Ракаўская крыніца
Ракаўская крыніца | |
---|---|
Катэгорыя МСАП — III (Помнік прыроды) |
|
Размяшчэнне | Беларусь, а. Ракаў, Валожынскі раён, Мінская вобласць |
Ракаўская крыніца — гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння ў Беларусі, размешчаны на ўсходняй ускраіне вёскі Ракаў, каля шашы Ракаў — Кучкуны, што злучае населены пункт з аўтамагістраллю Мінск—Гродна, у месцы, якое мясцовыя жыхары называюць «У Крыжы»[1]. Ахоўны статус нададзены 16 кастрычніка 2008 года[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ракаўская крыніца вядома з XV стагоддзя. Паводле падання, запісанага са слоў ракаўскіх старажылаў у пачатку 1840-х гадоў, у той час адзін з мясцовых жыхароў, хворы і сляпы, пачуў у сне голас Дзевы Марыі, якая загадвала яму ісці на ўсход, спыніцца ля высокага дрэва і капаць зямлю. Некалькі разоў усадзіў чалавек у зямлю рыдлёўку, і забілася крыніца. Стары абмыў у ёй твар і стаў відушчым: перад сабой ён убачыў абраз Божай Маці, ад якога ішло дзіўнае святло. Над крыніцай пабудавалі царкву, дзе і змясцілі цудатворны абраз[1].
У «Мінскіх Епархіяльных ведамасцях» (1886 г., неафіцыйная частка) у артыкуле «Становішча праваслаўя ў Мінскай Епархіі» таксама ёсць паданне, як мясцовы жыхар, ад прыроды сляпы і пастаянна хворы, у XV стагоддзі заблудзіўся ў лесе. Пасля малітвы сляпы знайшоў крынічку, дзе наталіў смагу, умыўся і раптам зрабіўся відушчым. Ён убачыў на дрэве каля крыніцы лік Божай Маці з прадвечным дзіцём. На памяць пра гэтае здарэнне ён першы ўзвёў тут царкву і змясціў у ёй абраз Божай Маці[3].
Уніяцкі мітрапаліт Афанасій Шаптыцкі стварыў нават камісію па даследаванні сапраўднасці цудаў гэтага абраза і дазволіў пабудаваць у 1737 годзе на месцы яго з’яўлення новую Крыжаўзвіжанскую царкву, да якой улетку на маладзік ладзілі хросныя хады з Ракаўскай Свята-Праабражэнскай царквы[3].
У час хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі царква і мураваная каплічка над крыніцай, узведзеная ў 1906 годзе, былі знішчаны[3]. Крыніцу засыпалі хлоркай і аб’явілі, што піць ваду з яе нельга[4].
У наш час крыніца адноўлена, усярэдзіне пастаўлены крыж. Сама крынічка выбіваецца з-пад вярбы за некалькі метраў ад капліцы[3].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Крыніца Ракаўская адносіцца да крыніц тыпу геларэакрэн. Выхады падземных вод у ніжнай частцы марэннага ўзвышша ўяўляюць сабой групу крыніц рознага тыпу. У натуральным стане захаваліся крыніцы тыпу гелакрэн, якія ўтвараюць крэнаполе — забалочаную мясцовасць, пакрытую дрэвава-хмызняковай расліннасцю. Яны знаходзяцца на адлегласці 40 метраў на поўнач ад асноўнага выхаду падземных вод. Асноўны выхад тыпу рэакрэн у натуральным стане не захаваўся — каптаваны. Паводле кірунку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню зямлі крыніца з'яўляецца сыходнай. Паводле характару рэжыму ён адносіцца да пастаянна дзеючых крыніц. Агульны аб'ём падземных вод крыніцы, што паступаюць на дзённую паверхню, досыць высокі, складае 0,03 л/с[2].
Паводле хімічнага саставу вада крыніцы адносіцца да гідракарбанатнага класа кальцыевай групы. Агульная мінералізацыя вады ў крыніцы складае 442,1 мг/куб.дм. Актыўная рэакцыя вады паводле вадароднага паказчыка слабашчолачная, бліжэй да нейтральнай pH 8,07. Тэмпература вады крыніцы ў каптаванай частцы — 10,8 С°. Колькасць забруджвальных мікраэлементаў (нітрытаў і нітратаў) у вадзе крыніцы ніжэй за гранічна дапушчальную канцэнтрацыю (ГДК) для пітной вады[2].
Расліннае покрыва на тэрыторыі помніка прыроды «Крыніца Ракаўская» прадстаўлена лугавой, каляводнай, лясной і сінантропнай расліннасцю[2].
Зноскі
- ↑ а б Туристско-краеведческий маршрут. «Ракава сівыя камяні»
- ↑ а б в г Рашэнне Валожынскага раённага выканаўчага камітэта ад 16.10.2008 N 1287 «Аб абвяшчэнні гідралагічных, геалагічных і батанічных помнікаў прыроды мясцовага значэння»
- ↑ а б в г Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына. «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…» Маладосць № 10 за 2004 год.
- ↑ ЦУДадзейная вада.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Рашэнне Валожынскага раённага выканаўчага камітэта ад 16.10.2008 N 1287 «Аб абвяшчэнні гідралагічных, геалагічных і батанічных помнікаў прыроды мясцовага значэння»
- Святые источники Беларуси. Раков Архівавана 21 мая 2016.