Насельніцтва Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі
Насельніцтва Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Has census | South African National Census of 2001[d], South African National Census of 2011[d], South African National Census of 2022[d] і South African National Census of 1996[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У ПАР жыве 57 млн чал (2018), гэта 24 месца ў свеце. Адна з самых этнічна неаднародных краін кантынента, епіскап Дэсманд Туту адлюстраваў гэта ў метафары «Вясёлкавая нацыя». Найбуйнешыя расава-этнічныя групы: чарнаскурыя банту (зулу, коса), каля 80 %; белыя афрыканеры; «каляровыя» (мультыэтнічная група); індыйцы. У ПАР 11 дзяржаўных моў. Большасць вернікаў — хрысціяне.
Дэмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]З насельніцтвам 57 млн чал. ПАР знаходзіцца на 24 пазіцыі ў свеце і на 5-6 у Афрыцы. У 2000-х смяротнасць у краіне доўгі час перавышала нараджальнасць (у 2010 годзе страта насельніцтва −0,05 %, пры сярэдняй фертыльнасці 2,33 нараджэнняў на жанчыну). Гэта звязана з праблемай СНІДу. Па масавым распаўсюджванні ВІЧ-інфекцыі (у асноўным, сярод чорнага насельніцтва), ПАР займае першае месца ў свеце (паводле дадзеных ААН, апублікаваных у 2003, 2007 і 2017 гадах), у той час як па ўзроўні заражэння Паўднёвая Афрыка знаходзіцца на чацвёртым месцы (пасля Свазіленда, Батсваны і Лесота). У 2010-х, дзякуючы пашырэнню сістэмы аховы здароўя, распаўсюджанню ведаў аб СНІДзе, выкарыстанню атнырэтравірусных прэпаратаў, праблему СНІДУ ўдалося «кансерваваць». Новых выпадкаў захворвання фіксуецца на парадак менш, ужо хворыя люзі жывуць даўжэй і здаравей, скарацілася колькасць выпадкаў перадачы ВІЧ ад маці да дзіцяці. Колькасць хворых на СНІД у 2010-я стабілізавалася на лічбе 7 млн чалавек (12,2 % насельніцтва ў 2017). Цяпер насельніцтва краіны зноў расце даволі высокімі тэмпамі: натуральны прырост у 2018 склаў каля 1 %. Сярэдняя працягласць жыцця, што ўпала да 43 гадоў у 2008, вырасла да 63 гадоў у 2017 годзе.[1]
Расавы склад
[правіць | правіць зыходнік]Статыстычнае бюро Паўднёвай Афрыкі падчас перапісу насельніцтва просіць рэспандэнтаў аднесці сябе да адной з 5 расавых групаў. Перапіс 2011 паказаў наступныя вынікі: чарнаскурыя (79,2 %), белыя (8,9 %), каляровыя (8,9 %), азіяты (2,5 %) ды іншыя (0,5 %).[2] Доля чорнага насельніцтва ПАР расце дзякуючы большай нараджальнасці, а таксама за кошт прытоку чорных эмігрантаў з іншых краін Афрыкі. Паводле найбольш распаўсюджаных ацэнак ПАР стала другім домам для 5 млн чарнаскурых мігрантаў, з іх 3 млн з Зімбабве. Колькасць белых у краіне паступова змяншаецца за кошт іх эміграцыі ў Паўночную Амерыку, Еўропу, Аўстралію і Новую Зеландыю — у 1985—2005 гадах з ПАР з’ехала каля 0,9 млн белых, у асноўным, ва ўзросце да 40 гадоў і іх дзеці (першая прычына — гэта СНІД, другая — страта прывілеяў пасля адмены апартэіду).
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]У ПАР 11 дзяржаўных моў, толькі тры краіны свету дэкларавалі больш. Чарнаскурае насельніцтва размаўляе на дзевяці мовах банту, найбольш распаўсюджаныя — зулу, коса, сепедзі (24,7; 15,6; 9,8 % адпаведна). Дзве астатнія дзяржаўныя мовы маюць еўрапейскае паходжанне: вытворная ат галандскай афрыкаанс, што з’яўляецца роднай для бураў і часткі каляровых, а таксама англійская — каланіяльная спадчына, мова міжэтнічных зносін, эканомікі, адукацыі, справаводства. Гутарковай англійская мова служыць для 8,9 % насельніцтва.
Рэлігійны склад
[правіць | правіць зыходнік]Большая частка вернікаў у ПАР вызнаюць хрысціянства (86 %). Пры гэтым набор хрысціянскіх дэнамінацый дастаткова стракаты — ніводная з іх не мае абсалютнай большасці: прыхільнікі сіёнскіх цэркваў (10 %), пяцідзесятнікі (7,5 %), каталікі (6,5 %), метадысты (6,8 %), галандскія рэфарматы (6,7 %), англікане (3,8 %), іншыя хрысціяне (36 %). У ПАР ёсць дыяцэзія праваслаўнага Александрыйскага Патрыярхата — каля 35 000 вернікаў. Прыхільнікі анімізму ды іншых традыцыйных афрыканскіх верванняў маюць вагу ў 5,6 %, мусульмане — 1,9 % (2015).[3] Некалькі адсоткаў, што засталіся — гэта індуісты, атэісты і інш.
Размяшчэнне і рассяленне
[правіць | правіць зыходнік]Шчыльнасць насельніцтва (47 чал/кв.км) набліжаецца да сярэднесусветнай. Сярод правінцый найменш заселена засушлівая Паўночна-Капская, найбольш — правінцыі ўсходу і поўначы, якія вызначаюцца лепшай сельскагаспадарчай і прамысловай асвоенасцю ды вышэйшай канцэнтрацыяй чарнаскурага насельніцтва. Дзве траціны паўднёваафрыканцаў жыве ў гарадах, найбуйнейшыя агламерацыі — Яганэсбург (9,2 млн), Кейптаўн (4,3), Дурбан (3,1), Прэторыя (2,4). Сярэднегадавыя тэмпы росту гарадскога насельніцтва ў 2015-20 гг. складаюць каля 2 %.[4]
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/sf.html Архівавана 11 мая 2020.
- ↑ http://www.statssa.gov.za/census/census_2011/census_products/Census_2011_Census_in_brief.pdf
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/sf.html Архівавана 11 мая 2020.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/sf.html Архівавана 11 мая 2020.