Літвякі (літвіны)
Літвякі (літвакі) — у XIX стагоддзі рэгіянальная назва дзвюхмоўных літвіноў Ковеншчыны і Вількаміршчыны, якія ўжывалі ў гутарцы дзве мовы — беларускую і жамойцкую, альбо іх сумесь.
Праз актыўную каталіцкую прапаганду і ўвязанне ў касцёле жамойцкай мовы, мясцовае жыхарства пад канец XVIII стагоддзя стала ўжываць у гутарцы дзве мовы — беларускую і жамойцкую, альбо іх сумесь, у якой значна перавышала беларуская мова. З боку засталых літвіноў (беларусаў) і ксяндзоў гэтае дзвюхмоўнае жыхарства было празвана «літвякамі»[1].
Расійскі навуковец І. Казлоўскі ў 1869 годзе адцеміў, што гэтых дзвюхмоўных «літвякоў» жыхары ўласна Жамойці менавалі «гудамі», то бок славянамі, такім парадкам прызнаючы за імі славянскую прыналежнасць і адасабляючы іх ад сябе.
І. Казлоўскі пісаў, што калі прыраўнаць тагачасную (1869 году) тэрыторыю, на якой ужывалі літоўскую мову, да тэрыторыі, у граніцах якой тую ж літоўскую мову ўжывалі блізу 1700 года, то можна ўбачыць, што праз гэты час літоўская мова паспела пашырыцца на тэрыторыю ўдвая большую. Усе гэтыя «новыя літоўцы», як іх палякі менавалі ў 1869 годзе, размалялі на дзвюх мовах: беларускай і літоўскай, у якой было непараўнальна больш беларускіх слоў, чым літоўскіх. Заразом жамойты, то бок жыхары Цельшыцкага, Шавельскага і Расенскага паветаў менавалі гэтых новых літоўцаў «гудамі», то бок славянамі, і не лічылі іх часткай літоўскага народу[2].
Па высновах польскага гісторыка Лялевеля, назвы вёсак Ковенскае губерні Гуды, Гудышкі, Гудырві, Гудыўны, Гудлоўскія, Гідзелі, Гудсоды, Гудкальні, Гудвіцы, Гудакі, Гуткаў і да т. п. азначаюць тое самае, што словы «русін», «рускія» і паказваюць, што жыхары гэтых вёсак пакінулі ўжываць беларускую мову пазней за жыхароў іншых вёсак у Ковенскай губерні, і таму атрымалі сваю сённяшнюю назву, калі слова «гудас», то бок «русін», стала ў палякаў зневажальным словам[3].
Тым жа часам, у XIX стагоддзі літвіны-беларусы і каталіцкія ксяндзы менавалі гэтых дзвюхмоўных літвіноў Ковеншчыны і Вількаміршчыны «літвякамі»[2].
Дадатковыя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]У цяперашні час назва «літвакі-калыбанюкі» існуе ў якасці мясцовага этнікону на беларуска-ўкраінскім Палессі (між Століным і Кастопалем)[4].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди. — Вестн. Зап. России, 1869, т. IV, кн. 12, с. 104—105.
- ↑ а б Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди. — Вестн. Зап. России, 1869, т. IV, кн. 12, с. 105.
- ↑ Lelewel J., Narody na ziemiach Slawianskich, Poznan r. 1853, s. 278.
- ↑ Чаквін І.У. Гістарычная этнаніміка Палесся // Весці Акадэміі навук Беларускай ССР. – Серыя грамадскіх навук. 1985. № 4. с. 79—80.