Перайсці да зместу

Мадонна Бенуа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леанарда да Вінчы
Мадонна Бенуа. 14781480
Madonna Benois
Матэрыял Палатно (пераведзеная з дрэва)
Тэхніка Алей
Памеры 48 × 31,5 см
Эрмітаж, Санкт-Пецярбург
(інв. 2773)
(інв. ГЭ-2773)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Мадонна Бенуа» ці «Мадонна з кветкай» (14781480) — ранняя карціна Леанарда да Вінчы, меркавана засталася няскончанай. У 1914 годзе яна была набыта Імператарскім Эрмітажам у Марыі Аляксандраўны, жонкі прыдворнага архітэктара Лявонція Мікалаевіча Бенуа.

«Мадонна з кветкай» — адна з першых прац маладога Леанарда. У галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі захоўваецца малюнак з наступным запісам[1]:

" ... 1478 пачаў дзве Панны Марыі "

Лічыцца, што адной з іх з’яўляецца «Мадонна Бенуа», а другой «Мадонна з гваздзіком  (руск.)» з Мюнхена.

Цалкам верагодна, што абедзве карціны былі першымі працамі Леанарда як самастойнага жывапісца. На той момант яму было ўсяго 26 гадоў і ўжо шэсць гадоў, як ён пакінуў майстэрню свайго настаўніка Андрэа дэль Верок'ё. У яго ўжо быў уласны стыль, але, зразумела, ён у вялікай ступені абапіраўся на вопыт фларэнтыйца XV стагоддзя. Таксама не падлягае сумневу той факт, што Леанарда ведаў пра карціну «Мадонна з дзіцем», выкананай яго настаўнікам у 14661470 гадах. Як следства, для абедзвюх карцін агульнымі рысамі з’яўляюцца як трохчацвяртны паварот тэл, так і падабенства вобразаў: маладосць абедзвюх Мадонн і буйныя голавы немаўлятаў.

Кветка ў руцэ Мадонны

Да Вінчы змяшчае Мадону з Дзіцем у паўцёмным пакоі, дзе адзінай крыніцай святла з’яўляецца размешчанае ў глыбіні падвойнае акно. Яго зялёнае святло не можа рассеяць змрок, але ў той жа самы час з’яўляецца дастатковым, каб высвяціць постаць Мадоны і юнага Хрыста. Асноўную «працу» здзяйсняе святло, што льецца злева зверху. Дзякуючы яму ў майстра атрымліваецца ажывіць карціну гульнёй святлаценю і вылепіць аб’ём двух постацяў.

«Адну з першых самастойных работ маладога жывапісца адрознівае навізна трактоўкі сюжэту, рашэнне як жыццёвая сцэна, дзе маладая маці, апранутая ў касцюм сучасніц Леанарда і зачасаная па модзе тых гадоў, гуляючы з сынам, працягвае яму кветку. Традыцыйны сімвал распяцця ўспрымаецца як нявінная цацка, да якой па-дзіцячы няёмка цягнецца немаўля Ісус, выклікаючы ўсмешку юнай мадонны, якая мілуецца першымі спробамі сына асвоіць свет»[2].

У працы над «Мадонyай Бенуа» Леанарда выкарыстаў тэхніку алейнага жывапісу, якую да таго ў Фларэнцыі практычна ніхто не ведаў. І хоць фарбы за пяць стагоддзяў непазбежна змяніліся, стаўшы менш яркімі, усё ж выразна прыкметна, што малады Леанарда адмовіўся ад традыцыйнай для Фларэнцыі стракатасці фарбаў. Замест гэтага ён шырока выкарыстоўвае магчымасці алейных фарбаў, каб дакладней перадаць фактуру матэрыялаў і нюансы святлаценю. Блакітнавата-зялёная гама выцесніла з карціны чырвоны колер, у які звычайна апраналі Мадону. У той жа час для рукавоў і плашча быў абраны вохрысты колер, які гарманізуе суадносіны халодных і цёплых адценняў.

«Мадонна» працы Леанарда была шырока вядомая мастакам таго часу. І не толькі італьянскія майстры выкарыстоўвалі ў сваіх працах прыёмы маладога да Вінчы, але і жывапісцы з Нідэрландаў. Лічыцца, што не менш за дзясятак работ выканана пад яго уплывам. Сярод іх карціна Ларэнца дзі Крэдзі  (руск.) «Мадонна з Дзіцем і Янам Хрысціцелем» з Дрэздэнскай карціннай галерэі, а таксама «Мадонна з гваздзікамі  (руск.)» працы Рафаэля. Аднак затым яе сляды згубіліся, і на працягу стагоддзяў карціна Леанарда лічылася страчанай.

«Мадонна з гваздзіком  (руск.)» працы Леанарда да Вінчы. 1478. Старая пінакатэка, Мюнхен «Мадонна з Дзіцем» працы Андрэа Верок'ё. 1466-1470. Берлінская карцінная галерэя. «Мадонна з гваздзікамі  (руск.)» Рафаэля, каля 1506-7. Лонданская нацыянальная галерэя, Лондан

Гісторыя карціны

[правіць | правіць зыходнік]

Да гэтага часу няма дакладных звестак пра ранні лёс карціны. Лічыцца, што менавіта пра яе гаварыў М. Ф. Бокі ў сваёй кнізе «Славутасці горада Фларэнцыі», выдадзенай у 1591 годзе[1]

" Дошчачка, распісаная алеем рукой Леанарда да Вінчы, выдатная па прыгажосці, дзе намаляваная мадонна ў вышэйшай ступені па-майстэрску і старанна. Фігура Хрыста, прадстаўленага немаўляткам, выдатная і дзіўная, яго падняты твар адзіны ў сваім родзе і дзіўны па складанасці задумы і таму, як гэты задума ўдала вырашана. "
Аляксандр Аляксандравіч Сапожнікаў, бацька Марыі Бенуа (на партрэце працы Васіля Трапініна)

Сваю мянушку карціна, сляды якой губляліся да XIX стагоддзя, атрымала па апошніх уладальніках — рускай мастацкай дынастыі Бенуа  (руск.). У 1914 годзе яна была набыта Імператарскім Эрмітажам у жонкі прыдворнага архітэктара Л. М. Бенуа — Марыі Аляксандраўны (1858—1938), у дзявоцтве Сапожнікавай. Да яе карціна перайшла ў спадчыну ад яе бацькі, купца-мільянера і мецэната А. А. Сапожнікава (сына ўладальніка карціннай галерэі А. П. Сапожнікава). У сям’і хадзіла паданне, быццам карціна была набытая ў бадзяжных італьянскіх музыкаў у Астрахані, дзе Сапожнікавы мелі буйны рыбны промысел. Іншых звестак пра лёс карціны ў пачатку XX стагоддзя не мелася.

У 1908 годзе Э. К. Ліпгарт  (руск.) пісаў[1]:

" [Карціна] ўваходзіла ў склад старадаўняга збору князёў Куракіных, а цяпер належыць М. А. Бенуа, жонцы вядомага архітэктара. "

Праз некалькі гадоў ён паправіў сябе:[1]

" Цесць г-на Бенуа купіў яе [карціну] у італьянскіх балаганшчыкаў пры пераездзе праз Астрахань. "

Гэтая версія шырока тыражаваліся і іншымі аўтарамі. Часта без усялякіх спасылак на крыніцы дадавалі, што праца калісьці знаходзілася ў зборы графаў Канаўніцыных  (руск.).

Толькі ў 1974 годзе былі апублікаваныя дакументальныя дадзеныя аб тым, калі і пры якіх абставінах «Мадонна з кветкай» трапіла да Сапожнікава. У Дзяржаўным архіве Астраханскай вобласці быў выяўлены «Рэестр карцінам г-на Аляксандра Пятровіча Сапожнікава, складзены ў 1827 годзе». У вопісе за першым нумарам лічыцца «Божая Маці, якая трымала спрадвечнага Дзіцятка на левай руцэ… Уверсе з авалам. Майстар Леанарда да Вінчы… З калекцыі генерала Корсакава». Такім чынам, высветлілася, што карціна паступіла з калекцыі калекцыянера і сенатара Аляксея Іванавіча Корсакава  (руск.) (1751/53-1821).

У XIX стагоддзі «Мадонна з кветкай» была паспяхова перакладзеная з дошкі на палатно, пра што існуе згадка ў «Рэестры карцінам г-на Аляксандра Пятровіча Сапожнікава, складзеным у 1827»:

" Першапачаткова пісаная на дрэве, але паверхня таго перакладзена на палатно акадэмікам Караткова у 1824 годзе… Пры перакладцы на палатно апынуўся на малюнку абрыс, абведзены чарніламі, і ў немаўля тры рукі, чаму зняты літаграфічны малюнак, які знаходзіцца пры ёй. "

Мяркуюць, што майстрам, які ажыццявіў пераклад, быў былы супрацоўнік Імператарскага Эрмітажа і выпускнік Акадэміі Майстэрстваў Яўграф Кароткі. Няма яснасці, ці была на той момант карціна ўсё яшчэ ў зборы генерала Корсакава ці ўжо была набытая Сапожнікавым.

У 1912 годзе Бенуа вырашылі прадаць «Мадону з кветкай» і з гэтай мэтай вывезлі яе ў Еўропу для правядзення экспертызы, дзе лонданскі антыквар Джозеф Дзювін  (англ.) ацаніў яе ў 500 тыс. франкаў. Атрыбуцыю палатна Леанарда неахвотна пацвердзіў найбуйнейшы аўтарытэт таго часу — Бернард Берансан:

" У адзін няшчасны дзень мяне запрасілі аглядаць «Мадону Бенуа». На мяне глядзела маладая жанчына з лысым ілбом і апухлымі шчокамі, бяззубай усмешкай, міяпічнымі вачыма і маршчыністай шыяй! Жудаснаваты прывід старой гуляе з дзіцём: яго твар нагадвае пустую маску, а да яе прыроблены раздутае цельца і канечнасці. Бездапаможныя ручкі, бесталкова-марныя зморшчыны скуры, колер нібыта сыроватка. І ўсё ж мне прыйшлося прызнаць, што гэта жудаснае стварэнне належыць Леанарда да Вінчы…[3] "

Грамадскасць хацела, каб карціна засталася ў Расіі. М. А. Бенуа жадала таго ж, а таму саступіла «Мадону» за 150 тыс. рублёў Эрмітажу. Сума выплачвалася часткамі, і апошнія плацяжы былі здзейснены ўжо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Зноскі

  1. а б в г Усе цытаты прыведзены паводле выдання О. Г. Махо. Леонардо да Винчи. «Мадонна с цветком». — СПб.: Государственный Эрмитаж, 2007. — 20 с. — ISBN 5-93572-246-1.
  2. Мадонна Бенуа на афіцыйным сайце Эрмітажа Архівавана 21 мая 2014. (руск.)
  3. Ernest Samuels  (англ.), Jayne Samuels. Bernard Berenson, The Making of a Legend. 2nd edition. Harvard University Press, 1987. ISBN 9780674067790. Page 216.
  • Махо О. Г. Леонардо да Винчи. «Мадонна с цветком». — СПб.: Государственный Эрмитаж, 2007. — 20 с. — ISBN 5-93572-246-1.