Эканоміка Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — самая развітая краіна Афрыкі. Адзіная краіна мацерыка, якая мае сучасную дыверсіфікаваную самадастатковую эканоміку. Паводле класіфікацыі Сусветнага банка адносіцца да групы краін з прыбыткам вышэйшым за сярэдні. Пры гэтым вялікая колькасць паўднёваафрыканцаў жыве ў беднасці. ПАР уваходзіць у БРІКС і G20.

Агульныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Розніца прыбытку паміж расавымі групамі (прыбытак белых узяты за 100 %)

ПАР — самая развітая на Афрыканскім кантыненце і адначасова адзіная краіна, якую не адносяць да Трэцяга свету. Мае трэці па памерах ВУП на кантыненце пасля Нігерыі і Егіпта, сярод краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары вылучаецца высокім ВУП на душу насельніцтва. ПАР валодае велізарнымі запасамі прыродных рэсурсаў. Шырока развіты тэлекамунікацыі, электраэнергетыка, фінансавая сфера, рынак актыўна пашыраецца. Уваходзіць у БРІКС, G20, міжнародную арганізацыю краін АКТ. Да гонару ПАР варта адзначыць, што тут не квітнее ценявая эканоміка. У 2013 часопіс fDi magazine назваў ПАР "першай афрыканскай краінай для будучыні". Але пакуль тая будучыня не пачалася, рэспубліку ўсё яшчэ нельга аднесці да развітых краін свету. Сярэдні даход насельніцтва толькі набліжаецца да ніжняй мяжы сярэднесусветнага даходу. Значная частка людзей жыве за рысай беднасці і нават у галечы, а паводле маёмаснай няроўнасці (індэкс Джыні) ПАР уваходзіць у апошнюю сусветную дзясятку.

У цэлым эканамічнае становішча грамадства ў ПАР вельмі няўстойлівае. Каланіялізм і наступны за ім рэжым апартэіду адбіліся на сацыяльна-маёмасным расслаенні грамадства. Каля 15 % насельніцтва жывуць у найлепшых умовах, тады як каля 50 % (у асноўным, чорныя) жывуць у параўнальна бедных умовах, якія, аднак, нашмат лепшыя, чым жахлівая галеча ў іншых афрыканскіх дзяржавах. Далёка не ва ўсіх жыхароў ёсць электрычнасць і водазабеспячэнне, а дрэнныя санітарныя ўмовы ў многіх пасяленнях спрыяюць распаўсюджванню розных захворванняў. Такія рэзкія кантрасты прыводзяць да росту сацыяльнай напружанасці. У ПАР вельмі высокі — адзін з самых высокіх у свеце — узровень злачыннасці, асабліва ў бедных раёнах. Колькасць забойстваў складае 31 у год на 100 тысяч насельніцтва[1].

ВУП па парытэце пакупніцкай здальнасці на 2018-ы год склаў 795 млрд дол. (30-е месца ў свеце). Рост ВУП быў на ўзроўні 1,3 % у 2017, у 2016 годзе — 0,6 %. Па памерах ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці (13 800 даляраў) займае 90-е месца ў свеце паводле дадзеных МВФ. Валюта: Паўднёваафрыканскі ранд, роўны 100 цэнтам. Ва ўжытку манеты вартасцю ў 1, 2, 5, 10, 20, 50 цэнтаў, 1, 2, 5 рандаў, банкноты — 10, 20, 50, 100 і 200 рандаў. Эканамічная палітыка дзяржавы накіравана на стабілізацыю эканомікі. Займае 39-е месца ў рэйтынгу краін па зручнасці вядзення бізнесу часопіса Forbes. Паводле статыстыкі The Heritage Foundation рэспубліка знаходзіцца на 57-й пазіцыі ў свеце па свабодзе эканомікі. У ПАР усталяваны адносна высокі падаходны падатак (да 40% у залежнасці ад узроўню даходу)[2]. З 57 мільёнаў насельніцтва Паўднёвай Афрыкі толькі 23 млн. чалавек з'яўляюцца працаздольнымі. Беспрацоўных — 26-27 % (у 2016-17 годзе). 72 % эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сферы паслуг, 23,5% — у прамысловасці, 4,5 % — у сельскай гаспадарцы (у 2017 годзе).[3].

У ХХІ стагоддзі ўлады ПАР прыкладаюць намаганні для забеспячэння эканамічнага росту і скарачэння беспрацоўя, часам паспяховыя. У 2010-я ў эканоміцы ўзрасла роля дзяржаўных карпарацый, найбуйнейшыя з якіх — Eskom (манапаліст у галіне электраэнергетыкі) South African Airways (SAA) (авіяперавозчык) і Transnet (чыгуначны і партовы аператар). У сельскай гаспадарцы праводзіцца палітыка перадачы ўгоддзяў ад белых да чорных, якая выклікае трывогу экспертаў падабенствам да зімбабвійскага сцэнара.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Здабыўная прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Шахта Ту Рыверс, правінцыя Лімпопа. ПАР — сусветны лідар па здабычы плаціны і паладыю

Сваім апераджальным развіццём ПАР шмат у чым абавязаная багаццю прыродных рэсурсаў. Каля 52 % экспарту тавараў прыпадае на прадукцыю горназдабыўной прамысловасці. Шырока здабываюцца золата, алмазы, марганец, уран, металы плацiнавай групы, храміты, алюмінаглюкаты, ванадый і цырконій. Вельмі развіта здабыча вугалю — па выкарыстанні вугалю для вытворчасці электрычнасці ПАР займае 3-е месца ў свеце (з-за адсутнасці нафты каля 80 % усёй выпрацаванай энергіі Паўднёвай Афрыкі базуецца на спальванні вугалю). ПАР — трэці ў свеце вугальны экспарцёр. Акрамя гэтага, на тэрыторыі краіны сканцэнтраваны запасы азбесту, нікеля, свінцу і іншых важных карысных выкапняў.

Апрацоўчая прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

У адрозенні ад большасці краін Трапічнай Афрыкі, ПАР можа пахваліцца развітымі машынабудаваннем (вытворчасць транспартных сродкаў), хімічнай прамысловасцю, чорнай і каляровай металургіяй. У 2010-х штогадовы выпуск аўтамабіляў у ПАР скаладаў 500-600 тыс адзінак. Свае заводы ў краіне маюць BMW, Ford, Volksvagen, Toyota і інш. Развіццё атрымалі і традыцыйныя для Афрыкі лёгкая і харчовая прамысловасць. Аднак развітая апрацоўчая прамысловасць не захінае сыравіннага твару эканомікі: большая частка здабытых рэсурсаў не перапрацоўваецца, а ідзе на экспарт.

У ПАР вельмі разнабаковая электраэнергетыка, хоць перавага па-ранейшаму аддаецца вугалю. Недалёка ад Кейптаўна працуе адзіная ў Афрыцы АЭС "Коберг". Вялікая ўвага надаецца развіццю альтэрнатыўнай энергетыкі.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 15 % усяго экспарту тавараў. У ёй занята 4,5 % насельніцтва і ствараецца 2,8 % ВУП. Сельскагаспадарчую спецыялізацыю вызначаюць збожжавыя культуры (пшаніца і кукуруза), вінаград, садавіна і агародніна; авечкі ды козы. ПАР уваходзіць у дзясятку сусветных лідараў па зборы такіх спецыфічных культур як цыкорый, клешчавіна, грушы, сізаль. Найважнейшай тэхнічнай культурай з'яўляецца цукровы трыснёг. Паколькі на большай частцы тэрыторыі краіны клімат засушлівы, толькі 15 % яе плошчы прыдатна для выкарыстання пад раллю. Аднак у адрозненні ад большасці іншых краін Афрыкі, дзе адбываецца эрозія глебаў, гэтыя 15 % выкарыстоўваюцца з розумам — з мэтай аховы глебаў і эфектыўнага вядзення сельскай гаспадаркі прымяняюцца перадавыя агратэхнічныя дасягненні. Гэта прывяло да выдатных вынікаў: ПАР цалкам забяспечвае ўнутраныя харчовыя патрэбы, а таксама з'яўляецца адным з вядучых (а па некаторых параметрах і вядучым) пастаўшчыкоў сельгаспрадукцыі — адной садавіны краіна экспартуе каля 140 відаў. На раслінаводства, асабліва на вегетацыю найважнейшай для ПАР кукурузы, адмоўна ўплывае глабальнае пацяпленне, якое ўжо выклікала дэфіцыт водных рэсурсаў, але, на думку навукоўцаў, горшае наперадзе.

Збожжавыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасевы кукурузы і пшаніцы займаюць не меней як палову пасяўных плошчаў, а галоўная з іх першая. Кукуруза служыць асноўным хлебам, вырошчваецца з фуражнымі мэтамі, часткова ідзе на экспарт. Яе вырошчваюць на вялікіх і малых фермах ва ўсходніх, добра ўвільготненых, правінцыях. Пшаніца набыла папулярнасць пасля другой сусветнай вайны. Сёння яе збіраюць на вялізных механізаваных фермах у Заходнім Кейпу, Фры-Стэйце і Мпумаланзе. Трэцяя збожжавая культура — сорга, дарэчы, родам з паўднёвай Афрыкі.

Садаводства і вінарадарства[правіць | правіць зыходнік]

Ваколіцы Стэленбоша, Заходні Кейп — найбуйнейшы цэнтр вінаградарства ў Афрыцы

У некаторыя гады доля садавіны ў экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі дасягае 40 %. Асабліва трывала звязаны садаводы ПАР з еўрапейскім рынкам: калі на поўдні Афрыкі збіраюць ўраджай — у Еўропе зіма. Вінаград (1,5 млн тон штогод) ідзе збольшага на патрэбы вінаробства. У ПАР вылучаюць тры зоны вінаргадарства. Паўночны-Захад (Паўночны Кейп) і Усходняе ўзбярэжжа (Квазулу-Наталь) не лічацца крыніцамі лепшых вінаў, так як там вельмі гарачы і засушлівы клімат. A вось Паўднёвы Захад Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (Заходні Кейп) мае выдатны клімат для вінаробства.

Жывёлагадоўля[правіць | правіць зыходнік]

Авечкагадоўля, Гаўтэнг

Мяса-малочная вытворчасць засяроджана на поўначы і ўсходзе правінцыі Фры-Стэйт, ва ўнутраных раёнах правінцыі Гаўтэнг і ў паўднёвай частцы правінцыі Мпумаланга. У Паўночным і Усходнім Кейпах распаўсюджаныя пароды мяснога напрамку. На засушлівыя тэрыторыі Паўночнага і Усходняга Кейпаў, Фры-Стэйта і Мпумалангі прыпадаюць раёны авечкагадоўлі. На сусветны рынак пастаўляюцца шкуркі каракулевых авечак. У вялікай колькасці разводзяць коз, у асноўным — 75 % — ангорскіх, чыя шэрсць высока цэніцца на Захадзе (да 50 % сусветнай вытворчасці мохера прыпадае на Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку). Іншая найбольш распаўсюджаная парода — бурская каза, яе разводзяць на мяса. Па настрыгу казінай воўны (92 тыс. т у год) Паўднёвая Афрыка займае 4-е месца ў свеце. У параўнанні з такімі пераважна экстэнсіўнымі падгалінамі, як развядзенне буйной рагатай жывёлы і авечкагадоўля, птушкагадоўля і развядзенне свіней носяць больш інтэнсіўны характар і распаўсюджаныя на фермах паблізу буйных гарадоў — Прэторыі, Яганэсбурга, Дурбана, Пітэрмарыцбурга, Кейптаўна і Порт-Элізабэт. У апошнія гады — у асноўным у правінцыі Фры-Стэйт — актыўна развіваецца страусагадоўля. Паступова павялічваецца экспарт з ПАР мяса, страусавых скуры і пёраў.

Рыбалоўства[правіць | правіць зыходнік]

Па ўлову рыбы (каля 1 млн тон у год) ПАР займае вядучае месца ў Афрыцы. Асноўныя аб'екты промыслу — сардзіны, селядзец, хек, анчоўсы, марскі акунь, скумбрыя, траска, капскі ласось, макрэль, монкфіш. Акрамя таго, здабываюцца крэветкі, амары, тунцовыя, лангусты, вустрыцы, васьміногі, акулы, чые плаўнікі карыстаюцца попытам у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама капскі цюлень. Рыбная лоўля ажыццяўляецца, галоўным чынам, у заходняга ўзбярэжжа Паўднёвай Афрыкі, акое амываецца халодным Бенгельскім цячэннем, у прамысловай зоне шырынёй 200 марскіх міль. Каля 40 % ўлову прыпадае на прэснаводную рыбу, якая здабываецца ў рэках Эландс, Лімпапо і іншых, а таксама на гадоўлю ў штучных вадаёмах[4].

Лесаводства[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная зона — паўднёвая частка правінцыі Квазулу-Наталь. Натуральныя лясы займаюць 180 тыс. га, гэта значыць усяго 0,14 % тэрыторыі краіны. Большая частка дзелавой драўніны паступае з лесапасадак, плошча якіх складае толькі 1 % тэрыторыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Прыкладна палова лясных «плантацый» засаджаны хвояй, 40 % — эўкаліптам і 10 % — мімозай. Вырошчваюцца таксама жоўтае і чорнае дрэва, капскі лаўр, асегаі і камасі. Таварнай кандыцыі дрэвы дасягаюць у сярэднім за 20 гадоў — у адрозненне ад дрэў, якія растуць у Паўночным паўшар'і, дзе гэты працэс цягнецца ад 80 да 100 гадоў. Штогадовы аб'ём драўніны, якая паступае на рынак, складае 17 млн куб. м. У ПАР працуе больш за 240 дрэваапрацоўчых і лесапрамысловых прадпрыемстваў.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

ПАР мае стабільнае станоўчае гандлёвае сальда: імпарт (89,9 млрд дол. у 2016 годзе) меншы за экспарт (110 млрд дол. у 2016 годзе). Асноўныя артыкулы імпарту: нафта, прадукты харчавання, хімічныя тавары; экспарту: алмазы, золата, плаціна, сельскагаспадарчая прадукцыя, машыны, аўтамабілі, абсталяванне. Галоўныя пакупнікі паўднёваафрыканскіх тавараў — Кітай, ЗША, Германія, Індыя; пастаўшчыкі ў ПАР — Кітай, Вялікабрытанія, ЗША, Германія.[5]

Зноскі