Перайсці да зместу

Верхні замак (Полацк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Верхні замак — умацаваны цэнтр Полацка. Размяшчаўся на Чорнай гары на правым беразе Дзвіны пры ўпадзенні ў яе Палаты. Займаў узвышша плошчай 9,44 га. 3 усходу быў абведзены валам, па краі пляцоўкі ўмацаваны драўлянымі сценамі-гароднямі з вежамі. Схілы неаднаразова ўмацоўваліся, упершыню каля 1363 года.

Замкі Полацка 17 стагоддзя. Верхні замак па цэнтры

Верхні замак з сярэдзіны XI па XVIII стст. адыгрываў ролю адміністрацыйнага і культурнага цэнтра Полацка. Да ўзвядзення драўлянай царквы (1-я пал. XI ст.) і Сафійскага сабора (каля 1044-1066) тут размяшчалася язычніцкае свяцілішча. Паводле пісьмовых крыніц, у канцы XIII ст. «Оу святое Соф'я» знаходзілася рэзідэнцыя полацкіх епіскапаў. Тут было і памяшканне для ўсяго складу духоўных асоб пры біскупскай кафедры («Крылас»). Верхні замак мог быць месцам дзейнасці князя (ХІ—XIV стст.) і яго жыцця (пасля 1326). У гэты час узводзіцца княжацкі церам.

У часы Вялікага Княства Літоўскага на Верхнім замку жылі вялікакняжацкі намеснік (з 1392), ваявода (з 1504), уладыка, баяры і мяшчане, тут размяшчаліся шэраг полацкіх манастыроў (Траецкі разам з Сафіяй, Васкрасенскі Пятра і Паўла і іншыя)

Тэрыторыя Верхняга замка фарміравалася на працягу значнага прамежку часу. Найбольш магутны культурны пласт — да 5 м і больш — захаваўся на тэрыторыі паўночна-ўсходняй частцы Верхняга замка. Верхні замак з'яўляўся месцам жыхарства гарадской шляхты.

Канстанцін і Алена, каменны абразок знойдзены на тэрыторыі замка, сяр. XII — 20-я гг. XIII стст.

У паўночна-ўсходняй частцы Верхняга замка археолагамі даследаваны самы магутны культурны пласт, менавіта тут размяшчалася шчыльная дварова-сядзібная забудова. Ва ўсходняй частцы Верхняга замка ў XII—XIII стст. жылі рамеснікі. На паўночнай і паўночна-заходняй частцы Верхняга замка магутнасць пласта не перавышае ў сярэднім 4-4,5 м. Аналагічны па магутнасці культурны слой быў выяўлены на тэрыторыі, прылеглай да Верхняга замка ўздоўж вала Ніжняга замка. Плошча Верхняга замка павялічылася ў XIV—XVI стст. уключэннем часткі пасадскіх тэрыторыі на месцы сучасных усходніх карпусоў гарадской бальніцы.

З будаўніцтвам ратушы Верхні замак паступова пачынае губляць функцыю адміністрацыйнага цэнтра горада і з гэтага часу адбываецца пераразмеркаванне акцэнтаў у архітэктурных і сацыяльных дамінант у гарадской структуры. Верхні замак па-ранейшаму заставаўся сакральным цэнтрам і самай значнай полацкай крэпасцю.

Фрагмент фрэскі «Цуд Св. Георгія» з выявай Верхняга замка і сабора Св. Сафіі ў Полацку. 1580-я

Самы старажытны абарончы вал на Верхнім замку датуецца не раней за XI ст. На яго вонкавым боку жылі рамеснікі, на ўнутраным — прадстаўнікі шляхты і духавенства.

На Верхнім замку, паводле Рэвізіі 1552 года, згадваюцца вежы Усцейская, Другая, Асвейская, Чацвёртая, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сёмая, Восьмая, Сафійская. Вежы стаялі на канцах пляцоўкі замка. Шэсць веж былі размешчаны парамі, падзеленыя 3-4 гароднямі. Сярод гэтых пар у адной вежы з дзвюх мелася брама, альбо фортка.

Планіровачная структура

[правіць | правіць зыходнік]

Па матэрыялах даследаванняў культурнага пласта Верхняга замка Г. В. Штыхавым было зроблена заключэнне, што на тэрыторыі ўсходняй частцы Верхняга замка з другой паловы XIII ст. існавала ўстойлівая планіроўка ў забудове. Выкрытыя раскопкамі пабудовы ўваходзілі ў склад гаспадарчых комплексаў — пагонных двароў, абнесеныя плотам. Тэрыторыя двароў выцягвалася ўглыб ад вуліцы, гэтак жа размяшчаліся і пабудовы. Двары належалі рамеснікаў, у раскоп патрапілі пабудовы ювеліра і гарбара-шаўца. Падворак, як правіла, быў выбрукаваны дрэвам, каля бруку быў пракладзены водаадводы (калектары).

Двор ваяводы размяшчаўся ў паўночна-заходняй частцы Верхняга замка (тэрыторыя сучаснай гарадской бальніцы). Па рэвізіі 1552 года двор ваяводы ўключаў у шэсць жылых будынкаў, піўную (склеп) са складскім памяшканнем пад ёй, кухню і пякарню, стайню, лазню, каралеўскую клець каля замкавай брамы. Дамы на падклеце былі двух-трохкамернымі пабудовамі. Шосты дом быў «у замкавай сцяне» і, імаверна, служыў каравульна-назіральным памяшканнем.

  • Дук Д. У. Гісторыя Полацка: па матэрыялах археалагічных даследаванняў. — Наваполацк: УА «ПДУ», 2006. — 112 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 461—462. — 576 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).