Маўпіхаа
Маўпіхаа | |
---|---|
фр. Maupihaa | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 2,6 км² |
Насельніцтва | 20 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 7,69 чал./км² |
Размяшчэнне | |
16°48′43″ пд. ш. 153°57′17″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Маўпіха́а (фр.: Maupihaa), вядомы таксама як Мапе́лія (фр.: Mopelia) — атол у групе астравоў Таварыства (Французская Палінезія). Агульная плошча — 2,6 км². Насельніцтва (2017 г.) — 20 чалавек.
Маўпіхаа месціцца за 180 км на паўднёвы ўсход ад Маўпіці, у якога знаходзіцца ў адміністрацыйным падпарадкаванні. Уяўляе сабою атол з шырокай лагунай, што атачаецца каралавым рыфам з нізкімі астраўкамі-моту. Найбуйнейшы моту займае захад каралавага рыфу. Яго шырыня не перавышае 450 — 500 м. Гэта адзіны населены кавалак сушы на атоле.
Маўпіхаа славіцца як месца гнездавання рэдкіх відаў птушак, на берагах размножваюцца марскія чарапахі.
Відавочна, палінезійскія перасяленцы ўпершыню з'явіліся на атоле ў канцы 1 тысячагоддзя. Аднак з-за абмежаваных рэсурсаў ён некалькі разоў пакідаўся насельнікамі. Сучасныя жыхары Маўпіхаа — нашчадкі перасяленцаў з розных астравоў Таварыства, якія прыбывалі сюды пасля II Сусветнай вайны. Яны карыстаюцца архаічнай гаворкай таіцянскай мовы, займаюцца рыбалоўствам і сельскай гаспадаркай.
Маўпіхаа быў адкрыты экспедыцыяй С. Уоліса ў 1767 г. У 1895 г. фармальна далучаны да Французскай Палінезіі. Спробы французскіх прадпрымальнікаў стварыць на ім камерцыйныя плантацыі какосавых пальм і ванілі скончыліся фінансавай няўдачай. У 1917 г. каля Маўпіхаа пацярпеў крушэнне нямецкі карабель «Seeadler». Яго каманда здолела выратавацца, падманам захапіць французскае судна і дасягнуць Чылі. Нямецкі капітан Фелікс фон Люкнер пазней апублікаваў свае нататкі ў прыгодніцкім стылі, так што гісторыя крушэння стала вядома ва ўсім свеце.