Свята-Мікалаеўская царква (Дубна)
Царква | |
Свята-Мікалаеўская царква | |
---|---|
53°26′40,1″ пн. ш. 24°22′13,25″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Дубна |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Гродзенская і Ваўкавыская епархія |
Архітэктурны стыль | рэтраспектыўна-рускі стыль |
Дата пабудовы | 1844 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000372 |
Стан | працуе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1844 годзе ў в. Дубна Мастоўскага раёна, трохпрастольная. Знаходзіцца ў заходняй частцы паселішча. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Некалі на беразе Нёмана існавала драўляная царква, якую знесла паводкай. Было вырашана будаваць новы храм.
Царква пабудавана ў 1844 годзе з цэглы. Храм асвечаны ў 1850 годзе епіскапам брэсцкім Ігнаціем і з таго часу бесперапынна дзейнічае. У 1864 годзе рэканструяваны архітэктарам В. Міхаэлісам.
Плошча царквы 720 м², а ўмяшчальнасць 3000 чалавек. Паводле легенды, царква ў Дубне была пабудавана італьянскімі архітэктарамі дзякуючы памылцы. Праект ствараўся для горада Дубна (Украіна) як велічны храм, разлічаны на шматлікую паству. Аднак будаўнікі пераблыталі і ўзвялі яго ў аднайменнай вёсачцы, якая налічвала ўсяго некалькі дзясяткаў двароў[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Па аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — цэнтральна-сіметрычны чатырохстоўпны пяцікупальны храм. Асноўны кубападобны аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам і завершаны цыбулепадобнымі купаламі. Асноўны аб’ём па вуглах фланкіруюць чатыры вежы-званіцы. Дамінуючы элемент кампазіцыі — галоўны светлавы барабан. Вышыня цэнтральнага купала 35 м. Адметная рыса інтэр’еру — вузкая галерэя хораў, якая апяразвае ўсходнюю, паўднёвую і паўночную сцены. Значна павышаная салея (узвышэнне падлогі перад іканастасам) у алтарнай частцы ўтварае два клірасы, злучаныя з усходу парай вежаў-званіц. У пластыцы храма выкарыстаныя рысы класіцызму (ордэрная сістэма, трохвугольныя франтоны на ўсіх фасадах, парапеты і інш.) і старажытнарускай архітэктуры (кілепадобныя нішы, цыбулепадобныя купалы).
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]Малітоўная зала павялічана адкрытым купальным светлавым барабанам, які падтрымліваецца вуглавымі парусамі. Інтэр’ер упрыгожаны манументальна-дэкаратыўнай фрэскавай размалёўкай. Апсіда вылучана трох’ярусным драўляным іканастасам-паўратондай (царскія вароты пачатку XIX ст. прывезены з в. Кустоўка). Такі ж іканастас размешчаны ў правым прыдзеле. Асабліва шануюцца абразы XIX ст. «Святы Мікалай», «Святы Георгій» і «Іаан Багаслоў».
Зноскі
- ↑ planetabelarus.by(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2022. Праверана 29 жніўня 2022.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Мікалаеўская царква (Дубна)
- Свята-Мікалаеўская царква (Дубна) на сайце Radzima.org
- Свята-Мікалаеўская царква (Дубна) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Мікалаеўская царква (Дубна) на сайце «Архіварта»