткі Кабінэт міністраў ажыццяўляе выканаўчую ўладу і мае паўнамоцтвы складаць накід Дзяржаўнага плану развіцця народнай гаспадаркі.
Зноскі
- ↑ Север — русским, юг — американцам
- ↑ Советская историческая энциклопедия, ст. «Конституции социалистических государств»
- ↑ А. В. Юрковский ОБЩАЯ ХАРАКТЕРИСТИКА НЕКОТОРЫХ ОСОБЕННОСТЕЙ ГОСУДАРСТВЕННО-ПРАВОВОГО СТРОИТЕЛЬСТВА В КОРЕЙСКОЙ НАРОДНОЙ ДЕМОКРАТИЧЕСКОЙ РЕСПУБЛИКЕ
- ↑ Сацыялістычная Канстытуцыя Карэйскай Народна-дэмакратычнай рэспублікі. — Пхеньян: Выдавецтва літаратуры на замежных мовах, 2014.
- ↑ Анатолий Пронин. Общая характеристика права КНДР.(недаступная спасылка)
- ↑ Власти КНДР вычеркнули слово «коммунизм» из конституции
- ↑ В новой конституции КНДР особо выделена роль Ким Чен Ира — Мир — Правда.Ру
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Конституция Корейской Народно-Демократической Республики (на русском, редакция 1992 года)
- Конституция в редакции перед поправками 1998 года
- Chin Gil Sang Обзор поправок 1998 года (англ.)
- Конституция Корейской Народно-Демократической Республики(недаступная спасылка)
- Конституция Корейской Народно-Демократической Республики (с изменениями 2009 года) (англ.)