Перайсці да зместу

Радыёгалактыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнтаўр А ў штучных колерах дыяпазонаў: радыё — чырвоны, інфрачырвоны — зялёны і рэнтген — сіні.

Радыёгала́ктыкі — разнавіднасць галактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 радыёгалактык.

Практычна ўсё галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вялікіх адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім у мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення радыёгалактык на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае, і не заўсёды можна атаясаміць радыёгалактыку з аптычнай крыніцай.

Радыёвыпрамяненне радыёгалактык мае сінхратронную прыроду (гл. сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў[ru] устаноўлена, што 75 % радыёгалактык — падвойныя сістэмы. Самая магутная радыёгалактыка — Лебедзь А (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з двух кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс. св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс. св. гадоў.