Каталіцтва ў Тамбоўскай вобласці
Распаўсюджванне каталіцтва на Тамбоўшчыне пачалося з ссыльных удзельнікаў Польскага паўстання 1863—1864 гадоў. На сённяшні дзень у рэгіёне дзейнічае адзін каталіцкі храм.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Студзеньскага паўстання з польскіх і беларуска-літоўскіх губерняў у розныя рэгіёны Расійскай імперыі сасланы многія мяцежнікі і іх прыхільнікі, у тым ліку каталіцкае духавенства. У перыяд з 1863 па 1876 год у Тамбоўскай губерні апынулася 28 ксяндзоў. Найбольшая іх колькасць, 24 чалавекі, прыйшлася на другую хвалю ссылак. Святары, сасланыя ў 1863—1864 гады, непасрэднага ўдзелу ў паўстанні не прымалі. Ім ставілася ў віну або «падазрэнне ва ўдзеле», або «палітычная нядобранадзейнасць». Яны вярнуліся на радзіму пасля 1871 года. Другая хваля ссыльных прыбыла з Сібіры пасля амністыі 1874 года. Ксяндзы з гэтай групы былі актыўнымі ўдзельнікамі паўстання. Тут святары працягвалі адбываць пакаранне пад паліцэйскім наглядам. Толькі ў 1881 годзе ім дазволілі вярнуцца на радзіму. Да гэтага часу з усіх ксяндзоў 7 чалавек памерлі, а яшчэ 17 пакінулі Тамбоў і выехалі ў іншыя краіны[1].
Найбольш актыўная каталіцкая абшчына пражывала ў Кірсанаве, дзе знаходзіліся 4 святары. Тут праводзіліся падпольныя набажэнствы. Як было ўстаноўлена ў губернскім жандармскім упраўленні, на каталіцкі Вялікдзень 1876 года на чале з ксяндзом Карнеліем Карчмарскім праведзена набажэнства з удзелам 21 чалавека, з іх 7 дзяцей[1].
Частка каталікоў засталася на Тамбоўшчыне нават пасля заканчэння ссылкі[2].
20 кастрычніка 1896 года ў публічнай бібліятэцы горада Тамбова на нараду сабраліся 63 тамбоўскіх каталіка, якія адважыліся пабудаваць каталіцкі храм. Будаўніцтву касцёла папярэднічала бюракратычная цяганіна з дазволамі і зацвярджэннямі. Дазвол на пабудову прыйшоў у студзені 1898 года. 6 верасня быў асвечаны закладны камень. Будаўніцтва скончана ў 1903 годзе, цырымонія адкрыцця адбылася 25 мая. Касцёл названы ў гонар Узвышэння Святога Крыжа[3][2].
Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года храм прыйшоў у заняпад. Паступова раскралі царкоўнае начынне, страчаны метрычныя кнігі (запісы нараджэнняў, смерцяў, шлюбаў і іншага). У 1935 годзе ўлады арыштавалі пробашча касцёла Язэпа Вяржбіцкага, а сам храм зачынілі. У 1943 годзе ў будынку пачаў працаваць шарыкападшыпнікавы завод, які пазней збанкрутаваў. У 90-х за аднаўленне касцёла ўзяліся баптысты, расчысціўшы будынак ад смецця. Затым храм перайшоў да праваслаўнай царквы. У жніўні 1996 года за касцёл узялося Рымска-каталіцкае аб’яднанне. Аднаўленне пачалося ў 1997 годзе. Значную дапамогу аказалі ў Польшчы, дзе сабралі грошы для рэстаўрацыі, рамонту і добраўпарадкавання храма. 2 кастрычніка 2001 года адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця[3][2].
Абшчына
[правіць | правіць зыходнік]На 1896 год на Тамбоўшчыне налічвалася 683 каталікі, галоўным чынам палякаў. Як заявіў у 2017 годзе пробашч Царквы Узвышэння Святога Крыжа Роберт Балек (ураджэнец Славакіі), большая частка прыхаджан маюць польскія, беларускія, украінскія, нямецкія і прыбалтыйскія карані. Траціна вернікаў — замежныя студэнты тамбоўскіх універсітэтаў з Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Васкрасную імшу звычайна наведвае 70 чалавек, у буднія дні —10—15[2].
Паводле даследавання 2001 года, праведзенага Тамбоўскім дзяржаўным універсітэтам, у каталіцкай абшчыне пераважаюць рускія (68%), беларусы (13%) і літоўцы (14%). Астатнія 14% складаюць палякі і немцы. 7% сямей каталікоў пражывалі ў рэгіёне ўжо больш за 200 гадоў, сем’і 21% — да 150 гадоў, 13% — каля 100 гадоў, 27% — 50—30 гадоў, 32% — менш за 10 гадоў. 72 адсоткі станоўча ацанілі стаўленне да сябе як прадстаўнікоў іншай культуры і веравызнання, а 28 адсоткаў каталікоў ацанілі гэтае стаўленне як нейтральнае. Амаль трэць членаў абшчыны (29%) паведамілі, што з’яўляюцца паслядоўнымі прыхільнікамі нацыянальных традыцый і выконваюць усе святочныя звычаі і абрады. На валоданне этнічнай мовай паказалі 52%. 42 адсоткі каталікоў паказалі, што яны адчуваюць сябе членамі «спецыфічнай сацыяльнай групы»[4].
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Левин, О.Ю. Ссыльное католическое духовенство в Тамбовской губернии в 1863–1878 годы // Богословский сборник Тамбовской духовной семинарии. 2020 № 3 (12). С. 94–108.
- ↑ а б в г ОБЛАСТЬ РУССКАЯ, А ВЕРА РИМСКАЯ: КАК ЖИВЕТ КАТОЛИЧЕСКАЯ ОБЩИНА В ТАМБОВСКОЙ ОБЛАСТИ
- ↑ а б ГОТИКА В ТАМБОВЕ ИЛИ КАК КАТОЛИЧЕСКИЙ ПРИХОД ПРЕВРАТИЛСЯ В ШАРИКОПОДШИПНИКОВЫЙ ЗАВОД
- ↑ Т.Г. Бортникова, М.И. Долженкова Об этно-конфессиональных аспектах региональной соицокультурной ситуации // Вестник Тамбовского университета, выпуск 2 (22), 2001, с. 39-45
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]