Перайсці да зместу

Марыя Петкавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марыя Петкавіч
Marija Petković
драўляны абраз блажэннай Марыі Петкавіч
драўляны абраз блажэннай Марыі Петкавіч
Дата нараджэння 10 снежня 1892(1892-12-10)[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 ліпеня 1966(1966-07-09)[1] (73 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Манаскае імя Марыя Раскрыжаванага Ісуса
Шануецца Каталіцкая царква
Кананізавана 1998
У ліку блажэнная
Дзень памяці 9 ліпеня
Падзвіжніцтва манашка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марыя Петкавіч (харв.: Marija Petković, манаскае імя — Марыя Раскрыжаванага Ісуса; 10 снежня 1892, Блата (Blato), на востраве Корчула, Аўстра-Венгрыя, цяпер Харватыя — 9 ліпеня 1966, Рым, Італія) — блажэнная Рымска-каталіцкай царквы.

Нарадзілася ў шматдзетнай сям'і Антуна Петкавіч-Ковача і Марыі Марынавіч. Пасля заканчэння пачатковай школы, паступіла ў школу, заснаваную каталіцкай кангрэгацыяй «Слугі Міласэрнасці», дзе навучалася дамаводству. У 1906 годзе звярнулася да біскупа Ёсіфа Марцэліча з просьбай паступіць у жаночы кляштар. 21 лістапада 1906 года прыняла асабісты зарок бясшлюбнасці.

З 1909 па 1919 была ігуменняй кангрэгацыі «Дочкі Марыі», у гэты ж час клапацілася пра сваю сям'ю, якая мела патрэбу ў яе дапамозе. У 1915 годзе яна заснавала рух «Таварыства каталіцкіх матак», а таксама прымала актыўны ўдзел у дзейнасці трэцяга ордэна францысканцаў, клапоцячыся пра бедных, якія пражывалі ў Блаце.

25 сакавіка 1919 года яна разам з Марыяй Тэлентай паступіла ў кляштар кангрэгацыі «Слугі Міласэрнасці» і заснавала ў Блаце прытулак.

20 жніўня 1920 года на аснове Канстытуцыі трэцяга францысканскага ордэна яна напісала першы статут кангрэгацыі «Дочкі Міласэрнасці», у якім сфармулявала задачы гэтага руху. Статут гэтай кангрэгацыі быў зацверджаны біскупам Ёсіфам 4 кастрычніка 1920 года. Марыя Петкавіч у гэты ж дзень узяла сабе новае манаскае імя Марыя Раскрыжаванага Ісуса і была прызначана генеральнай ігуменняй новай жаночай манаскай кангрэгацыі. У 1923 годзе адкрыла шматлікія прытулкі для асірацелых дзяцей у Харватыі, Сербіі і Македоніі.

Вітраж блажэннай Марыі Петкавіч у храме

З 1920 па 1950 гады выконвала абавязкі генеральнай ігуменні. Тым часам яна падарожнічае па Харватыі, Лацінскай Амерыцы, Італіі, адкрываючы новыя кляштары.

З 1940 па 1952 Марыя Петкавіч жыве ў Аргенціне. У 1952 годзе пераязджае ў Рым. У 1954 годзе яна пераносіць інсульт, які надоўга пазбавіў яе магчымасці выконваць свае абавязкі ў поўнай меры. У 1961 годзе яна перадала сваё месца ігуменні іншай сястры.

Памёрла Марыя Петкавіч у 1966 годзе. Яна была пахавана на рымскіх могілках Верана. У 1969 годзе яе рэшткі былі перанесены ў капліцу пры галоўным доме кангрэгацыі «Дочкі Марыі», дзе яны заставаліся да 1998 года, пасля чаго былі перавезены ў яе родны горад Блата і цяпер захоўваюцца ў касцёле Хрыста Валадара.

8 мая 1998 года Папа Рымскі Ян Павел II падчас святой імшы ў Дуброўніку пацвердзіў гераічныя дабрадзейнасці Марыі Петкавіч і абвясціў яе блажэннай.

Зноскі

  1. а б Marija od Propetoga Isusa Petković // GCatholic.org — 1997.
  2. Schäfer J. Maria vom gekreuzigten Jesus Petkovic // Ökumenisches Heiligenlexikon — 1998.