Расстралянае адраджэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Расстраля́нае адраджэ́нне (укр.: Розстріляне відродження), таксама Чырвоны рэнесанс (укр.: Червоний ренесанс)[1] — духоўна-культурнае і літаратурна-мастацкае пакаленне 1920-х гадоў ва Украіне, якое дало высокамастацкія творы ў галіне літаратуры, філасофіі, жывапісу, музыкі, тэатра, і якое было знішчана ў час сталінскіх рэпрэсій[2][3].

Сям'я Крушальніцкіх. Фотаздымак -- сімвал сталінскага тэрору ва Украіне.

Кульмінацыяй рэпрэсій стаў расстрэл 3 лістапада 1937 года. У гэты дзень былі расстраляныя Лесь Курбас, Мікалай Куліш, Мацвей Яворскі, Уладзімір Чахоўскі, Валяр’ян Падмагільны, Павел Філіповіч, Валяр’ян Палішчук, Клім Палішчук, Рыгор Эпік, Міраслаў Ірчан, Марк Вараны, Міхаіл Казарыс, Алекса Слісарэнка, Міхаіл Ялавы і іншыя — усяго больш за сто прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі. Раней былі арыштаваны і пакараны смерцю мастакі-манументалісты браты Цімафей і Міхаіл Байчукі і мастакі іх кола, рух якіх вядома ў мастацтвазнаўстве як «байчукізм». 28 лістапада 1937 года расстраляна паэтэса Міраслава Сапілка.

Тэрмін «расстралянае Адраджэнне» ўпершыню прапанаваў літаратуразнавец Юрый Лаўрыненка[2], выкарыстаўшы яго як назву для лепшых тэкстаў украінскай паэзіі і прозы 1920—1930-х гадоў. Пад гэтай назвай у 1959 годзе ў Парыжы пад рэдакцыяй Лаўрыненкі (з удзелам Юрыя Шавялёва-Шэраха і іншых) выйшла анталогія ўкраінскай паэзіі і прозы 1917—1933 гадоў. У яе ўвайшлі творы не толькі расстраляных у літаральным сэнсе слова, але і тых, хто перайшоў да афіцыёзнай літаратуры і апявання палітыкі СССР (Павел Тычына, Мікола Бажан), знаходзіліся ў зняволенні (Барыс Антаненка-Давыдавіч, Астап Вішня, Максім Рыльскі); многія з яшчэ жылі ў час складання анталогіі.

Юрый Лаўрыненка стаў ужываць тэрмін з 1944—1945-х гадоў, але ў пастаянным абароце ён пачаў выкарыстоўвацца пасля выдання ў 1959 годзе аднайменнай анталогіі[3].

Літаратурныя аб’яднанні[правіць | правіць зыходнік]

Члены аб'яднання "Ланка"

Галоўнымі літаратурнымі аб’яднаннямі былі «Ланка» (пазней «МАРС»), «Плуг», «Неакласікі», «Маладняк», «Заходняя Украіна», ЛОЧАФ (аб’яднанне арміі і флоту). Самым уплывовым быў «Гарт», на аснове якога пазней была створана ВАПЛІТЕ («Вольная акадэмія пралетарскай літаратуры»).

Менавіта ВАПЛІТЕ ў асобе Міколы Хвылявага пачало знакамітую літаратурную дыскусію 1925—1928-х гадоў і перамагло ў ёй, даказаўшы наяўнасць і неабходнасць нацыянальнай, спецыфічнай украінскай літаратуры, арыентаванай на Еўропу, а не на СССР.

Проза і паэзія[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнымі апорамі новай эліты былі бунт, незалежнасць мыслення і шчырая вера ва ўласныя ідэалы. У большасці сваёй гэта былі інтэлектуалы, які мелі свой асаблівы паход, які рабіў стаўку на асобу, а не на масу. За сваёй «савецкасцю» яны хавалі пошукі і пытанні.

Прозу гэтых пісьменнікаў можна падзяліць на дзве часткі: сюжэтная і бессюжэтная. У бессюжэтных галоўным было не фраза ці слова, а падтэкст, «пах слова», як сказаў Хвылявы. Стыль моцных пачуццяў і пранікненне ў сутнасць з’яў называецца неарамантызмам ці экспрэсіянізмам. У гэтым кірунку працавалі Мікола Хвылявы, Юрый Яноўскі, Андрэй Галаўко, Юліян Шпол, Алекса Улызько, Лесь Курбас, Мікола Куліш і многія іншыя.

Галоўная ідэя навелы «Я (Рамантыка)» Хвылявога — расчараванне ў рэвалюцыі, супярэчнасці і падваенне чалавека таго часу. Галоўны персанаж — чалавек без імя, а значыць, без індывідуальнасці, без душы. Дзеля ідэі рэвалюцыі ён забівае сваю маці і мучыцца думкай: ці вартая рэвалюцыя такой ахвяры.

У рамане Валяр’яна Підмагільнага «Горад» упершыню ва ўкраінскай літаратуры выявіліся элементы філасофіі экзістэнцыялізму. Галоўны герой у жаданні асалоды ідзе ад задавальнення фізічнага да найвышэйшых рэлігійных патрэбнасцей. Аднак нават у такой складанай тэматыцы пісьменнік не ператварае раман у просты выклад «агульначалавечай» філасофіі, а творча асэнсоўвае яе ў прымяненні да ўкраінскага нацыянальнага светаадчування.

У паэзіі самымі цікавымі з’яўляюцца пошукі сімвалістаў Аляксандра Алеся і Паўла Тычыны. У сваім зборніку «Сонечныя кларнеты» Тычына адлюстраваў усю шырату любові да ўкраінскай прыроды, духу незалежнасці. Канфлікт з савецкай ідэалогіяй паставіў перад паэтамі выбар: самагубства (Хвылявы), рэпрэсіі і канцлагеры (Б. Антаненка-Давыдовіч, Астап Вішня), замоўчванне (І. Баграны, В. Дамантовіч), эміграцыя (У. Віннічэнка, Яўген Маланюк) ці напісанне праграмных твораў для праслаўлення партыі (Павел Тычына, Мікола Бажан). Большасць дзеячаў мастацтва была рэпрэсаваная і расстраляная.

Калі ў 1947 годзе Іван Баграны выдаў за мяжой паэтычны зборнік «Залаты бумеранг», яго другой назвай стала «Рэшткі страчанага, рэпрэсаванага і знішчанага». Творы здаваліся ў спецховы, забараняліся, бо супярэчылі ідэі сацыялізму. Хоць некаторыя функцыянавалі ў самвыдзе (Іван Баграны), рукапісных копіях, выдавалі за мяжой.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. напрыклад: Життя і смерть Миколи Хвильового. Від комуніста до комунара
  2. а б «Розстріляне відродження» // Літературознавча енциклопедія. — К.: Академія, 2007. — Т. 2. — С. 340.
  3. а б Рубльов О. С. «Розстріляне відродження» // Енциклопедія історії України. — К.: Наукова думка, 2012. — Т. 9. — С. 266.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архів розстріляного відродження: матеріали архівно-слідчих справ українських письменників 1920—1930-х років / Упор. О. та Л. Ушкалови. — К.: Смолоскип, 2010. — 456 с.
  • Лавріненко Ю. Розстріляне відродження: Антологія 1917—1933. Поезія — проза — драма — есей. Paris, Instytut Literacki, 1959 // К.: Просвіта, 2001. — 794 с.; К.: Смолоскип, 2007. — 976 с. ISBN 978-966-8499-79-1
  • Ленская С. В. Забытая украинская проза 1920-х годов // Уральский филологический вестник. Серия: Русская литература XX—XXI веков: направления и течения. — 2013. — № 2. — С. 118—128.
  • Ленская С. В. Украинская новеллистика «Расстрелянного возрождения»: проблема размывания жанровых границ в малой прозе // Политическая лингвистика. — 2013. — № 1. — С. 164—169.
  • Ленская С. В. Элементы экспрессионистической поэтики в украинской новеллистике 1920-х г. // Вестник ВГУ. Серия: Филология. Журналистика. — 2014. — № 1. — С. 65—69.
  • «Розстріляне відродження» // Літературознавча енциклопедія. — К.: Академія, 2007. — Т. 2. — С. 340.
  • Рубльов О. С. «Розстріляне відродження» // Енциклопедія історії України. — К.: Наукова думка, 2012. — Т. 9. — С. 265—266.
  • Шестопалова Т. Конструкт історії літератури в науково-критичній думці Ю. Лавріненка // Філологічні семінари. — 2010. — №. 13. — С. 127—133.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]