Помнік Уладзіміру Караткевічу (Кіеў)
Помнік | |
Помнік Уладзіміру Караткевічу | |
---|---|
50°26′49″ пн. ш. 30°30′14″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Скульптар | Канстанцін Уладзіміравіч Селіханаў і Алег Мікалаевіч Варвашэня |
Архітэктар | Аляксандр Іосіфавіч Корбут |
Дата заснавання | 12 красавіка 2011 |
Помнік Уладзіміру Караткевічу — помнік у Кіеве, размешчаны па вуліцы Кацюбінскага, побач з будынкам беларускага пасольства ва Украіне. Прысвечаны беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, які вучыўся і працаваў у Кіеве. Знакаміты нарыс пісьменніка «Зямля пад белымі крыламі» ўпершыню пабачыў свет на ўкраінскай мове. У сваіх шматлікіх мастацкіх творах і літаратуразнаўчых артыкулах Уладзімір Караткевіч звяртаўся да ўспамінаў пра жыццё на Украіне, даследаваў творчасць Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франка і іншых пісьменнікаў Украіны[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Камень на месцы ўсталявання помніка заклалі яшчэ ў лістападзе 2009 годзе ў прысутнасці міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі. Помнік выраблены коштам Беларусі і быў адпраўлены ў Кіеў у снежні 2010 года. Усталявалі яго 12 красавіка 2011 года, мантаж аплацілі ўкраінскія мецэнаты. Аўтарамі помніка з’яўляюцца беларускія скульптары Канстанцін Селіханаў, Алег Варвашэня і архітэктар Аляксандр Корбут[2].
Адкрыццё помніка адбылося 20 кастрычніка 2011 года[1], ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел міністр культуры Беларусі Павел Латушка і міністр культуры Украіны Міхаіл Кулыняк, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі дзвюх краін, выступіў ансамбль «Купалінка» Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З нагоды адкрыцця помніка ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце прайшла прэзентацыя спецыяльнага выдання кнігі Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» на чатырох мовах — беларускай, рускай, украінскай, англійскай[3].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Помнік уяўляе сабой фігуру Караткевіча ў берэце, апранутую ў тоўсты швэдар і несамудранае паліто, у кішэні якога схаваў рукі. Пісьменнік стаіць на фоне раскрытай кнігі, на яе старонцы змешчана апошняя страфа верша «І тады закахалася хмара…» на беларускай і ўкраінскай мовах[2]:
І пад птушак зялёны гоман Нарадзіліся для абшараў, — |
Вышыня фігуры Караткевіча складае 2,3 м, вышыня кнігі — каля 3,4 м, вага — каля 2,5 тонаў[2].
Даследчыца М. П. Чайко лічыць, што няўдалае архітэктурнае вырашэнне помніка зніжае мастацкія каштоўнасці скульптурнага твора[4].
Зноскі
- ↑ а б У Кіеве адкрыюць помнік Уладзіміру Караткевічу Архівавана 3 верасня 2022.
- ↑ а б в Сяржук Серабро. У Кіеве паставілі помнік Уладзіміру Караткевічу 07/5/11 13:46
- ↑ Вярнуўся ў бронзе 27.10.2011
- ↑ Чайко М. П. Манументальная скульптура Беларусі і архітэктурнае асяроддзе, спецыфіка сінтэзу на сучасным этапе // Искусство и культура. — 2014. — № 1(13)