Перайсці да зместу

Адальберт Пражскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Адальберт Пражскі
Roman Catholic Bishop of Prague[d]
з 19 лютага 982
Дыяцэзія Roman Catholic Diocese of Prague[d]
Папярэднік Dětmar[d]
Пераемнік Thiddag[d]

Дзейнасць каталіцкі святар, пісьменнік
Нараджэнне каля 956[1]
Смерць 23 красавіка 997[1]
Пахаванне
Дынастыя Slavník dynasty[d]
Бацька Слаўнік[d]
Маці Стрэжыслава[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Св. Адальберт на карціне XV ст.

Адальберт Пражскі (лац.: Adalbertus Pragensis), ён жа Войцех (чэшск.: Vojtĕch, польск.: Wojciech; 955, Лібіца, Чэхія — 23 красавіка 997, Прусія, цяпер Калінінградская вобласць Расіі) — епіскап, прапаведнік хрысціянства, прылічаны да святых каталіцкай царквой, асабліва шануецца ў Чэхіі, Польшчы і Венгрыі. Яму прыпісваецца аўтарства вядомага хрысціянскага гімна «Багародзіца».

Па паходжанню Войцех належаў да моцнага чэшскага княжацкага роду Слаўнікавічаў. Яго бацька, князь Слаўнік, быў валадаром незалежнага Злічанскага княства, як сцвярджае храніст Казьма Пражскі, багатым і шчаслівым чалавекам. У Войцеха было шэсць братоў, адзін з якіх, Радзім (ён жа Гаўдэнцый), таксама стаў вядомым рэлігійным дзеячам і першым епіскапам Польшчы. Сям’я Войцеха жыла ў горадзе Лібіцы над Цыдлінай. Слаўнікавічы былі канкурэнтамі Пржэмыславічаў у Багеміі, і феадальная ўсобіца паміж двума княжацкімі дамамі абвастрылася якраз пры жыцці Войцеха.

У 970—973 гадах Войцех паехаў вучыцца ў г. Магдэбург. Яго духоўным настаўнікам стаў Адальберт Магдэбургскі, які даў яму пры мірапамазанні імя свайго нябеснага патрона. Атрымаўшы выдатную адукацыю ў саборнай школе Магдэбурга і ў школе кляштара Св. Морыца ў знакамітага Отэрыха, Адальберт-Войцех хутка стаў вядомы ва ўсёй Еўропе.

Рэлігійная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік Св. Адальберту на Вацлаўскай плошчы ў Празе

У 981 годзе пасля смерці абодвух настаўнікаў Адальберт вярнуўся ў Прагу, у 982, супраць яго жадання, быў абраны епіскапам пражскім, а ў 983 рукапаложаны ў сан. Жыў у добраахвотнай беднасці, цалкам прысвяціўшы сябе дабрачыннасці і служэнню царкве. У 989 сам зняў з сябе сан епіскапа і пасяліўся ў Рыме ў бенедыкцінскім кляштары Св. Аляксея.

Праз чатыры гады, у 993 вярнуўся ў Прагу супраць волі князя Баляслава II, з бласлаўлення Рыма зноў у якасці епіскапа. Яшчэ праз год ён заснаваў у пражскім прадмесці Бржэнаў першы на тэрыторыі Чэхіі мужчынскі кляштар. Яго заслугай было стварэнне ў Чэхіі манаскіх ордэнаў, якія будавалі першыя манастыры па ўсяму каралеўству. Адальберт таксама актыўна змагаўся з паганскімі вераваннямі, якія яшчэ мелі значную моц у Багеміі. Гэтая дзейнасць займала ў яго шмат сіл і часу, а высокая адказнасць за паводзіны чэшскага народа рабіла яго епіскапства цяжкім абавязкам. Прыблізна праз год, сустрэўшыся са Страхквасам, родным братам князя Баляслава, які таксама абраў шлях духоўнага служэння і займаў даволі высокую царкоўную пасаду, Адальберт прапанаваў яму свой епіскапскі посах. Ён патлумачыў гэта тым, што не адчувае сябе здольным адвесці народ ад ідалапаклонства, палігаміі, кровазмяшальных шлюбаў. Ён лічыў, што чалавек з роду Пржэмыславічаў здолее гэта зрабіць значна лягчэй. Страхквас першапачаткава адмовіўся прыняць прапанову Адальберта, на што апошні адказаў, што Страхквас будзе вымушаны ў будучыні прыняць епіскапскі сан, але ўжо ў значна горшых умовах. У 995 феадальная ўсобіца паміж Слаўнікавічамі і Пржэмыславічамі абвастрылася, і па загаду Баляслава II Лібіца была ўзята штурмам, а чацвёра братоў Войцеха-Адальберта былі забіты комітамі з роду Вршоўцаў. Злічанскае княства было далучана да Прагі. Адальберт пракляў забойцаў сваіх братоў і ў другі раз пайшоў у Рым. У 996 майнцкі архіепіскап Вілігіз патрабаваў, каб Адальберт вярнуўся да Прагі. Папа Ян XV падтрымаў гэта патрабаванне, але даў Адальберту дазвол, на выпадак, калі чэхі яго не прымуць, адысці прапаведаваць паганцам. Паколькі чэхі адмовіліся яго прыняць, Адальберт назаўсёды пакінуў радзіму. Яго пераемнікам быў пастаўлены Страхквас, які, аднак, не здолеў атрымаць епіскапскія паўнамоцтвы, паколькі нечакана памёр у час рукапалажэння.

Місія і гібель у Прусіі

[правіць | правіць зыходнік]
Прусы забіваюць Св. Адальберта. Сярэднявечная мініяцюра

Пасля кароткай місіі ў Венгрыі Адальберт пасяліўся ў Польшчы, дзе быў добра прыняты князем Баляславам Храбрым, і вясной 997 года разам са сваім братам Гаўдэнцыем (Радзімам) накіраваўся да паганцаў прусаў прапаведаваць хрысціянства, дзе і быў забіты 23 красавіка 997 года. Парэшткі святога мучаніка былі выкуплены Баляславам Храбрым і пакладзеныя ў саборы ў Гнезна, першай сталіцы Польшчы. Ужо праз два гады пасля смерці Войцех-Адальберт быў кананізаваны Папам Сільвестрам II.

Памяць аб святым Адальберце

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік Св. Войцеху і яго брату Св. Радзіму ў Лібіцы (Чэхія)

У 1997 годзе, праз тысячу год пасля пакутніцтва Св. Адальберта, адбыліся прысвечаныя яму юбілейныя ўрачыстасці ў Польшчы, Чэхіі, Расіі. У Калінінградскай вобласці на меркаваным месцы пакутніцтва Св. Адальберта непадалёк ад вёскі Берагавая быў пастаўлены дзесяціметровы крыж.

Памяць святога Адальберта ў каталіцкай царкве — 23 красавіка.

Першыя біёграфы Св. Адальберта:

Саркафаг Св. Адальберта ў Гнезна
  • 955: Нарадзіўся ў Лібіцы
  • 962: Першая канфірмацыя ў Лібіцы
  • 970: Пачатак вучобы ў Магдэбургу
  • 980: Завяршэнне вучобы, служба ў Празе ксяндзом
  • 981: Смерць бацькі
  • 982: Абранне епіскапам Прагі
  • 983: Зацвярджэнне на пасадзе епіскапа на сейме ў Вероне
  • 987: Смерць маці
  • 989: Ад’езд з Прагі ў Рым
  • 993: Вяртанне ў Прагу
  • 995: Забойства чатырох братоў Адальберта
  • 995—996: Місія ў Венгрыі
  • 997: Прыезд у Польшчу і Прусію, гібель у Прусіі
  • 999: Кананізацыя.

Зноскі

  1. а б в г д е Brockhaus Enzyklopädie Праверана 30 чэрвеня 2020.
  2. а б The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  • Козьма Пражский. Чешская хроника. — М., 1962.
  • Титмар Мерзебургский. Хроника. В 8 кн. / Пер. с лат. И. В. Дьяконова. — М.: «SPSL»-«Русская панорама», 2005.