Міксіны (Myxini) — марскія жывёлы, разглядаюцца як падклас або класкругларотых. Поўная адсутнасць эмбрыянальных ці рудыментарных элементаў пазваночніка дазваляе дапусціць, што гэтыя жывёлы не з’яўляюцца формай пазваночных, а толькі іх сястрынскай групай.
Даўжыня да 1 м. Цела вугрападобнае, голае, спінны плаўнік адсутнічае, хваставы плаўнік прасціраецца на частку спінной паверхні. Шкілет храстковы. Сківіцы адсутнічаюць, рот у выглядзе круглай адтуліны, абкружаны некалькімі мясістымі вусікамі. Зубы на языку. Шчэлепных адтулін ад 1 да 15 пар. Шматлікія поры слізістых залоз размяшчаюцца ўздоўж цела. Крывяносная сістэма незамкнёная. Сэрца 1 асноўнае і 3 дадатковыя. Вочы дэгенерыравалі.
Паразіты або драпежнікі. Выядаюць унутранасці і мышцы ў рыб, угрызаюцца ў падаль ці ахвяру з дапамогай моцнага языка з рагавымі зубамі. Радзей кормяцца чарвямі.
Здольныя завязвацца ў вузел, каб вызваліцца ад слізі, пазбегнуць злову, ці адарваць кавалак ежы.
Яечнікі і семяннікі маюцца ў адной і той жа асобіны, але функцыянуе толькі адзін тып ганад. Адкладваюць 20-30 яец, багатых жаўтком. Развіццё без ператварэння.