Пячатка

Пяча́тка[1], або пяча́ць[2] — прадмет з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-небудзь дакументу верагоднасць і юрыдычную сілу. Пячаткі вывучае сфрагістыка.
Пячаткі выдомыя з 4 тысячагоддзя да н.э. ў краінах Старажытнага Усходу. У Старажытнай Грэцыі і Рыме пячаткі рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, якія як узоры мастацтва вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама пячаткамі-пярсцёнкамі. З канца IV ст. ў Рыме былі віслыя пячаткі — булы, якія адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў.
У канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найбольшая колькасць віслых пячатак знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых пячатак для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р. Буг (цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы).
Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Знойдзены полацкія пячаткі князя Ізяслава Уладзіміравіча канца 10 ст., Ефрасінні Полацкай і яе Маці Сафіі, епіскапаў Дыянісія і Міны 12 ст. Пячаткі і з выявамі расквітнеўшага крыжа і Святога Глеба належала менскаму князю Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена пячатка кіеўскага мітрапаліта Кірылы 13 ст. У першай палове 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14-15 стст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя пячаткі. Паводле тыпаў пячатак 14-15 стст. былі княжацкія, епіскапскія, гарадскія, баярскія і ішн.
У Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у 15-18 стст. ужываліся асабістыя пячаткі-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14-17 стст. многія беларускія гарады мелі пячаткі з выявамі гербаў. Старажытныя адбіткі пячатак падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчуковыя штэмпелі і спецыяльная масціка, каб рабіць адбітак на паперы.
У Рэспубліцы Беларусь існуюць гербавыя і простыя пячаткі. На гербавай назва дзяржаўнай арганізацыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. На простых пячатках няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арганізацыі, недзяржаўныя прадпрыемствы і асобы (напрыклад, урачы). Адзін з відаў простай пячаткі — вуглавы і іншыя штампы.
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Паводле ТСБМ: пячатка, -і, ДМ -тцы; родны склон множны лік -так; жаночы род -- Тое, што і пячаць; невялікая пячаць.
- ↑ Паводле ТСБМ: пячаць, -і, жаночы род -- Прылада з выразанымі знакамі для адціскання іх (на паперы, сургучы і пад.). Адбітак гэтых знакаў, які служыць для сведчання чаго-н.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пячатка