Пячатка Усевалада Яраславіча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пячатка Усевалада Яраславіча

Пячатка Усевалада Яраславіча — свінцовая віслая пломба-пячатка першай паловы XI ст., якая належала сыну Яраслава Мудрага князю тураўскаму і вялікаму князю кіеўскаму Усеваладу Яраславічу (1030—1078), у хрышчэнні — Андрэю. Пломба-пячатка як артэфакт сведчыць пра палітычныя сувязі Полацка з Кіеўскай Руссю, адносіцца да рэдкіх помнікаў сфрагістыкі. Захоўваецца ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку ў калекцыі археалагічных знаходак, якая ўнесена ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Знойдзена на тэрыторыі Верхняга замка ў 1978 г. каля ўсходняй сцяны Сафійскага сабора на глыбіні двух метраў ад паверхні, пад час працы археалагічнай экспедыцыі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства Валянціна Аляксандравіча Булкіна.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Выраб мае круглую форму дыяметрам 30 мм, на адным баку ў абрамленні кропкавага абадка — паясная выява святога апостала Андрэя Першазвананага з доўгімі валасамі, барадой, з кропкавым німбам вакол галавы, правая рука святога ў бласлаўляльным жэсце, злева, каля пляча — посах з крыжам у жамчужным абрамленні. Па баках ад выявы — вертыкальныя надпісы грэчаскімі літарамі. На адваротным баку ў абрамленні кропкавага абадка — надпіс у пяць радкоў грэчаскімі літарамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мн., «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі.- 1993.- С. 506,528.
  • Булкін В. А. Кіеўская пячатка ў Полацку// Помнікі гісторыі і культуры Беларусі.-1979, № 4.- С.19-20
  • Трофимов А. И. О датировке полоцкой печати Всеволода Ярославича// Гербоведъ. Издаваемый Русской Геральдической Коллегией. — М.,1997.- С. 18-23
  • Янин В. Л. Актовые печати древней Руси Х-ХV вв. В двух томах Т.1. Печати Х — начала ХII в. — М.: Наука,1970.- С.15-16,168-170,250-251

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]