Помнік Святому Вацлаву

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік
Помнік Святому Вацлаву
Pomník svatého Václava
50°04′47″ пн. ш. 14°25′47″ у. д.HGЯO
Краіна  Чэхія
Горад Прага
Архітэктурны стыль рэалізм[d] і рэалізм
Скульптар Іозеф Вацлаў Мысльбек
Архітэктар Алаіс Дрыяк
Дата заснавання 1912 і 1911[1]
Будаўніцтва 18941924 гады
Статус Нацыянальны помнік культуры ЧР
№ 176 NP
Вышыня 720 см[2]
Матэрыял бронза[1] і камень[d][1]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Помнік Святому Вацлаву (чэшск.: Pomník svatého Václava) — конная статуя чэшскага князя Вацлава Святога (924—936) на Вацлаўскай плошчы перад Нацыянальным музеем у Празе, збудаваная чэшскім скульптарам Іозефам Вацлавам Мысльбекам (1848—1922) у стылі манументальнага рэалізму. Помнік з'яўляецца адным з сімвалаў Прагі і чэшскай дзяржаўнасці наогул. У 1995 годзе абвешчаны нацыянальным помнікам культуры Чэшскай рэспублікі.

Конкурс праектаў помніка[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго як у 1879 годзе барочная конная статуя князя Вацлава, Святога заступніка Чэхіі, працы Яна Іржы Бендля (пам. 1680) была перанесена з Вацлаўскай плошчы ў Вышаград, узнікла неабходнасць у новым, больш сучасным помніку на месцы ранейшага. У студзені 1894 года быў абвешчаны конкурс, да ўдзелу ў якім былі дапушчаны восем скульптараў, якія нарадзіліся або пражывалі ў Чэхіі. Па выніках конкурсу першае месца было вырашана не прысуджаць, а другое падзялілі адразу два аўтары — Багуслаў Шнірх і Іозеф Вацлаў Мысльбек. Ім было прапанавана ўдасканаліць свае праекты для ўдзелу ў канчатковым туры конкурсу.

Князь Вацлаў у праектах двух скульптараў быў адлюстраваны ў розных іпастасях: у Шнірха гэта быў святы, падзвіжнік, які бласлаўляў натоўпы народа, у Мысльбека ж — воін і вайскавод у поўнай амуніцыі, які бясстрашна глядзеў удалячынь. У выніку быў выбраны праект Мысльбека. Пазней, аднак, арыгінальная мадэль помніка неаднаразова змянялася і ўрэшце конная статуя князя Вацлава была акружана чатырма статуямі іншых чэшскіх святых: Святой Людмілы, Святога Пракопа, Святога Войцеха і Святога Яна (статуя апошняга неўзабаве была заменена статуяй Святой Анежкі).

Узвядзенне помніка[правіць | правіць зыходнік]

Праца над помнікам працягвалася больш за трыццаць гадоў. Суаўтарамі Мысльбека былі архітэктар Алаіс Дрыяк, які склаў праект, і скульптар Цэлда Клоўчак, які ўпрыгожыў пастамент помніка арыгінальным арнаментам. Бронзавае ліццё помніка выканала фірма Bendelmayer.

Падчас стварэння статуй святых Мысльбек надаў вялікую ўвагу іх тварам: так, твар Святога Войцеха набыў рысы твару пражскага архібіскупа Францыска фон Паўла-Шонбарна, а твар Святога Пракопа — рысы самога Іозефа Вацлава Мысльбека. Мадэллю для статуі каня паслужыў сямігадовы армейскі жарабец Арда (асобная статуя якога была ўсталявана Мысльбекам у Кошыцах). Фігура самога Вацлава падчас стварэння была дапоўнена кальчугай, мячом і шлемам.

Помнік быў усталяваны на сваім месцы ў 1912 годзе першапачаткова з трыма статуямі вакол Святога Вацлава і адкрыты 28 кастрычніка 1918 года. Чацвёртая статуя была ўсталявана ў 1924 годзе. Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 27 кастрычніка 1935 года. У 1979 годзе помнік абнесены вытанчаным бронзавым ланцугом.

У 2003—2005 гадах была праведзена рэстаўрацыя помніка, унутр была ўсталявана сэнсарная камера.

— На пастаменце помніка выгравіраваны надпіс:

«Святы Вацлаў, герцаг зямлі Чэшскай, князь наш, не дай загінуць ні нам, ні дзецям нашым»

Святая Анежка Святая Людміла Святы Пракоп Святы Войцех

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Art for the City catalogue Праверана 15 красавіка 2021.
  2. https://web.archive.org/web/20120122064718/http://www.praguewelcome.cz/cs/informace/o-praze/pamatky/dalsi-zajimava-mista/pomniky-sochy.shtml(untranslated).