Пальфі
Пальфі | |
---|---|
Краіна паходжання | Венгрыя |
Тытул | князі, графы |
Першы з роду | Міклаш Пальфі |
Апошні з роду | Леапольд Іозеф Даўн |
Па́льфі з Эрдзёда (венг.: Pálffy de Erdőd) — адзін з найзнакамітышых і заможнейшых венгерскіх шляхецкіх родаў. Мелі тытулы баронаў (ад 1581), графаў (ад 1599) і князёў (ад 1807).
Венгерскія роды Пальфі і Гедэрвар спрабавалі выводзіць уласнае паходжанне ад Конта , заможнага магната падчас валадарання Людовіка I, які валодаў мноствам замкаў у цяперашняй Харватыі і Славакіі.
Пачаткова былі земанскім родам. Росквіт роду пачаўся з першай паловы XVI стагоддзя — час прыходу да ўлады ў Венгрыі Габсбургаў. У 1526 годзе ў бітве пад Мохачам загінуў не толькі чэшскі і венгерскі кароль Людвік II Ягелончык, але і мноства прадстаўнікоў вышэйшага духавенства і венгерскай шляхты, сярод якіх быў і Ваўрынец Пальфі. Яго нашчадкі пасля ўзыходу Габсбургаў на венгерскі сталец перайшлі на бок новага ўладара і заставаліся вернымі габсбургскаму дому да самага заняпаду Аўстра-Венгрыі.
Неўзабаве Пальфі атрымалі ад Габсбургаў тытул баронаў. У 1599 Міклаш Пальфі (1552—1600) быў уганараваны тытулам імперскага графа. Успадкаваны ім ад шлюбу з унучкай Антона Фугера Марыяй Магдаленай замак Чэрвены Камень у Верхняй Венгрыі (цяперашняя Славакія) стаў першым родавым маёнткам, застаючыся ва ўладанні Пальфі ажно да 1945 года.
Цягам пакаленняў нашчадкі Міклаша Пальфі заставаліся найзаможнейшымі жыхарамі Пожані (тагачаснай венгерскай сталіцы) і яе імперскімі намеснікамі. Графы Пальфі выбудавалі ў Браціславе некалькі палацаў, у адным з якіх размяшчаецца аўстрыйская пасольства, у другім — гарадская карцінная галерэя. Палац Пальфі ў Празе, даволі сціплы, размешчаны на Малой Старане. У Вене яны выбудавалі два невялікія палацы — на Вальнерштрасэ і Іозефплацы.
У 1707 годзе род падзяліўся на старэйшую галіну, заснавальнікам якой стаў граф Мікулаш Іозеф (1657—1732) з Катарынай Эльжбетай з Вайхсаў, і малодшую, заснаваную Мікулашавым братам графам Янам Бернардам (1663—1751) і графіняй Ганнай Тэрэзай з Кобараў. У 1735 адбыўся другі падзел маёмасці, у выніку якога старэйшая галіна падзялілася на тры самастойныя лініі, утвораныя ўнукамі Мікулаша Іозефа Пальфі:
- Мікулаш Іозеф (1710—1773) з жонкай Ганнай Сідонай ур. Альтанавай склалі малацкую лінію;
- Леапольд Штэфан (1716—1773) з жонкай Марыяй Іозефінай ур. Вальдштайн склалі ступаўскую лінію;
- Рудольф Іозеф (1719—1768) з жонкай Марыяй Элеанорай ур. Каўніц-Рытберг склалі чэрвенакаменскую лінію.
У XIX стагоддзі Пальфі атрымалі права карыстацца тытулам князёў. У 1875 годзе пасля спынення спадкавання генералісімуса Даўна ў мужчынскім калене сярэдняя (графская) лінія роду Пальфі ўспадкавала належны яму тытул князя Тыяна, пасля чаго змяніла прозвішча на «Пальфі-Даўн дэ Эрдзёд» (Pálffy-Daun de Erdõd).
Апошні ўласнік замку Чэрвены Камень, граф Караль Марыя Пальфі (1905—1992), з'ехаў разам з маці пад канец сакавіка 1945 года.
Выбітныя прадстаўнікі[правіць | правіць зыходнік]
- Барон Міклаш Пальфі (1552—1600) — венгерскі ваенны, палітык і дыпламат.
- Граф Янаш Пальфі (1663—1751) — аўстрыйскі генерал-фельдмаршал, палацін, бан Харватыі, Далмацыі і Славоніі.
- Граф Карл Пальфі (1697—1774), сын Янаша, таксама выбітны генерал, аўстрыйскі фельдмаршал.
- Граф Леапольд Пальфі (1716-73), фельдмаршал (1760) і галоўнакамандуючы венгерскага войска (1765).
- Граф Іаган Карл Пальфі (пам. у 1870), фельдмаршал.
- Граф Алоіс Пальфі (пам. у 1876) — губернатар Венецыі.
- Граф Фідэль Пальфі (1895—1946), заснавальнік Венгерскай нацыянал-сацыялістычнай партыі.
-
Барон Міклаш Пальфі (1552—1600)
-
Граф Ліпот Пальфі (1716—1773)
-
Герб Вальдштайнаў над уваходам у палац Пальфі ў Празе
-
Карл IV Пальфі (1735-1816), 1-ы князь Пальфі
-
Княгіня Пальфі (у дзявоцтве Каўніц-Рытберг, 1801-75)
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
Пальфі на Вікісховішчы |
- Генеалагічныя табліцы роду Архівавана 3 чэрвеня 2012.
- Пальффи фон Эрдёд // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.