Перайсці да зместу

Пергам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пергам
стар.-грэч.: τὸ Πέργαμον
Краіна
Каардынаты
Заснаваны
Плошча
  • 315,46 га
  • 426,928 га
Пергам на карце Турцыі
Пергам (Турцыя)
Пергам
Пергам (Турцыя)
Пергам
Макет старажытнага Пергама.

Перга́м (Пергамо́н, стар.-грэч.: Πέργᾰμον) — антычны горад у гістарычнай вобласці Мізія на ўзбярэжжы Малой Азіі, былы цэнтр уплывовай дзяржавы дынастыі Аталідаў. Заснаваны ў XII ст. да н.э. выхадцамі з мацерыковай Грэцыі. У 283—133 да н.э. сталіца Пергамскага царства. Найвышэйшага росквіту дасягнуў пры Еўмене I (263—241 гг. да н.э.) і Еўмене II (197—159 гг. да н.э.). З’яўляўся адным з найбуйнейшых эканамічных і культурных цэнтраў эліністычнага свету.

Руіны — на паўночна-заходняй ускраіне сучаснага Бергама ў Турцыі, у 26 км ад Эгейскага мора.

У старажытнагрэчаскай міфалогіі Пергам быў заснаваны сынам Андрамахі і Гелена (братам Гектара, першага мужа Андрамахі). Нованароджаны быў нарачоны Пергамам у памяць аб траянскай цытадэлі, якая звалася Пергам. Пасля смерці Гелена Пергам з Андрамахай перасяліліся ў Малую Азію, дзе Пергам заснаваў новы горад, які атрымаў назву па імі свайго заснавальніка.

Пры Аталідах у Пергаме была сабрана другая па велічыні (пасля Александрыйскай) бібліятэка антычнага свету. Паводле легенды, перададзенай Плініем Варскім, вынаходства пергамента адбылося ў Пергаме з прычыны забароны егіпецкіх Пталамеяў на вываз папірусу. Бібліятэка, якая налічвала ў свой час 200 000 кніг, была захоплена і вывезена ў Рымскі Егіпет Маркам Антоніем.

Вялікі алтар з Пергамскага музея ў Берліне.

Пергам згадваецца ў Новым Запавеце: у ім, паводле Іаана Багаслова, — адна з сямі цэркваў Апакаліпсісу, дзе размешчаны «прастол сатаны» (Адкр. 2:13).

Раскопкі Пергама вяліся нямецкімі археолагамі Карлам Хуманам і Эрнстам Курцыусам у 18781886, 19001906 і наступныя гады. На раўніне захаваліся руіны рымскага горада, сярод якіх вылучаецца Чырвоная зала часоў «славутых імператараў». Назва турэцкага населенага пункта, размешчанага на яго месцы — Бергама.

Эліністычны Пергам быў акружаны магутнай сцяной з так званай Брамай Еўмена. Над горадам панаваў акропаль (збудаваны галоўным чынам Эўменам II), размешчаны ў дынамічна-маляўнічай кампазіцыі на тэрасах; на верхніх пляцоўках знаходзіліся палацы пергамскіх цароў, арсенал і Траянеум, некалькі ніжэй — свяцілішча Афіны Нікефоры. Побач з апошнім у 2-й палове III ст. да н.э. былі ўстаноўлены выдатныя па сваёй рэалістычнай выразнасці статуі, у тым ліку выявы галаў (скульптар Эпігон, вядомыя ў мармуровых рымскіх копіях).

Іншыя гарадскія славутасці — бібліятэка, храм Дэметры (3 ст. да н. э.), Вялікі алтар Зеўса, тэатр (II ст. да н.э.). Адным з найбольш выбітных збудаванняў быў Асклепіум, які славіўся на ўвесь антычны свет.

У Пергаме выяўлены адны з найстаражытнейшых душавых кабін. Разваліны цэлага комплексу душавых (пачатак II ст. да н.э.) знойдзены пры раскопках гімнасія. Тут выкарыстоўваліся сем узроўняў душавых установак. Вада лілася на людзей зверху з магістральнай сістэмы, а затым цякла ў іншае купальнае памяшканне, даходзячы да апошняга, адкуль трапляла ў адвадную сістэму[2].

Зноскі

  1. GeoNames — 2005. Праверана 6 красавіка 2015.
  2. Джеймс П., Торп Н. Древние изобретения. — Мн. — 1997 — стр. 566 — ISBN 985-438-139-0