Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Рукшаніцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Глыбачка
Канфесія Каталіцтва
Архітэктурны стыль народнае дойлідства з рысамі барока
Першае згадванне 1774
Дата пабудовы 1804 год
Стан страчаны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі — колішні драўляны каталіцкі храм у вёсцы Глыбачцы (колішняя вёска Рукшаніцы) Ушацкага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы парафіяльны драўляны касцёл існаваў з 1774 года (ксёндз Стафан Леановіч). У 1804 годзе намаганнямі парафіян і ксяндза Аляксандра Якубоўскага пастаўлены новы драўляны храм. Калісьці тут была езуіцкая місія, потым сяліліся дамініканцы. У 1912 годзе налічвалася 607 парафіян. Храм зруйнаваны ў 1939 годзе.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Хоры і арган касцёла

Архітэктура крыжова-купальнага храма мела народна-этнаграфічны характар і рысы стылю барока.

Галоўны фасад фланкіравалі дзве трохярусныя чацверыковыя шатровыя вежы, якія завяршаліся макаўкамі і мелі паміж сабой двухгранны шчыт. Ярусы вежаў вылучаліся шырокімі гонтавымі адлівамі. Цэнтральны восьмігранны зруб завяршаўся адкрытым у інтэр’еры шатром з цыбульчатай галоўкай на восьмігранным барабане.

Ніжэйшыя бакавыя прамавугольныя прырубы пад двухсхільнымі дахамі і трохгранная апсіда з бакавымі сакрысціямі надавалі кампазіцыі будынка барочную яруснасць і аб’ёмную поліганальнасць. 3 вертыкалізмам кампазіцыі храма кантраставала гарызантальная шалёўка фасадаў, на фоне якой вылучаліся прамавугольныя вокны і брусы-сцяжкі.

Галоўны ўваход вылучаўся трохвугольным франтонам, над якім фасад быў прарэзаны акном хораў і ўмацоўваўся брусамі-сцяжкамі. Мастацкімі рарытэтамі інтэр’ера з’яўляліся разная драўляная скульптура Хрыста і старажытны арган з бубнамі і званочкамі старажытнай работы з разьбой у стылі барока. Галерэя хораў раскрывалася ў залу ступеньчатай аркай і мела парапет, філёнгі якога запаўняла алейная размалёўка з выявамі музычных інструментаў. У апсідзе стаяў 2-калонны драўляны алтар, адмежаваны ад малітоўнай залы жалезнай рашоткай у выглядзе атычнай аркатуры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Архітэктурная спадчына Ушаччыны // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — С. 559—566.
  • Касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн., 2000. — С. 195.
  • Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 451—452.