Графы Цэльскія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Герб Ульрыха II Цэльскага

Графы Цэльскія (славенск.: Celjski grofje) або графы фон Цылі (ням.: Grafen von Cilli) або Цылеі (венг.: cillei grófok) былі найуплывовай феадальнай дынастыяй позняга сярэднявечча на тэрыторыі сучаснай Славеніі. Паўсталі як васалы Габсбургаў у герцагстве Штырыя, яны кіравалі графствам Цэле (Цылі) як непасрэдныя імперскія графы (Reichsgrafen) з 1341 года і падняліся да статусу князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1436 годзе. Былі звязаны шлюбнымі саюзамі з уплывовымі феадальнымі і кіруючымі дынастыямі Венгрыі, Польшчы, Босніі, Харватыі, Сербіі і Багеміі (Чэхіі).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Замак Цэле

Уладары замка Жоўнек/Занек (ням. Sanneck) на рацэ Савіння ў Ніжняй Штырыі ўпершыню згадваюцца каля 1123/30 гг. Іх продкі магчыма былі сваякамі святой Эмы Гуркскай (ён. Hemma von Gurk), сваячкі імператара Генрыха II, якая трымала ў гэтай мясцовасці вялікія маёнткі. Крэпасць нібыта была пабудавана ў часы Карла Вялікага, як аплот супраць авараў.

Графы[правіць | правіць зыходнік]

Леапольд з Занека згадваецца як прыхільнік караля Рудольфа I Габсбурга ў бітве пад Дзюрнкрутам 1278 года. У пачатку XIV стагоддзя паны Занека аб'ядналіся з аўстрыйскімі Габсбургамі ў іх канфлікце супраць герцага Генрыха Харутанскага за Каралеўства Багемія, што зрабіла іх габсбургскімі васаламі ў 1308 годзе[1]. Брат Леапольда Фрыдрых праз шлюб атрымаў у спадчыну вялікія ўладанні памерлых графаў Гойнбургаў у 1322 годзе; Цэльскія ўладанні сталі ўласнасцю дынастыі ў 1333 годзе,[1] пасля некалькіх гадоў супрацьстаяння з графам Ульрыхам V Пфанбергам і шэрагам іншых знатных родаў. Фрыдрых нарэшце перамог пры падтрымцы Атона IV, габсбургскага герцага Штырыі. У 1332 годзе ён стаў кіраўніком Карніёльскай і Славенскай марак і быў узвышаны імператарам Людовікам IV у Мюнхене да графскага статусу ў 1341 г., атрымаўшы тытул фон Цыле або фон Цылі, які паходзіць ад замка Цэле.

За кароткі прамежак часу цэльскія графы авалодалі больш як 20 замкамі па ўсёй тэрыторыі сучаснай Славеніі і за яе межамі праз шлюбы сваіх дачок. З набыццём буйных маёнткаў у суседніх герцагствах Штырыя і Карынтыя, а таксама на тэрыторыях Каралеўства Венгрыі (у тым ліку ў Харватыя і Славоніі), іх уплыў падняўся, і яны сталі адной з самых магутных сем'яў рэгіёна. Граф Ульрых I з Цылі, камандуючы наймітамі, далучыўся да караля Людовіка Анжуйскага ў яго кампаніі 1354 года ў Далмацыі і, неўзабаве пасля гэтага, да каранацыі Rex Romanorum Карла IV у Рыме. Яго сын Вільгельм ажаніўся з Ганнай Польскай, дачкой польскага караля Казіміра Вялікага. Графы Цылі былі звязаны шлюбамі з кіраўнікамі Босніі, польскімі і венгерскімі каралямі.[2] Таксама праз Барбару Цылі графы былі пароднены з каралямі Багеміі.

Імперскія князі[правіць | правіць зыходнік]

Графы Цылі (ніжні рад, другі справа) ў структуры Свяшчэннай Рымскай імперыі

Іх хуткі ўздым працягваўся пасля бітвы пры Нікопале 1396 года супраць Асманскай імперыі, дзе граф Герман II Цэльскі выратаваў жыццё каралю Венгрыі Жыгімонту I Люксембургу, сыну памерлага імператара Карла IV. У якасці ўзнагароды кароль падарыў (1397-99) горад Вараждзін, графства Загор'е і шмат маёнткаў у Харватыі. У 1401 г. графы Цылі былі сярод прыхільнікаў Жыгімонта супраць венгерскіх магнатаў. Іх саюз з імператарскім домам Люксембургаў стаў яшчэ больш блізкім з-за шлюбу дачкі Германа Барбары Цылі з каралём у 1405 годзе.[1] Гэтаму шлюбу спрыяў і той факт, што ў жылах Цылі цякла кроў харвацкіх магнатаў Шубічаў, баснійскіх каралёў Катраманічаў і венгерскіх Арпадаў, што павінна было ўмацаваць пазіцыі Жыгімонта ў Венгрыі. Перад тым у 1402 годзе граф Герман выдаў сваю пляменніцу Ганну Цэльскую за караля Польшчы Уладзіслава II Ягайлу, гэтаму спрыяла тое, што Ганна праз сваю маці Ганну Польскую была ўнучкай караля Казіміра III з Пястаў. У 1418 годзе граф Герман II атрымаў у спадчыну карынтыйскія і карніёльскія маёнткі згаслага роду графаў Ортэнбург.

У 1410 годзе Жыгімонт быў выбраны рымскім каралём і быў каранаваны як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1433 г. у 1436 г. ён падняў ранг графаў Цылі да імперскіх князёў, хоць яны захавалі свой тытул граф (ням.: Graf, славенск.: grof). Габсбургі, чыімі моцнымі супернікамі яны сталі, адрэагавалі вайной, якая працягвалася да 1443 года, калі было падпісана пагадненне аб узаемным успадкаванні[2].

Ульрых II, граф Цэльскі, быў наймагутнейшым членам сям'і Цылі. У 1432 годзе ён ажаніўся з Кацярынай, дачкой дэспата Сербіі Джураджа Бранкавіча. Ульрых меў вялікі ўплыў у многіх дварах, што тлумачыцца сувязямі сям'і Цылі, якія з'явіліся ў мінулым. Пасля смерці караля Альбрэхта II з Габсбургаў у 1439 г. ён намагаўся атрымаць рэгенцтва Венгрыі, Багеміі і Аўстрыі праз кантроль над малодшым сынам Альбрэхта Уладзіславам Пасмяротным. З такімі амбіцыямі ён атрымаў мноства супернікаў, такіх як ўплывовая венгерская сям'я Хуньядзі. Пасля няўдалай прэтэнзіі на баснійскую карону, Цылі атрымаў некаторыя тэрыторыі ў Харватыі і Славоніі, і ў 1452 годзе яму нарэшце ўдалося вымусіць імператара Фрыдрыха III перадаць Уладзіслава на яго ўтрыманне. Такім чынам, Ульрых II стаў "дэ-факта" рэгентам Венгрыі.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

У 1456 годзе пасля смерці свайго суперніка Янаша Хуньядзі Ульрых II змяніў яго ў ролі генерал-капітана Венгрыі. Гэта ініцыявала змову Хуньядзі супраць Ульрыха II, і 8 лістапада ён быў забіты ў Бялградзе людзьмі Ласла Хуньядзі, сына Янаша.

Са смерцю Ульрыха II згасла мужчынская лінія графаў Цылі і ўсе іх маёнткі і маёмасць былі перададзеныя Габсбургам на падставе пагаднення аб спадчыне.

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Частка іх герба - тры залатыя зоркі на блакітным фоне, якія паны Занека атрымалі ў спадчыну ад некалі магутных карынтыйскіх графаў Гойнбургаў ў 1322 г. - былі ўключаныя ў герб Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў (Югаславіі) 1920-х гг. і ў сучасны славенскі герб у 1991 годзе. Таксама гэта сучасны герб горада Цэле.

Заўвага[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 Enciklopedija Slovenije II, 1988, f. 13 COBISS/17411
  2. 2,0 2,1 Enciklopedija Slovenije II, 1988, f. 14 COBISS/17411

Спасылка[правіць | правіць зыходнік]