Перайсці да зместу

Ракаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Ракаў
Герб
Герб
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Аграгарадок з
Вышыня цэнтра
212 м[1]
Насельніцтва
2 485[2] чалавек (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1772
Паштовы індэкс
222365
Аўтамабільны код
5
СААТА
6220857156
Ракаў на карце Беларусі ±
Ракаў (Беларусь)
Ракаў
Ракаў (Мінская вобласць)
Ракаў

Ра́каў[3] (трансліт.: Rakaŭ) — аграгарадок у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Ракаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Валожына, за 39 км ад Мінска; за 16 км ад чыгуначнай станцыі Беларусь, каля аўтамабільнай дарогі Мінск — Гродна.

Ракаў — колішні магдэбургскі[4] горад гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства.

У балцка-літоўскіх імёнах, ад якіх сучасныя літоўскія прозвішчы Rakas, Rakys, Rakis, Rakulis, Rakutis, Rakūnas, балцкая антрапанімічная аснова Rak-. Яна вядомая і ў двухасноўных імёнах тыпу Rak-lin'as, Rak-tar'as[5].

Упершыню Ракаў згадваецца ў XIV стагоддзі як вялікакняжацкае ўладанне.

У Літоўскай Метрыцы засведчаныя балцкія імёны жыхароў Ракава па стане на XV стагоддзе: Пацюс, Малдуціс, Яўлейка, Цябут Лімейкавіч, Люмант ("Пацюс, Молдутис", "Евлеико, Тябутъ Лимеиковичъ", "Люмонтъ")[6].

У 1465 годзе вялікі князь Казімір перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 года — ва ўладанні Завішаў. У другой палове XVI стагоддзя тут заснавалі кальвінскі збор (дзейнічаў да пачатку XVIII стагоддзя). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства.

У 1568 годзе Ракаў атрымаў статус мястэчка. У першай палове XVII стагоддзя паселішча перайшло да Сангушкаў, пры якіх зрабілася значным гадлёвым горадам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 годзе Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Св. Духа.

У 1701 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Праз мястэчка праходзілі два гасцінцы: Менск — Пяршаі — Валожын — Ашмяны і Ракаў — Вілейка. У 1702 годзе Казімір Сангушка заснаваў тут базыльянскі манастыр. У 1742 годзе адбыўся пажар, які знішчыў кляштар Св. Духа (неўзабаве адбудаваны).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ракаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Мінскага павета. У 1794 годзе за ўдзел у паўстанні расійскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фельдмаршалу Салтыкову. У 1804 годзе Салтыкоў прадаў Ракаў Здзяхоўскім. У 1824 годзе мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касцёл і капліцу, у 1830 годзе — змуравалі прымогілкавую капліцу Св. Ганны. Па задушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1835 годзе расійскія ўлады ліквідавалі кляштар Св. Духа, а касцёл гвалтоўна перарабілі ў царкву Маскоўскага патрыярхата. У 1839 годзе царскія ўлады скасавалі базыльянскі манастыр, царкву перадалі Маскоўскаму патрыярхату, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры — разрабавалі, манастырскі шпіталь — закрылі.

У 1843 годзе ў Ракаве пабудаваныя майстэрні сельскагаспадарчых машын (веялкі, малатарні, сячкарні і інш.), якія добра разыходзіліся ў Мінскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбургскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, піваварня. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы і сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. Паводле М. Улашчыка[7], у 1901 годзе тут вырабілі 80 малатарань. Станам на 1859 год у мястэчку было 140 двароў[8].

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. Ракаў знаходзіўся ва ўладанні Марыяна Здзяхоўскага, прафесара Кракаўскага і Віленскага ўніверсітэтаў. У гэты час у сядзібе Здзяхоўскага збіраліся вядомыя літаратары і музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў «Паўночнымі Афінамі». На 1905 год у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 годзе тут збудавалі неагатычны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У пачатку XX стагоддзя існавалі некалькі млыноў, касцёл Св. Духа, капліца Св. Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; набліжэйшы доктар — у Заслаўі. У 1906—1909 гадах дзейнічала правінцыйнае кола Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску, якое займалася падтрымкай польскай адукацыі[9].

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводства. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным месцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.

У 1939 годзе Ракаў увайшоў у БССР, дзе атрымаў статус гарадскога пасёлка. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 года да ліпеня 1944 года Ракаў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У Ракаўскім гета (жнівень 1941 — люты 1942) нацысты забілі больш за 1000 габрэяў.

16 ліпеня 1954 года статус Ракава панізілі да вёскі, Ракаў далучаны да Выганіцкага сельсавета, дзе стаў яго цэнтрам, сельсавет перайменаваны ў Ракаўскі[10].

28 лютага 2008 года Ракаву нададзены статус аграгарадка[11].

Вуліца Ракава
Забудова Ракава
  • XIX стагоддзе: 1859 — 1501 чал.; 1897 — 3641 чал., з іх 59,5 % іўдзеяў, 27,9 % каталікоў, 12 % праваслаўных
  • XX стагоддзе: 1921 — 3323 чал.
  • XXI стагоддзе: 2001 — 2106 жыхароў, 765 двароў[12]; 2006 — 2,1 тыс. чал.

Інфрастуруктура

[правіць | правіць зыходнік]

У Ракаве працуюць сярэдняя школа, бальніца і пошта.

У 2000—2008 гадах выходзіла краязнаўчае выданне «Ракаўскі шлях» пад рэдакцыяй прафесара Вячаслава Рагойшы[13].

Ракаў — вядомы ў Беларусі ганчарны цэнтр (гэтак званая «Ракаўская кераміка»). Апроч таго, у вёсцы працуюць лясніцтва і прамысловы камбінат.

Музей-галерэя «Янушкевічы»

Ракаў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Свет беларускіх мястэчак», «Дойлідства Налібоцкага края», Ракаў — Тупальшчына — Івянец і інш.[14]

У наваколлі вёскі дом адпачынку НАН Беларусі «Іслач», аздараўленчы комплекс «Світанак», 9 дзіцячых арганізацый адпачынку і аздараўлення.

Запрашае наведвальнікаў музей-галерэя «Янушкевічы». Краязнаўчая экспазіцыя музея прысвячаецца жыццю старасвецкай шляхты і дробнай местачковай буржуазіі, найстарэйшы яе экспанат датуецца XVII стагоддзем.

У Ракаве шмат славутасцей, якія ўяўляюць цікавасць для турыстаў[15][16].

У вёсцы размяшчаецца магіла беларускага кампазітара М. Грушвіцкага, на якой пастаўлены помнік.

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
  • Касцёл (1824)
  • Кляштар дамініканцаў (1686)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Здзяхоўскіх (XIX ст.)
  • Сінагога

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Раковский сельский исполнительный комитет - Воложинский районный исполнительный комитет(нявызн.). volozhin.gov.by. Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2022. Праверана 21 лютага 2022.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  4. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 312.
  5. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. C. 128.
  6. Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3 (1440-1498). Užrašymų knyga 3 // Vilnius, 1998. Стар. 53, 66.
  7. «Была такая вёска…» // Мікалай Улашчык. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 88.
  8. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
  9. Dariusz Tarasiuk: Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007, ss. 34-37. ISBN 978-83-227-2629-7. 
  10. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об упразднении городского поселка Раков, Радошковичского района, Молодечненской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  11. Решение Воложинского районного Совета депутатов от 28.02.2008 N 61 «О преобразовании деревни Раков в агрогородок»
  12. БелЭн 2001.
  13. Пётр Дарашчонак. Ад «Ракаўскіх чытанняў» да «Ракаўскага шляху»: летапіс роднага краю пад рэдакцыяй прафесара Вячаслава Рагойшы // Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання (памяці антраполага Зінаіды Мажэйкі): зборнік навуковых прац [удзельнікаў XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 21—23 красавіка 2017 г.]. — Мінск: БДУКМ, 2017. — С. 180—182.
  14. Раков // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
  15. Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  16. Глобус Беларусі. Ракаў
  17. В Беларуси можно окунуться в историю… и в озера ледникового периода Архівавана 27 верасня 2011.