У сусветнай фаўне налічваецца каля 500 відаў. У Беларусі найбольш вядомыя прадстаўнікі з родаў агелена (Agelena), тэгенарыя (Tegenaria) і павук-серабранка (Argyroneta aquatica). Жывуць у траве, лясным подсціле, пад камянямі, карой дрэў, у стаячых вадаёмах, зарослых воднымі раслінамі.
Лоўчыя сеткі падобныя да лейкі (адсюль назва), трубка якой служыць сховішчам і гняздом на перыяд размнажэння (у павука-серабранкі лейка трансфармавана ў падводны каўпак).
Яйцавы кокан сачавіцападобны, змяшчае 50—60 яец, часта абкладзены звонку кавалачкамі драўніны; ахоўваецца самкай. Перыяд размнажэння ад мая да верасня—кастрычніка, аднак палаваспелыя асобіны, напрыклад, агелены лабірынтавай (Agelena labyrinthica), адзначаюцца толькі ўвосень.